web analytics
Разгляд справы № 1604/2007 у Камітэце па правох чалавека ААН (Алена Залеская супраць Беларусі) » За правы чалавека

Разгляд справы № 1604/2007 у Камітэце па правох чалавека ААН (Алена Залеская супраць Беларусі)

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў ПГПП/C/101/D/1604/2007

Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох

Для службовага карыстаньня*
28 красавіка 2011 г.
Арыгінал: Ангельскі

Камітэт па правох чалавека

Сто першая сэсія


14 сакавіка - 1 красавіка 2011 г.


Пазыцыя

Зварот № 1604/2007

Пададзены: Аленай Залескай (не прадстаўленая адвакатам)

Мяркуемыя ахвяры: Аўтар

Дзяржава-ўдзельнік: Беларусь

Дата звароту: 8 лютага 2007 г. (першапачатковы зварот)

Спасылкі на дакумэнты: Правіла 97 пастановы Сьпецыяльнага дакладчыка, перададзенай Дзяржаўнаму боку 5 кастрычніка 2007 г. (у выглядзе дакумэнту ня выдадзена)

Дата прыняцьця пазыцыі: 28 сакавіка 2011 г.

Сутнасьць пытаньня: Перасьлед аўтара за распаўсюджваньне газэтаў і ўлётак на вуліцы

Працэдурныя пытаньні: Ступень абгрунтаванасьці прэтэнзіяў

Асноўныя пытаньні: Свабода выказваньня думак, права на распаўсюд інфармацыі, свабода мірных сходаў, забарона дыскрымінацыі

Артыкулы Пакту: часткі 2 і 3 артыкулу 19; артыкул 21, артыкул 26.

Артыкулы Факультатыўнага пратаколу: 2

28 сакавіка 2011 г. Камітэт па правох чалавека, у адпаведнасьці з часткай 4 артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу, прыняў прыкладзены тэкст у якасьці Пазыцыі Камітэту ў дачыненьні звароту № 1604/2007.

[Дадатак]

Дадатак

Пазыцыя Камітэту па правох чалавека на падставе часткі 4 артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох (сто першая сэсія)

адносна

Звароту № 1604/2007**,

Пададзенага: Аленай Залескай (не прадстаўленая адвакатам)

Мяркуемыя ахвяры: Аўтар

Дзяржава-ўдзельнік: Беларусь

Дата звароту: 8 лютага 2007 г. (першапачатковы зварот)

Камітэт па правох чалавека, дзеючы ў адпаведнасьці з артыкулам 28 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох,

На паседжаньні 28 сакавіка 2011 г.,

Завяршыўшы разгляд звароту № 1604/2007, пададзенага ў Камітэт па правох чалавека спадарыняй Аленай Залескай, згодна з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох,

Беручы пад увагу ўсе матэрыялы, пададзеныя ў пісьмовым выглядзе аўтарам і дзяржавай-удзельнікам,

Прымае наступнае:

Пазыцыя ў адпаведнасьці з часткай 4 артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу

1. Аўтарам звароту ад 8 лютага 2007 г. ёсьць спадарыня Алена Залеская, грамадзянка Ўкраіны, 1932 году нараджэньня. Яна сьцьвярджае, што сталася ахвярай парушэньня з боку Беларусі1 ейных правоў паводле артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Аўтар непрадстаўленая.

Факты перасьледу паводле аўтара звароту

2.1 27 ліпеня 2006 г. аўтар, разам зь дзьвюма іншымі асобамі, распаўсюджвала асобнікі афіцыйна зарэгістраваных газэтаў “Товарищ” (”Таварыш”), “Народная воля” і інфармацыйныя ўлёткі мінакам на ходніках гораду Віцебску. Неўзабаве яны былі затрыманыя і дастаўленыя ў пастарунак - у Раённы аддзел унутраных справаў Кастрычніцкага раёну Віцебску, дзе на іх быў складзены пратакол аб зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня паводле часткі 1 артыкулу 167 Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях2. Аўтара абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня вулічных шэсьцяў. 28 Ліпеня 2006 г. Віцебскім раённым судом яна была аштрафаваная на 620 000 рублёў.

2.2 14 жніўня 2006 г. аўтар абскардзіла пастанову Віцебскага раённага суду ў Віцебскім абласным судзе, які 20 верасьня 2006 г. адхіліў апэляцыю. 25 верасьня 2006 г. , яна падала апэляцыю ў Вярхоўны суд, які пакінуў у сіле пастанову Віцебскага абласнога суду 10 лістапада 2006 г.

2.3 Аўтар сьцьвярджае, што яна вычарпала ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны.

