web analytics
Зьміцер Дашкевіч: Асаблівасьці перавыхаваньня ў беларускіх турмах » За правы чалавека

Зьміцер Дашкевіч: Асаблівасьці перавыхаваньня ў беларускіх турмах

Задача ў тым, каб кожнае імгненьне адчуваў ты, што ты раб, каторага толькі з ласкі Галоўнага рэжымніка кормяць пару разоў на дзень «палажняком». І ўсе гады, пакуль ты жарэш гэтую падачку, ты павінен ўбіваць у падкорку сваю, што каб мець да шлёмкі баланды яшчэ і костку, ты мусіш хадзіш на дыбачках і зашпільвацца на ўсе гузікі…

…Зэк рэдка калі правярае перадачу па сьпісе. Калі табе яе прыносяць, ты ўсхваляванымі рукамі, што трасуцца ад радасьці, хутка драпаеш пяць словаў, дату, подпіс і цягнеш скарб у сваю павуціну. Радасьць жа складаецца зь дзьвюх частак: пяшчотнае радасьці — ты напоўнены пачуцьцём удзячнасьці за клопат і вестку ад любімых, і галоднае радасьці — ты напоўнены пачуцьцём удзячнасьці за ежу. Тое, якая з частак радасьці пераважае ў агульнай эйфарыі, залежыць ад таго, колькі год сьніцца табе гусь у яблыках. Гэтым разам рукі ў мяне трэсьліся больш ад пяшчотнае радасьці, але, каб не даеў я раніцою Дзёніны гасьцінцы, пераважала б радасьць галодная. Бо для зэка, а перадусім зэка-злосьніка (злосна парушаючага ўсталяваны парадак адбыцца пакараньня), ежа — гэта адвечнае летуценьне і адвечная праблема.

У СІЗА, калі ты знаходзісься ў статусе падсьледчага і маеш права на безьлімітную атаварку і перадачу ў 30 кг штомесяц, з галадаморам сустракаесься рэдка, толькі калі сядзіш у вялікай хаце, дзе ўсе прадукты ў цябе хутка павыпрошваюць. У зоне ж голад — гэта дыягназ. Выключэньні здараюцца толькі тады, калі ты атрымаў перадачу і пару тыдняў вядзеш зь сябрамі разгульны лад жыцьця. Вось як я зь Дзёнем, патрапіўшы на ягонага «кабана». Увесь жа астатні час ты сядзіш на «палажняковай» пайцы.

У цывілізаванай краіне пазбаўленьне права хоць раз на дзень, але наесьціся, назвалі б катаваньнем, а ў нас гэта горда імянуюць «перавыхаваўчым працэсам». Гэты перавыхаваўчы працэс, каб на «агульным рэжыме» ты меў чатыры перадачы па 30 кг у год, а на «строгім» — дзьве. Каб ты мог атаварвацца ў зонаўскай крамцы на пару даляраў у месяц. І тое, будзеш мець ты на ўсё гэта права толькі тады, калі ходзіш перад гарантам рэжыму на дыбачках. Калі ж ты нешта недзе пікнуў, калі гузік не зашпіліў на кашулі, галодная сьмерць грукаецца ў твае дзьверы, часьцей за ўсё — дзьверы ізалятару, бо за кожную правіну перад рэжымам ты разьлічваесься перадачамі, атаваркаю, сустрэчамі з роднымі, а калі пазбавіць цябе ўжо няма чаго — едзеш у ШІЗА, на ізалятарскую баланду.

Вось такія асноўныя рысы «перавыхаваўчага працэсу», хаця і не сустракаў я яшчэ ніводнага, каго б гэткімі мэтадамі перавыхавалі. Відавочна, што эфэктыўнасьць такіх падыходаў разумеюць і рэжым утрымоўваючыя, але ні ў кога і не стаіць такой задачы: нешта людзкае выхаваць у чалавеку. Задача ў тым, каб кожнае імгненьне адчуваў ты, што ты раб, каторага толькі з ласкі Галоўнага рэжымніка кормяць пару разоў на дзень «палажняком». І ўсе гады, пакуль ты жарэш гэтую падачку, ты павінен ўбіваць у падкорку сваю, што каб мець да шлёмкі баланды яшчэ і костку, ты мусіш хадзіш на дыбачках і зашпільвацца на ўсе гузікі…

Урывак з апавяданьня «Чарвяк», напісанага Зьмітром Дашкевічам у 2012 годзе. Паводле слоў яго жонкі, Насты Палажанкі, яно хутка ўбачыць сьвет.
Крыніца: “Новы час”