web analytics
Тыднёвы агляд пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі (9-15 траўня) » За правы чалавека

Тыднёвы агляд пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі (9-15 траўня)

На мінулым тыдні ў Менску судзілі рэкордную колькасьць удзельнікаў Плошчы – 27 чалавек. Вынесены першы прысуд па крымінальнай справе па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых непарадкаў – экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў пакараны пазбаўленьнем волі ў калёніі ўзмоцьненага рэжыму тэрмінам на 5 гадоў. Іншыя ўдзельнікі пасьлявыбарчага мітынгу, якіх судзілі разам з палітыкам, асуджаныя: Алег Гнедчык – на 3,5 гады, Ільля Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Уладзімер Яроменак – на 3 гады калёніі ўзмоцьненага рэжыму. Па тры гады калёніі строгага рэжыму за ўдзел у масавых непарадках 19 сьнежня атрымалі Сяргей Казакоў, Віталь Мацукевіч, Яўген Сакрэт і Ўладзімер Лобан, па тры з паловай – Дзьмітры Даронін і Алег Федаркевіч. Па-ранейшаму абмяжоўваецца свабода слова і асацыяцыяў, аказваецца адміністрацыйны ціск.

 

Палітычна матываваны крымінальны перасьлед

11 траўня ў судах Менску адначасова пачаліся адразу пяць судовых працэсаў над 27 удзельнікамі акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году.

У Ленінскім райсудзе пачаўся разгляд справаў былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса па абвінавачаньні іх у арганізацыі масавых непарадкаў, а таксама удзельнікаў акцыі Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзьмітрыя Буланава. Былі зачытаныя паказаньні адсутных на паседжаньні пацярпелых, у тым ліку намесьніка камандзіра палка міліцэйскага сьпецназу Кашталанава. У той жа час пісьмовымі дакумэнтальнымі крыніцамі траўмы міліцыянтаў, нібыта атрыманыя імі на Плошчы, у многіх выпадках не пацьвярджаюцца. Пасьля прагляду відэаматэрыялаў Класкоўскі заявіў пра мантаж стужкі ў КДБ.

11 траўня ў Завадзкім райсудзе пачаўся працэс над сустаршынём аргкамітэту па стварэньні партыі БХД і кіраўніком перадвыбарчага штабу В. Рымашэўскага Паўлам Севярынцам; журналісткай, жонкай А. Саньнікава Ірынай Халіп і кіраўніком перадвыбарчага штабу М. Статкевіча Сяргеем Марцалевым, абвінавачваемых у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК РБ). 13 траўня дзяржабвінаваўца запрасіў Севярынцу 3 гады абмежаваньня волі, Халіп і Марцалеву па 2 гады з адтэрміноўкай. Прысуд будзе абвешчаны 16 траўня. Судзьдзя Жанна Брысіна.

У Фрунзэнскім райсудзе працягваўся працэс па справах былых кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, сяброў штабу У. Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты, Сяргея Вазьняка і даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі. Яны абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх”, што караецца максымальным тэрмінам у тры гады.

12 траўня судзьдзя Маскоўскага райсуду Алена Шылько вынесла пакараньне удзельнікам Плошчы: Сяргею Казакову, Віталю Мацукевічу, Яўгену Сакрэту, Уладзімеру Лобану – па тры гады калёніі строгага рэжыму, Дзьмітрыю Дароніну і Алегу Федаркевічу – па тры з паловай гады. Усе яны прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў масавых непарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Праваабаронцы падрыхтавалі аналітычны агляд судовага працэсу і лічаць прысуд незаконным і палітычна матываваным, жорсткім і непрапарцыйным пакараньнем у параўнаньні са зьдзейсьненымі імі правапарушэньнямі, тым больш, што ў дзеяньнях Мацукевіча ўвогуле прысутнічаюць толькі прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня.

14 траўня ў Партызанскім райсудзе завяршыўся працэс супраць Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка. Судзьдзя Натальля Чацьвертакова абвясьціла прысуд: Саньнікаў атрымаў мінімальнае пакараньне па прад’яўленым яму артыкуле – ч. 1 арт. 293 КК РБ – пазбаўленьне волі ў калёніі ўзмоцьненага рэжыму на 5 гадоў; Гнедчык асуджаны на 3,5 гады, Васілевіч, Мірзаянаў і Яроменак – на 3 гады калёніі ўзмоцьненага рэжыму.

10 траўня адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі прафэсарам Іванам Куліковым, які зьняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Заводзкі райсуд сталіцы прызнаў загадчыка лябараторыі Інстытута энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” І. Кулікова вінаватым у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненым ў буйным памеры (ч. 3 арт. 201 КК РБ), і пакараў на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

Старшыня сьпецыяльнай рабочай групы Парляманцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Ута Цапф не змагла патрапіць на судовы працэс над экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам. 10 траўня яна даведалася пра адмову ў атрыманьні беларускай візы.

12 траўня абсалютная большасьць прысутных на пленарнай сэсіі ў Страсбургу эўрадэпутатаў прынялі чарговую рэзалюцыю па Беларусі. Эўрапарлямант зноў заклікаў Эўракамісію, Раду ЭС і Высокага прадстаўніка па замежнай палітыцы “пашырыць абмежавальныя захады супраць беларускага рэжыму, уключна з увядзеньнем кропкавых эканамічных санкцыяў”.

 

Затрыманьні і адміністрацыйныя пакараньні

Позна ўвечары 10 траўня ў менскім метро былі затрыманыя студэнткі ЭГУ Кацярына Клімко (пасьля 19.12 была арыштавана на 10 сутак) і Натальля Дрыленка. Міліцыянты з пункту аховы правапарадку на ст. м. “Кастрычніцкая” заявілі, што на дзяўчын будуць складацца пратаколы за нецэнзурную лаянку, аднак у 4 раніцы нечакана адпусьцілі.