Скарга

3.1 Аўтар сьцьвярджае, што дзяржава-ўдзельнік парушыла ейнае права на распаўсюд інфармацыі, а таксама права грамадзянаў на атрымліваньне інфармацыі, што гарантуецца артыкулам 19 Пакту.

3.2 Таксама яна сьцвярджае, што суд ня здолеў даказаць, нібыта 27 ліпеня 2006 г. яна арганізавала і зладзіла вулічнае шэсьце ад плошчы Свабоды да плошчы Леніна ў горадзе Віцебску. Шпацыр па ходніках траіх чалавек і распаўсюджваньне імі афіцыйна зарэгістраванай газэты «Товарищ» («Таварыш») - дзейнасьць, на якую яны мелі пісьмовы дазвол3, - і іншых друкаваных матэрыялаў (улётак), легальнасьць якіх не была аспрэчаная ў судзе, ня можа разглядацца як арганізаванае масавае мерапрымства.

3.3 Аўтар настойвае, што падчас распаўсюду яна і двое іншых асобаў не выстаўлялі якіх-кольвек сьцягоў, плякатаў або іншых агітацыйных матэрыялаў, як паказана на відэазапісу, пададзеным міліцыяй дзеля доказу ейнай віны. Яе дзеяньні былі памылкова кваліфікаваныя як арганізаванае масавае мерапрыемства.

3.4 Аўтар таксама пацьвярджае, што не зьвярталася да кампэтэнтных ворганаў па дазвол на арганізацыю масавага мерапрыемства, як таго патрабуе закон, бо ня мела намеру арганізаваць гэткае мерапрыемства. Распаўсюджваньне друкаваных матэрыялаў доўжылася цягам ня больш як дзесяці хвілінаў да арышту, і ейныя дзеяньні не парушылі правы ці свабоды іншых асобаў, ды не спрычыніліся да шкоды маёмасьці грамадзянаў ці муніцыпальнай уласнасьці. Яна лічыць, што пастанова суду была неабгрунтаванай, несправядлівай і жорсткай, і адзначае, што сума накладзенага на яе штрафу эквівалентна памеру ейнай пэнсіі за два месяцы.

3.5 На думку аўтара, улады не падалі ніякіх фактаў, што выявілі б парушэньне дзяржаўнай бясьпекі ці грамадзкага ладу падчас распаўсюду друкаваных матэрыялаў і тым самым пацьвердзілі яго мірны характар. Яны не забясьпечылі ніякіх дакумэнтальных сьведчаньняў таго, што існавала пагроза жыцьцю або здароўю грамадзянаў, ці іх маралі, або што парушаліся іхныя правы і свабоды. Таму аўтар сьцьвярджае, што дзяржавай-удзельнікам было парушана таксама яе права і на мірныя сходы, забясьпечанае артыкулам 21 Пакту.

Заўвагі дзяржавы-ўдзельніка ў дачыненьні прымальнасьці або па сутнасьці

4.1 2 траўня 2008 г. дзяржава-ўдзельнік падала свае заўвагі ў дачыненьні прымальнасьці і па сутнасьці звароту. Яна пацьвярджае, што ў адносінах аўтара 27 ліпеня 2006 г. быў складзены пратакол аб зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня паводле часткі 1 артыкулу 167 Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Згодна з пратаколам, 27 ліпеня а 18:10 аўтар зарганізавала несанкцыянаванае масавае мерапрыемства – вулічнае шэсьце групы грамадзян, што рухаліся ад плошчы Свабоды да вуліцы Леніна ў Віцебску з мэтаю публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных перакананьняў (мерапрыемства суправаджалася распаўсюдам інфармацыйных улётак). Падчас допыту ў міліцыі аўтар патлумачыла, што як сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі і старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі яна атрымала ліст ад Партыі «Руская нацыянальная еднасьць» («Русское Национальное Единство»), у якім зьмяшчаўся заклік да нацыянальнай варожасьці, ды вырашыла адказаць на гэты ліст праз распаўсюд улётак сярод жыхароў Віцебску.

4.2 Дзяржава-ўдзельнік таксама адзначае, што падобныя пратаколы былі складзеныя ў дачыненьні дзьвюх іншых асобаў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве. 27 ліпеня 2006 г. а 18:10 аўтар разам зь дзьвюма іншымі асобамі арганізавала несанкцыянавае вулічнае шэсьце ад плошчы Свабоды да вуліцы Леніна з распаўсюдам друкаваных матэрыялаў, газэты «Народная воля» і ўлётак «За нашу, за вашу свабоду». У адпаведнасьці з пратаколам асабістага вобшуку, у аўтара было знойдзена трынаццаць асобнікаў газэты «Народная воля», недзе сто асобнікаў газэты «Товарищ» і каля двухсот інфармацыйных улётак.

