web analytics
Выклікаюць для размовы на тэму «Чаму ваш тэлефон знаходзіўся ў раёне плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году»? » За правы чалавека

Выклікаюць для размовы на тэму «Чаму ваш тэлефон знаходзіўся ў раёне плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году»?

11060102.jpg

1. У тым выпадку, калі Вас выклікаюць для «гутаркі» ў праваахоўныя ворганы, зьвяртаем Вашу ўвагу, што паводле арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «ніхто не павінен прымушацца да сьведчаньня і тлумачэньняў супраць самога сябе, чальцоў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў. Довады, атрыманыя з парушэньнем закону, ня маюць юрыдычнай сілы».

Пад чальцамі сям’і разумеюцца блізкія сваякі, іншыя сваякі, непрацаздольныя ўтрыманцы і іншыя асобы, якія жывуць супольна і вядуць агульную гаспадарку з пацярпелым або асобай, што зьдзейсьніла злачынства. Пад блізкімі сваякамі - бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, муж (жонка) пацярпелага або асобы, якая зьдзейсьніла злачынства, або тыя ж сваякі мужа ці жонкі пацярпелага або асобы, што зьдзейсьніла злачынства (ч. 2 ст. 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Такім чынам, Вы маеце права ня сьведчыць супраць самога сябе, сваіх блізкіх сваякоў, чальцоў сям’і.

Зьвяртаем Вашу ўвагу, што паводле ч. 2 арт. 217 КПК «асоба, выкліканая на допыт у якасьці пацярпелага ці сьведкі, папярэджваецца пра крымінальную адказнасьць за адмову ці ўхіленьне ад сьведчаньня і за сьвядома лжывыя сьведчаньні».

Асобы ж, у якіх адбіраюцца тлумачэньні, пра такую адказнасьць не папярэджваюцца і ў іх, адпаведна, названая падпіска не адбіраецца.

Такім чынам, грамадзянін, якога выклікалі для «гутаркі», а не для допыту, мае права цалкам адмовіцца ад тлумачэньня. Апроч таго, допыт сьведкі (падазраванага) афармляецца пратаколам допыту сьведкі (падазраванага), а «гутарка» - тлумачэньнямі.

У кожным з двух выпадкаў Вы маеце права азнаёміцца са зьместам адпаведнага дакумэнту, прачытаць яго ўслых, зрабіць свае заўвагі, закрэсьліць словы (фразы), зь якімі Вы ня згодны, зрабіць выпраўленьні і засьведчыць іх сваім подпісам.

Уважліва чытайце ўсё тое, што падпісваеце!

Забараняецца прымус да сьведчаньня і тлумачэньня шляхам гвалту, пагроз і іншых незаконных мер (ч. 3 арт. 18 КПК).

2. У тым выпадку, калі Вы ўсё ж вырашылі пайсьці на гутарку, Вы можаце скарыстацца арт. 62 Канстытуцыі, паводле якога «кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў кожны момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных ворганах, ворганах мясцовага кіраваньня, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадзкіх зьяднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў».

Характэрна, што паказаная норма шырыцца на ўсіх асобаў, у тым ліку асобаў, прызнаных сьведкамі.

3. Канстытуцыя (арт. 30) гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права вольна перасоўвацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесьперашкодна вяртацца зваротна, а таксама права на абарону ад незаконнага ўмяшаньня ў іх асабістае жыцьцё, у тым ліку ад замаху на таямніцу іх допісаў, тэлефонных і іншых паведамленьняў, на іх гонар і годнасьць (арт. 30).

4. Дадатковую інфармацыю Вы можаце атрымаць, зьвярнуўшыся па тэлефонах у г. Менску: 222-48-00, 222-48-01.

Крыніца: Беларускі Хэльсінскі Камітэт