web analytics
Аляксандар Атрошчанкаў: Як я ехаў па этапе » За правы чалавека

Аляксандар Атрошчанкаў: Як я ехаў па этапе

Палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў дае рэкамэндацыі, як сабраць родных, калі іх адпраўляюць пасьля суду ў калёнію.

Сам Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, адбывае пакараньне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі «Віцьба-3». Па просьбе жонкі ён напісаў рэкамендацыі сваякам іншых вязьняў сумленьня, што ім трэба перадаць у СІЗА перад адпраўленьнем у калёнію. Тэкст ліста Дар’я Корсак перадала сайту charter97.org.

«Тут, як і ў многіх іншых сфэрах, існуе два супрацьлеглыя падыходы: арыштанскі і дылетанцкі. Дылетанцкі заключаецца ў тым, каб везьці з сабой 28 кяшэраў і ўвесь цыганскі табар. Мінусы гэтага падыходу ў тым, што гэта вельмі цяжка фізычна, акрамя таго, ручкі кяшэра ці рука, якой яго цягнеш, можа адарвацца ў самы непрыдатны момант: напрыклад, падчас спрынту з аўтазака ў «Сталыпін», які адбываецца ў цемры, дакладней, ў сьляпучым сьвятле пражэктара, брэху сабак і крыках канваіраў. Як ты разумееш, сабраць рассыпанае дабро ў такім становішчы, мякка кажучы, ніхто не дапаможа.

Акрамя таго, у вагоне знаходзісься ў купэ з 10-13 таварышамі па няшчасьці, якія таксама едуць са сваімі кяшэрамі, многія зь якіх ужо стаяць на галовах. Яшчэ адзін нямалазначны мінус такога падыходу ў тым, што даводзіцца прайсьці празь незьлічоную колькасьць шмонаў. У мяне, напрыклад, за 36 гадзін, якія прайшлі з моманту выезду з «амэрыканкі» да заезду ў карантын калёніі, іх адбылося ня памятаю колькі, але мінімум 6. Кожны раз усё вытрасаецца, высыпаецца, растрасаецца, прамацваюцца шоўчыкі і г.д. Г.зн. кожны раз трэба ўсё складаць па новай, кожны раз гэта ўводзіць арыштантаў ў стан, блізкі да гістэрыкі, бо час і месца абмежаваныя, а абстаноўка далёкая ад спакойнай, Акрамя таго, кожны шманаючы мае свой погляд і меркаваньне на тое, што можна, а што нельга, г.зн. на кожным шмоне нешта больш-менш правамерна не прапускаецца, што ніяк не дадае душэўных сіл. І гэта пры тым, што ўсе шмоны майго этапу, за выключэньнем «разьвітальнага» шмону на «амэрыканцы», былі, так бы мовіць, з чалавечым тварам, а канвой быў вельмі карэктным. Ну і ў выніку, нейкія рэчы не былі прапушчаныя ў калёнію. Карацей, я ехаў па такім падыходзе, і мне не спадабалася.

Другі падыход - арыштанскі. Нармальныя арыштанты едуць на этап у спартовым касьцюме і з маленькім кяшэрачкам ці нават невялікай спартовай сумкай, дзе акуратненька складзеныя цыгарэты, гарбата, пайка (сала, шакаляд, цукеркі, трохі ролтану), кіпяцільнік, зьмена бялізны. Ад сябе дадам некалькі плясмасавых місак, плясмасавы кубак, мінімум лекаў (аспірын, колдрэкс, анальгін, ну і тыя лекі, якія арыштант прымае штодня, калі прымае). На сабе лепш за ўсё мець спартовы касцюм. Г.зн. тое, што спатрэбіцца ў карантыне, астатняе можна абмяняць, пасьля таго як гіпатэтычны арыштант паднімецца ў атрад. Калі ён пражэрлівы, то ўсе рэчы лепш перадаць у рэчавых перадачах, і прадукты - у прадуктовых. Здаецца, усе рэкамендацыі. Ну так, забыўся. Галоўнае - слухаць усё, што кажа сам арыштант, і ня слухаць парадаў з боку, думаючы, што хтосьці ведае лепш за яго».

Крыніца: Хартыя ‘97