4.3 28 Ліпеня 2006 г. пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні былі разгледжаныя Віцебскім раённым судом. У ходзе судовых слуханьняў аўтар не прызнала сябе вінаватай і заявіла, што яе рух па ходніках і распаўсюджваньне газэтаў і ўлётак мінакам ня могуць разглядацца ў якасьці вулічнага шэсьця. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што аўтар і дзьве іншыя асобы шпацыравалі разам па вуліцы Леніна, раздаючы мінакам улёткі і газэту «Товарищ», і тым прыцягнулі іх увагу. Яны таксама паведамілі суду, што гарадзкім выканаўчым камітэтам не было атрымана ніякай пісьмовай заявы аб правядзеньні 27 ліпеня 2006 г. вулічнага шэсьця ад плошчы Свабоды да плошчы Леніна. Відэазапіс згаданых вышэй падзеяў быў прадстаўлены ў судзе.

4.4 Аўтар і дзьве іншыя асобы былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня вулічнага шэсьця, як гэта прадугледжана ў частцы 1 артыкулу 167 Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях, і пакараныя штрафам у памеры дваццаць базавых велічынь (620 000 беларускіх рублёў). Суд прызнаў, што аўтар ёсьць арганізатарам несанкцыянаванага вулічнага шэсьця. У рамках нагляднага судовага разьбіральніцтва справа была разгледжаная Віцебскім абласным судом і Вярхоўным судом Беларусі ў кастрычніку 2006 г. і лістападзе 2006 г. адпаведна. Пастанова суду першай інстанцыі была пацьверджаная. Сп-ня Залеская не падавала скаргаў у Віцебскую абласную пракуратуру. Тым ня менш, 16 жніўня 2006 г. яна накіравала скаргу ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну Віцебску, якая была вернутая аўтару 21 жніўня 2006 г. з-за нявыплаты дзяржаўнай пошліны.

4.5 Сьцверджаньне аўтара аб тым, што адміністрацыйны штраф за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў зьяўляецца парушэньнем ейнага права на свабодны распаўсюд інфармацыі, прадугледжанага ў артыкуле 34 Канстытуцыі4, ёсьць безгрунтоўным. Гэта даказвае, што права на свабодны распаўсюд інфармацыі ў Беларусі выконваецца ў поўнай меры. Законна накладзенае на яе спагнаньне за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў аўтар неабгрунтавана спрабуе выдаць за парушэньне яшчэ аднаго зь яе канстытуцыйных правоў. Аўтару неаднаразова тлумачылася, што распаўсюд друкаваных матэрыялаў падчас вулічнага шэсьця і, тым самым, пашырэньне інфармацыі не выкарыстоўвалася ў якасьці доказу зьдзяйсьненьня ёю адміністрацыйнага правапарушэньня. Аўтар таксама намагалася аспрэчыць прынятую судом ацэнку фактычных акалічнасьцяў ейнай справы і навязаць сваё ўласнае вызначэньне тэрміну «вулічнае шэсьце». У сувязі з гэтым дзяржава-ўдзельнік нагадвае, што прававыя нормы, а таксама ацэнкі абставінаў справаў - гэта пытаньне сувэрэнных правоў кожнай дзяржавы, і тым самым яно выходзіць за рамкі Пакту. Аўтар лічыць, што пастанова суду аб накладаньні на яе штрафу ў суме 620 000 рублёў зьяўляецца суворай, беручы пад увагу памер ейнай пэнсіі. Аднак гэта мінімальная сума, усталяваная законам, і падчас разьбіральніцтва былі ўлічаныя ўсе акалічнасьці, на якія зьвяртала ўвагу аўтар.

Камэнтары аўтара на заўвагі дзяржавы-ўдзельніка

5.1 У лісьце ад 17 ліпеня 2008 г. аўтар нагадвае, што мэта ейнага звароту ў Камітэт па правох чалавека - гэта спроба аднавіць права беларускіх грамадзян на свабодныя распаўсюд і атрымліваньне інфармацыі, гарантаванае беларускай Канстытуцыяй і іншымі законамі, а таксама міжнароднымі дамовамі, падпісанымі Беларусьсю як дзяржавай-удзельнікам. Аўтар пацьвярджае інфармацыю дзяржавы-ўдзельніка пра яе затрыманьне 27 ліпеня 2006 г., прад’яўленьне як вынік абвінавачаньня ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня вулічных шэсьцяў, складаньне пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў адпаведнасьці з часткай 1 артыкулу 167 Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама накладаньне штрафу ў памеры 620 000 рублёў.

