web analytics
Папраўчая калёнія № 9 (Горкі) вачыма былога зьняволенага » За правы чалавека

Папраўчая калёнія № 9 (Горкі) вачыма былога зьняволенага

[Аўтар: адзін з былых вязьняў калёніі № 9, які выйшаў на свабоду ў 2012 г.
У публікацыі захаваны стыль арыгіналу]

Гэтая ўстанова з 90-х гадоў перапоўненая мінімум у тры разы. Неабходных паводле закону 2 м2 на чалавека няма. Няма ў атрадах бытавых памяшканьняў (сушылак, пакояў псыхаэмацыянальнай разгрузкі). У выніку псыхалягічная атмасфэра вельмі цяжкая.

Да 1998 году рэпрэсіі да асуджаных ажыцьцяўляліся з дапамогай закону (КК, КВК), часам і празьмернага ўжываньня закону. Шмат асуджаных накіроўвалася на турэмны рэжым, у ШЫЗА, ПКТ. Дабаўляліся тэрміны пакараньня.

Пасьля 1998-га, калі адбыўся бунт, пэўныя папраўчыя функцыі ўстановы паступова былі перакладзеныя на асуджаных – мясцовых аўтарытэтаў. Зь іх дапамогай начальнік установы Кавалёў А. М. надумаў падтрымліваць унутраны парадак.

Харчаваньне ўзмоцненае – пасьля выбуху сухотаў. Але ж часам зьнікаюць на доўгі тэрмін тыя ці іншыя належныя прадукты без аніякай замены.

Аплата працы асуджаных мізэрная. Большая частка кантынгенту ня здольная забясьпечыць сябе рэчамі першай неабходнасьці, не кажучы аб аплаце пошліны на скаргу.

Скаржнікі – пад пільным вокам рэжымна-апэратыўнага аддзелу. Шмат папер марудзяцца.

Царквы няма. Ёсьць пакойчык, куды раз на тыдзень прыходзіць праваслаўны поп. Прадстаўнікі іншых канфэсій не дапускаюцца, хаця сярод асуджаных ёсьць пратэстанты.

З маўклівай згоды супрацоўнікаў адміністрацыі адбываецца прэсінг з боку мясцовых аўтарытэтаў у дачыненьні да нязгодных асуджаных. У нязгодныя трапляюць праз здольнасьць самастойна думаць, абскарджваць тыя ці іншыя рашэньні, а часам і па надуманых прычынах.

Адміністрацыяй дазволена «аўтарытэтам» хадзіць у любую частку жыльлёвай зоны, каб зьбіваць нязгодных і прычэпліваць ярлыкі. Дзейнасьць «аўтарытэтаў» скаардынаваная з начальнікам апэратыўнага аддзелу Петраковічам С. Н.

Каб раскатаць нязгоднага па-поўнай, яго робяць парушальнікам рэжыму ўтрыманьня. Распаўсюджаны спосаб – нарад на прыборку санвузла, менавіта прыбіральні. Але ж адміністрацыяй усталявана, што гэтую працу выконваюць асуджаныя зь нізкім статусам, і зрабіць яе не дазваляе чалавечая годнасьць. За адмову ад нараду – ШЫЗА ці ПКТ. Там з дазволу ДПНК нязгоднага садзяць у прэс-хату, дзе знаходзяцца адкормленыя на розных прывілеях аўтарытэты-паліцаі. Адразу пачынаецца зьбіцьцё нязгоднага і моцны псыхалягічны ціск. Паліцаі добра інфармаваныя Петраковічам наконт нават інтымных момантаў жыцьця нязгоднага, зьвесткі пра якія сталі вядомымі зь ліставаньня або проста з плётак асуджаных. Б’юць рукамі і нагамі, ручніком, у які завязанае мыла. Днявальны, які жыве ў ПКТ, робіць радыё на поўны гук.

3 30.06.2011 па 3.07.2011 зьдзяйсьнялася жорсткае зьбіцьцё нязгодных у камэрах №№ 7, 8. Прычым у 8-ю паліцаі былі пераведзеныя з дапамогай днявальнага Кротава і ДПНК Гарляка з 7-й. Паліцаі з 7-й і 8-й камэр: Бандарэнка «Батон», «Ліс», Магіла (прозьвішча), «Міцяй». Нязгодныя – 7-я: Прыбораў В. В., Какошка, Ладноў Р. Г., Петрусенка А. А.; 8-я: Кадачнікаў, «Адвакат», Тыпан. Непасрэдна ўсё гэта бачылі і чулі супрацоўнікі адміністрацыі: Філіпцоў, Гарляк, Бучацкі, Бондараў С. І. (начальнік атраду № 2), Баброў, зь якіх тры ДПНК, адзін рэжымнік і адзін кіраўнік атраду.

Цягам 30.06.2011 – 5.07.2011 пацярпелі каля 10-ці нязгодных. Петраковіч прапхнуў Кавалёву на подпіс сьпіс гэтых асуджаных, якія, на думку «Сярогі» (Петраковіч), рыхтавалі ў зоне плошчу з нагоды прыезду ў зону Дашкевіча. Подпіс Кавалёва азначае старт незаконным рэпрэсіям. Мэдычная частка ўстановы строга прытрымліваецца загадаў рэжымна-апэратыўнага аддзелу.

Абвешчаная ў 2010 годзе гуманізацыя насамрэч працуе ў адваротны бок. У пазоў залічаюцца любыя недаплаты асуджанага, не зьвязаныя непасрэдна са шкодай, прычыненай злачынствам. У выніку асуджаны пазбаўляецца магчымасьці атаварыцца на вызначаныя яму законам грошы – сума значна абразаецца. Зьніжэньне максымальнага тэрміну знаходжаньня ў ШЫЗА – з 15 да 10 сутак – ніяк не перашкаджае адміністрацыі трымаць асуджанага ў ШЫЗА па некалькі месяцаў. Тэлефанаваць даюць тры разы на месяц, хаця ў межах гуманізацыі колькасьць званкоў ня ўлічваецца. Дарэчы, паліцаі тэлефануюць неабмежавана. У выніку атрымліваецца не гуманізацыя, а гуманны генацыд, або, як патлумачыў адзін супрацоўнік Віцебскага СІЗА: гуманізацыя ад слова «гума».