12 траўня адзін з затрыманых напярэдадні ў Наваполацку актывістаў Віктар Калесьнік аштрафаваны на 2 б. в. (70 тыс. руб) за «нецэнзурную лаянку».

13 траўня ў Вілейцы адбыўся суд над мясцовым актывістам Валянцінам Суслам. За адмову здаць адбіткі пальцаў ён пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. руб). Пакараньне ў выглядзе штрафу старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васілю Палякову за адмову ад дактыляскапіі касацыйная інстанцыя таксама пакінула ў сіле.

13 траўня ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі затрымалі дэмакратычнага актывіста Ўладзімера Няпомняшчых ў адным з камэрцыйных банкаў, дзе ён стаяў у чарзе, каб набыць валюту. Прычынай затрыманьня сталі надпісы на майцы «За Беларусь без Лукашэнкі», і «Хватит, достал», а таксама значак з надпісам «Куплю нестабільную валюту».

14 траўня ў Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў Першамайскі РУУС намесьніка старшыні “Маладога Фронту” Міколу Дземідзенку. У чым яго абвінавацілі пакуль невядома, але актывіст да суду зьмешчаны ў ізалятар на Акрэсьціна.

Абмежаваньні свабоды слова

Карэспандэнт польскай «Газэты выборчай» Андрэй Пачобут пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Яму выстаўлена абвінавачаньне па двух артыкулах КК РБ: 368 (частка І) — «абраза» і 367 (частка І) — «паклёп» у адносінах да прэзыдэнта. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў. Ад 6 красавіка А. Пачобут утрымліваецца за кратамі.

10 траўня касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду адхіліла скаргу “Аўтарадыё”, у якой радыёстанцыя прасіла прызнаць несапраўдным судовае рашэньне ад 29 сакавіка. Тады Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні пра спыненьне вяшчаньня гэтай радыёстанцыі.

10 траўня Кастрычніцкі райсуд Віцебску на падставе двух адміністрацыйных пратаколаў пакараў рэгіянальнага журналіста Ўладзіслава Стараверава штрафам у сукупным памеры 25 б. в. (875 тыс. руб): 3 б. в. за нецэнзурную лаянку і 22 – за непадпарадкаваньне міліцыі падчас затрыманьня 26 красавіка. На судовы працэс журналіст адмовіўся ісьці, бо ня меў спадзеваў давесьці сваю рацыю ў судзе: судзьдзя Алеся Жарыкава не задаволіла хадайніцтва, каб паказалі відэазапіс, зроблены міліцэйскім апэратарам, ці былі факты правапарушэньня зь ягонага боку.

Справу па зыску Мінінфармацыі да «Нашай Нівы» прыпынілі: 11 траўня Вярхоўны гаспадарчы суд падчас папярэдняга паседжаньня па справе аб закрыцьці незалежнага выданьня “Наша Ніва” задаволіў хадайніцтва адказчыка пра перанос разгляду да моманту абскарджваньня трэйцяга папярэджаньня, вынесенага Міністэрствам інфармацыі газэце, што мае адбыцца 18 траўня.

На 17 траўня перанесена падрыхтоўчае судовае паседжаньне па пазове Мінінфармацыі да газэты “Народная Воля” ў сувязі з камандыроўкай юрыста, які будзе прадстаўляць у судзе інтарэсы незалежнага выданьня.

Больш за дзьвесьце подпісаў сабралі актывісты бабруйскай арганізацыі АГП пад патрабаваньнем спыніць перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Паводле кіраўніка партыйнай арганізацыі Віктара Бузінаева, сто семдзесят подпісаў ужо адпраўленыя заказным лістом міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму.

Магілёўская абласная пракуратура адмяніла папярэджаньне, якое было вынесена Крычаўскай раённай пракуратурай рэдактару незалежнай газэты “Вольны горад” Сяргею Няроўнаму.

 

Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

13 траўня падчас разгляду крымінальнай справы ў судзе экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў заявіў, што даваў паказаньні ў СІЗА КДБ пад катаваньнямі. Фактычна, ён паўтарыў тое, што казаў раней Алесь Міхалевіч: распраналі данага, ставілі на расьцяжку ля сьцяны, прымушалі прысядаць, нягледзячы на хворую нагу, людзі ў масках білі дручкамі па сьпіне, патарчакі, пазбаўленьне перапіскі і г.д. Падчас усіх допытаў аказваўся фізычны і псыхалягічны ціск.

Асуджаны Аляксандар Атрошчанкаў падчас сустрэчы з жонкай у калёніі “Віцьба-3″ таксама пацьвердзіў словы Алеся Міхалевіча пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА КДБ. “Менавіта пасьля выступу Міхалевіча катаваньні спыніліся. Магчыма, у КДБ спужаліся гэтага розгаласу», – мяркуе Дар’я Корсак. Таксама, паводле словаў палітвязьня, у якасьці псыхалягічнага ціску выкарыстоўвалі электрашокеры: пстрыкалі імі над вухам, каб спалохаць зьняволеных і атрымаць патрэбныя паказаньні.

 

Абмежаваньні права на свабоду асацыяцыяў

Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў ЖРЭА Савецкага раёну сталіцы аб высяленьні Партыі БНФ, грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, а таксама іх менскай гарадзкой і абласной структуры з офісу па адрасе пр-кт Машэрава, 8. Партыя арандавала гэтае памяшканьне з 1992 году.

“Праваабарончая хроніка”

Крыніца: Праваабарончы цэнтар “Вясна”