5.2 Далей аўтар адзначае, што цягам больш як 10-ці гадоў яна зьяўлялася старшынёй гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі і ведае парадак арганізацыі і правядзеньня мітынгаў, вулічных шэсьцяў і пікетаў. Яна таксама сьцвярджае, што ёй вядома пра пакараньне, прадугледжанае за парушэньне Закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (далей Закон «Аб масавых мерапрыемствах»), і што яна заўсёды лічыла сябе законапаслухмяным грамадзянінам. Тое, што адбылося 27 ліпеня 2006 г., не меркавалася як масавае мерапрыемства. Было толькі тое, што мінакам раздавалі афіцыйна зарэгістраваныя газэты «Народная воля», «Товарищ» і інфармацыйныя ўлёткі. З гэтай прычыны яна не зьвярталася да кампэтэнтных ворганаў па дазвол на правядзеньне арганізаванага масавага мерапрыемства, як таго патрабуе закон. Цягам разьбіральніцтва было ўстаноўлена, што газэты і ўлёткі не зьмяшчалі інфармацыю, якая парушала б правы ці наносіла б шкоду рэпутацыі іншых грамадзян. Яна таксама заяўляе, што матэрыялы, якія распаўсюджваліся, не выдавалі дзяржаўных сакрэтаў і не ўтрымлівалі заклікаў да парушэньня грамадзкага ладу або да нанясеньня шкоды здароўю ці маралі насельніцтва. Гэты факт не аспрэчваецца беларускімі ўладамі ў іх заўвагах у дачыненьні прымальнасьці і па сутнасьці. Такім чынам, яна сцвярджае, што не было ніякіх падставаў, прадугледжаных беларускім заканадаўствам, абмяжоўваць права на вольны распаўсюд інфармацыі, якія былі б прымальнымі па яе справе.

5.3 Аўтар таксама спасылаецца на артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі, які абвяшчае, што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных ворганаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцьці, стане навакольнага асяродзьдзя. Яна адзначае, што дзяржава зьяўляецца гарантам рэалізацыі гэтага права, але супрацоўнікі міліцыі як прадстаўнікі дзяржавы сваімі незаконнымі дзеяньнямі перашкодзілі ёй рэалізаваць сваё права на свабоду вольна распаўсюджваць інфармацыю і права грамадзян атрымліваць інфармацыю.

5.4 Далей аўтар зьвяртаецца да заявы дзяржавы-ўдзельніка пра тое, што яна арганізавала і правяла разам зь дзьвюма іншымі асобамі несанкцыянаванае вулічнае шэсьце. Яна адзначае, што Закон «Аб масавых мерапрыемтсвах» не вызначае тэрміну «масавае мерапрыемства», і таму ўлады памылкова кваліфікавалі падзеі 27 ліпеня 2006 г. у якасьці масавага мерапрыемства. Наконт гэтага пытаньня закон ёсьць неадназначным і ня мае яснасьці, а гэта пакідае месца для памылак, якая і адбылася ў ейным выпадку. На яе думку, нельга лічыць масавым вулічным шэсьцем шпацыр трох чалавек па ходніках. Тым ня менш, менавіта гэтак кваліфікавалі яго міліцыя і судовая ўлада. Аўтар паўтарае сваю заяву, што яна ёсьць ахвярай парушэньня артыкулу 19 Пакту.

5.5. Аўтар згадвае іншыя падзеі, што мелі месца ў 2007 і 2008 гг., у выніку якіх яна была аштрафаваная адпаведна на 62 000 і 700 000 беларускіх рублёў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (пікетах).5

Далейшыя заўвагі дзяржавы-ўдзельніка

6.1 У пададзеным 12 студзеня 2009 г. тлумачэньні дзяржава-ўдзельнік нагадвае, што права на свабоду выказваньня думак гарантуецца грамадзянам дзяржаваў - удзельнікаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, часткай 2 артыкулу 19. Яна заяўляе, што Рэспубліка Беларусь, як дзяржава - удзельнік Пакту, у поўнай меры прызнае і выконвае свае абавязальніцтвы па Пакту, і спасылаецца на артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе кожнаму свабоду поглядаў, перакананняў i iх свабоднае выказванне. Апроч таго, яна спасылаецца на артыкул 26 Пакту і сцвярджае, што грамадзяне Беларусі маюць, у дадатак да іншых правоў, канстытуцыйнае права на судовую абарону, якая гарантуе кожнаму свабодны доступ да судоў і роўнасьць усіх людзей перад законам. Такім чынам дзяржава-ўдзельнік настойвае, што беларускае заканадаўства забясьпечвае ўсе неабходныя ўмовы для ажыцьцяўленьня права грамадзянаў на свабоду выказваньня думак і свабоду атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Далей яна сьцьвярджае, што спадарыня Залеская парушыла прававыя палажэньні, якія зацьвярджаюць парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, і незаконна намагалася адстойваць свае правы ў адпаведнасьці з артыкулам 19 Пакту і артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

6.2 Што датычыць згадкі аўтара пра падзеі, што мелі месца ў 2007 і 2008 гг., дзяржава-ўдзельнік адзначае, што ані Факультатыўны пратакол, ані працэдурныя правілы Камітэту па правох чалавека не зьмяшчаюць палажэньняў, якія б прадугледжвалі разгляд новых довадаў, што грунтуюцца на фактах і заявах, не зьвязаных зь першапачатковым зваротам.

Дадатковыя камэнтары аўтара

7.1 12 Сакавіка 2009 г. аўтар падала свае далейшыя камэнтары на заўвагі дзяржавы-ўдзельніка, дзе паўтарае, што былі парушаныя артыкулы 19 і 21 Пакту. Яна пацьвярджае слушнасьць заявы дзяржавы-ўдзельніка аб тым, што парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў выкладзены ў нацыянальным заканадаўстве, і што арганізатары гэткіх мерапрыемстваў павінны падпарадкоўвацца пэўным патрабаваньням, каб атрымаць дазвол на іх правядзеньне. Аднак яна не зьвярталася да гарадзкіх уладаў па дазвол, бо, на яе думку, «масавым» мерапрыемствам акцыя не зьяўлялася. Закон «Аб масавых мерапрыемствах» не вызначае якога-небудзь колькаснага парогу, які б дапамагаў грамадзянам, міліцыі ці судам высьвятляць, ці носіць пэўнае мерапрыемтсва «масавы» характар, або не. Таму, калі плянавалі распаўсюд друкаваных матэрыялаў, ня думалі, што тры чалавекі зладзяць «масавае» мерапрыемства. Далей яна сьцьвярджае, што дзяржава-ўдзельнік не падала ніякіх доказаў таго, што распаўсюджваньне газэтаў і ўлётак зьяўлялася вулічным шэсьцем.

7.2 Далей аўтар тлумачыць, што яшчэ адной прычынай, чаму яна не зьвярталася па дазвол да гарадзкіх уладаў, было існаваньне распараджэньня мясцовых уладаў, якое рэгулюе арганізацыю масавых мерапрыемстваў у горадзе Віцебску. Яна згадвае Пастанову № 820 гарадзкога выканаўчага камітэту «Аб парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе Віцебску» (далей Пастанова №. 820) і сьцвярджае, што гэтае рашэньне істотна абмяжоўвае права грамадзян у Віцебску на свабоду думак і перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, а таксама права на мірныя сходы. Гэтыя абмежаваньні ўзьнікаюць з-за: (1) прызначэньня канкрэтных месцаў, дзе можна арганізоўваць масавыя мерапрыемствы (толькі тры рэдка наведвальныя паркі ў якасьці магчымага месца іх правядзеньня); (2) неабходнасьці аплаты адмысловых службаў гораду (міліцыі, дворнікаў, хуткай дапамогі – усё гэта, на думку аўтара, павінна аплачвацца з гарадзкога бюджэту, сродкі ў які паступаюць з выплаты падаткаў); (3) немагчымасьці правядзеньня масавых мерапрыемстваў у сьвяты, памятныя і іншыя, вызначаныя ўладамі, знамянальныя дні. Гэтыя ўмовы супярэчаць артыкулу 19 Пакту.

Дадатковыя заўвагі дзяржавы-ўдзельніка

8.1 4 верасьня 2009 г. дзяржава-ўдзельнік падала свае далейшыя заўвагі. Яна спасылаецца на фармулёўку артыкулу 19 Пакту і сьцьвярджае, што частка 3 згаданага артыкулу накладвае на ўладальніка правоў адмысловыя абавязкі і адказнасьць, і таму права выказваньня думак можа пэўным чынам абмяжоўвацца, што павінна забясьпечвацца законам і зьяўляецца неабходным дзеля падтрыманьня правоў ці рэпутацыі іншых асобаў і дзеля абароны нацыянальнай бясьпекі або грамадзкага ладу, здароўя ці маралі насельніцтва. Гэтая ўмова адлюстраваная ў артыкуле 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які агаворвае, што абмежаваньне правоў i свабод асобы дапускаецца толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, у iнтарэсах нацыянальнай бясьпекi, грамадзкага парадку, абароны здароўя і маралi насельнiцтва, а таксама правоў i свабод iншых асоб. Артыкул 35 Канстытуцыі гарантуе свабоду сходаў, мiтынгаў, вулiчных шэсьцяў, дэманстрацыяў i пiкетаваньня, якiя не парушаюць правапарадак i правы iншых грамадзян. Парадак правядзеньня ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам. У сувязі з гэтым артыкул 6 Закону «Аб масавых мерапрыемствах» выразна абвяшчае, што менавіта кіраўнік мясцовага выканаўчага воргана ёсьць той асобай, якой належаць паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў датычна часу і месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паколькі, як таго патрабуе Пакт, забароны і правілы, што рэгулююць правядзеньне масавых мерапрыемстваў, знаходзяцца ў Канстытуцыі і законах, і паколькі Пастанова № 820 Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту была прынятая згодна з адпаведнымі палажэньнямі законаў, дзяржава-ўдзельнік не знаходзіць у згаданай вышэй пастанове парушэньня узятых на сябе міжнародных прававых абавязаньняў або парушэньня правоў грамадзян. Адпаведна, сьцьверджаньне аўтара пра тое, што Пастанова № 820 «Аб парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе Віцебску» абмяжоўвае права грамадзян у Віцебску на свабоду думак і перакананьняў і іх вольнае выказваньне, а таксама права на мірныя сходы, зьяўляецца безгрунтоўным.

8.2 Дзяржава-ўдзельнік таксама заяўляе, што артыкул 2 Закону «Аб масавых мерапрыемствах» дае азначэньне масавага мерапрыемства, як любога сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі, пікету або іншай падзеі масавага характару. Акцыя, арганізаваная аўтарам, кваліфікавалася кампэтэнтнымі ворганамі як вулічнае шэсьце, г. зн. арганізаваны масавы рух групы асобаў па ходніках або праезнай частцы вуліцы, праспэкту, плошчы з мэтай прыцягненьня ўвагі да нейкіх праблемаў, публічнага выказваньня пэўных грамадзка-палітычных перакананьняў або пратэсту. Паколькі закон не вызначае ніжняй мяжы колькасьці ўдзельнікаў, дзяржава-ўдзельнік лічыць, што права кваліфікаваць нейкую акцыю ці падзею як «масавае мерапрыемства» ёсьць прэрагатывай кампэтэнтных ворганаў дзяржавы, якія зыходзяць з канкрэтнай сытуацыі на месцы падзеяў. Аўтар цалкам праігнаравала патрабаваньні Закону і не падала ў мясцовы выканаўчы ворган заяўку на дазвол аб правядзеньні масавага мерапрыемства. Аўтар неаднаразова ўдзельнічала ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і таму заслужана прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці. У прыватнасці, 25 сакавіка 2008 г. яна была аштрафаваная за неаднаразовы ўдзел цягам году ў незаконных масавых мерапрыемствах, а менавіта ў пікетах. Паводле азначэньня, дадзенага ў Законе «Аб масавых мерапрыемствах», пікет – публічнае выказваньне грамадзянінам ці групай грамадзян сваіх грамадзка-палітычных, калектыўных, асабістых ці іншых інтарэсаў або свайго пратэсту (бяз шэсьця), у тым ліку праз галадоўку, у сувязі зь любымі праблемамі, з выкарыстаньнем або без выкарыстаньня плякатаў, транспарантаў ды іншых сродкаў. Дзяржава-ўдзельнік адзначае, што сьцверджаньне аўтара аб тым, што яе дзеяньні ў складзе групы з трох чалавек ня могуць лічыцца ўдзелам у масавым мерапрыемстве, зьўляецца яе асабістым меркаваньнем і грунтуецца на памылковым тлумачэньні палажэньняў Пакту і нацыянальнага заканадаўства.

Спрэчныя пытаньні і працэдура іх разгляду ў Камітэце

Разгляд пытаньня аб прымальнасьці

9.1 Перш як разглядаць якія-небудзь прэтэнзіі, зьмешчаныя ў звароце, Камітэт па правох чалавека павінен, у адпаведнасьці з правілам 93 сваіх працэдурных правілаў, вызначыць, ці зьяўляецца зварот прымальным паводле Факультатыўнага пратаколу да Пакту.

9.2 Камітэт адзначае, як таго патрабуе частка 2 (а) артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу, што такое ж самае пытаньне не разглядалася ў рамках якой-небудзь іншай працэдуры міжнароднага разьбіральніцтва або ўрэгуляваньня.

9.3 Датычна патрабаваньня, выкладзенага у частцы 2 (b) артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу, Камітэт прымае да ведама довад дзяржавы-ўдзельніка аб тым, што аўтар не падала скаргу на пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску (суд першай інстанцыі) у Віцебскую абласную пракуратуру, хаця дзяржава прызнала, што аўтарам падавалася скарга ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну Віцебску, якая была адхіленая з прычыны нявыплаты дзяржаўнай пошліны. Камітэт таксама адзначае, што аўтар зьвярнулася ў Вярхоўны суд, які пакінуў у сіле пастанову суду першай інстанцыі. У такіх абставінах Камітэт лічыць, што для разгляду звароту няма перашкодаў з пункту гледжаньня прымальнасьці, згодна з часткай 2 (b) артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу.

9.4 Камітэт лічыць, што патрабаваньні аўтара адносна артыкулу 19 і артыкулу 21 Пакту ёсьць дастаткова абгрунтаванымі для прымальнасьці, абвяшчае іх прымальнымі і распачынае іхны разгляд па сутнасьці.

Разгляд справы па сутнасьці

10.1 Камітэт па правох чалавека разабраў гэты зварот у сьвятле ўсёй атрыманай інфармацыі, у адпаведнасьці з часткай 1 артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу.

10.2 Камітэт прымае довад з боку аўтара аб тым, што было парушанае ейнае права на распаўсюджваньне інфармацыі, у адпаведнасьці з часткай 2 артыкулу 19, паколькі яе арыштавалі і пазьней аштрафавалі на 620 000 беларускіх рублёў (дваццаць базавых велічынь) за распаўсюд газэтаў і інфармацыйных улётак 27 ліпеня 2006 г. у Віцебску.

10.3 Камітэт таксама прымае да ведама аргумэнт аўтара пра тое, што Закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Рэспубліцы Беларусь ёсьць неадназначным і ня мае яснасьці, бо не дае выразнага азначэньня тэрміну «масавае мерапрыемства» і не ўстанаўлівае ніжняй мяжы колькасьці ўдзельнікаў, каб можна было кваліфікаваць мерапрыемтсва як «масавае». Дзяржава-ўдзельнік пацьвярджае гэты факт і заяўляе, што пытаньне аб прызнаньні той ці іншай падзеі ў якасьці «масавага» мерапрыемства кожнага разу павінна вырашацца кампэтэнтнымі дзяржаўнымі ворганамі.

10.4 Камітэт лічыць, што юрыдычнае пытаньне, якое стаіць перад ім, - гэта не пытаньне аб тым, павінны ці не павінны дзеяньні аўтара кваліфікавацца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з гледзішча законаў Беларусі, то бок яго задача не заключаюцца ў ацэнцы фактаў і доказаў, зробленых судамі дзяржавы-ўдзельніка, або ў інтэрпрэтацыі яе ўласнага ўнутранага заканадаўства. Хутчэй, ён закліканы вырашыць, ці зьяўляецца накладаньне штрафу раўназначным парушэньню артыкулу 19 Пакту. З матэрыялаў, пададзеных у Камітэт, высьвятляецца, што дзеяньні аўтара кваліфікавалася судом як удзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці, а не як «распаўсюд інфармацыі». На думку Камітэту, такія дзеяньні ўладаў, незалежна ад іх юрыдычнай кваліфікацыі, дэ-факта ёсьць раўназначнымі абмежаваньню правоў аўтара ў адпаведнасьці з часткай 2 артыкулу 19 Пакту.

10.5 Камітэт мусіць разгледзець, ці ёсьць абмежаваньні, накладзеныя ў дачыненьні права аўтара на свабоду выказваньня думак, апраўданымі на падставе якіх-небудзь крытэраў, выкладзеных у частцы 3 артыкулу 19. Камітэт адзначае, што ў дадзеным выпадку дзяржава-ўдзельнік толькі заяўляе, што ў дачыненьні права на свабоду выказваньня думак, гарантаванага часткай 2 артыкулу 19 Пакту, могуць прымяняцца абмежаваньні, прадугледжаныя законам (частка 3 артыкулу 19 Пакту і артыкул 32 Канстытуцыі Беларусі). Камітэт таксама адзначае, што дзяржава-ўдзельнік не аспрэчвае доваду аўтара, што газэты і ўлёткі, якія распаўсюджваліся, не зьмяшчалі інфармацыі, якая магла б нанесьці шкоду правам ці рэпутацыі іншых асобаў, не раскрывалі дзяржаўных сакрэтаў, не зьмяшчалі заклікаў да парушэньня грамадзкага парадку або да замаху на здароўе ці мараль насельніцтва. Апроч таго, дзяржава-ўдзельнік ня здолела прывесьці ніякіх канкрэтных падаставаў, якія рабілі б неабходнымі, у сэнсе часткі 3 артыкулу 19 Пакту, абмежаваньні, накладзеныя на дзейнасьць аўтара. Камітэт лічыць, што ў абставінах гэтай справы, штраф, накладзены на аўтара, не апраўданы ні па якіх з крытэраў, выкладзеных у частцы 3 артыкулу 19. Таму ён робіць выснову, што правы аўтара, замацаваныя часткай 2 артыкулу 19 Пакту, былі парушаныя6.

10.6 Датычна скаргі аўтара адносна артыкулу 21 Пакту, Камітэт лічыць, што дзяржава-ўдзельнік не змагла даказаць, што абмежаваньні, накладзеныя на аўтара, былі неабходнымі ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага ладу, аховы здароўя ці маралі насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых асобаў. Такім чынам, Камітэт робіць выснову, што выкладзеныя факты пацягнулі таксама парушэньне правоў аўтара паводле артыкулу 21 Пакту.

11. Камітэт па правох чалавека, дзеючы на падставе часткі 4 артыкулу 5 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, лічыць, што факты, якімі ён валодае, выяўляюць парушэньне правоў аўтара паводле часткі 2 артыкулу 19 і артыкулу 21 Пакту.

12. У адпаведнасьці з часткай 3 (а) артыкулу 2 Пакту, дзяржава-ўдзельнік абавязаная забясьпечыць аўтару эфэктыўны сродак прававой абароны, уключаючы адплату штрафу ў цяперашніх коштах і ўсе судовыя выдаткі, панесеныя аўтарам7, а таксама кампэнсацыю. Дзяржава-ўдзельнік таксама абавязаная прыняць захады, каб прадухіліць падобныя парушэньні ў будучыні.

13. Беручы пад увагу, што далучыўшыся да Факультатыўнага пратаколу, дзяржава-ўдзельнік прызнала кампэтэнцыю Камітэту прымаць рашэньні наконт таго, ці мела месца тое ці іншае парушэньне Пакту, і што, у адпаведнасьці з артыкулам 2 Пакту, дзяржава-ўдзельнік абавязаная забясьпечваць усім асобам, якія знаходзяцца ў межах яе тэрыторыі ці пад яе юрысдыкцыяй, прызнаныя ў Пакце правы, а таксама забясьпечваць эфэктыўныя і забясьпечаныя прававой санкцыяй сродкі прававой абароны ў выпадках, калі выяўляюцца парушэньні, Камітэт хацеў бы цягам 180 дзён атрымаць ад дзяржавы-ўдзельніка інфармацыю аб мерах, прынятых для практычнай рэалізацыі Пазыцыі Камітэту. Дзяржаве-удзельніку таксама прапануецца апублікаваць Пазыцыю Камітэту.

[Прынята на ангельскай, францускай і гішпанскай, арыгінальнай вэрсіяй зьяўляецца ангельскі тэкст. У далейшым будзе выдадзена таксама на арабскай, кітайскай і расейскай як частка гадавой справаздачы Камітэту Генэральнай Асамблеі.]


* Дазволена да абнародаваньня пастановай Камітэту па правох чалавека.

** У вывучэньні гэтага пытаньня ўдзельнічалі наступныя сябры Камітэту: Сп. Lazhari Bouzid, Сп-ня Christine Chanet, Сп. Cornelis Flinterman, Сп. Yuji Iwasawa, Сп-ня Helen Keller, Сп-ня Zonke Zanele Majodina, Сп-ня Iulia Motoc, Сп. Gerald L. Neuman, Сп. Michael O’Flaherty, Сп. Rafael Rivas Posada, Сэр Nigel Rodley, Сп. Fabian Omar Salvioli, Сп. Krister Thelin і Сп-ня Margo Waterval.

1 Факультатыўны пратакол уступіў у сілу ў Беларусі 30 сьнежня 1992 г.

2 Частка 1 артыкулу 167 Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях: «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня рэлігійных, спартовых, культурна-масавых ці іншых відовішчавых мерапрыемстваў, а таксама сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня».

3 Аўтар прыклаў копію пісьмовага дазволу, выдадзенага галоўным рэдактарам газэты «Товарищ».

4 Aртыкул 34 Канстытуцыі Беларусі абвяшчае: (1) Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных ворганаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцьці, стане навакольнага асяродзьдзя. (2) Дзяржаўныя ворганы, грамадзкія аб’яднаньні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. (3) Карыстаньне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасьці, асабістага і сямейнага жыцьця грамадзян і поўнага ажыцьцяўленьня імі сваіх правоў.

5 Гэтыя падзеі ня маюць непасрэднага дачыненьня да звароту.

6 Зварот № 907/2000, Сьвецік супраць Беларусі, Пазыцыя прынятая 8 ліпеня 2004 г., параграф 7.3;
Зварот № 1009/2001, Шчатко супраць Беларусі, Пазыцыя прынятая 11 ліпеня 2006 г., парагр. 7.5.

7 Гл. зварот № 780/1997, Лапцэвіч супраць Беларусі, Пазыцыя прынятая 13 красавіка 2000 г.


Пераклад на беларускую з ангельскага арыгіналу: © За Правы Чалавека

Hе зьяўляецца афіцыйным перакладам. Публікуецца ў інфармацыйных мэтах.