web analytics
Андрэй Бандарэнка: Асуджаны - ня значыць пазбаўлены чалавечай годнасьці » За правы чалавека

Андрэй Бандарэнка: Асуджаны - ня значыць пазбаўлены чалавечай годнасьці

Андрэй Бандарэнка, кіраўнік ініцыятывы ў падтрымку і абарону правоў асуджаных, «Беларускі партызан»
Мэтады фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня на зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі супрацоўнікі СІЗА і папраўчых калёніяў выкарыстоўваюць паўсюдна.
Ужываньне гвалту ў дачыненьні да асоб, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, недапушчальна і выклікае глыбокую занепакоенасьць.
Нягледзячы на ??тое, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца ўдзельнікам шэрагу абавязковых да прымяненьня міжнародных прававых дакумэнтаў у галіне захоўваньня правоў чалавека і абароны чалавечай годнасьці, у прыватнасьці, Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня, са шкадаваньнем прыходзіцца канстатаваць паўсюднае грубае парушэньне супрацоўнікамі беларускіх пэнітэнцыярных ворганаў нормаў ня толькі міжнароднага, але і нацыянальнага заканадаўства ў галіне правоў і свабод асобы.
Праведзеныя дасьледаваньні паказваюць, што ў большасьці СІЗА і ВК падсьледныя сутыкаюцца з грубым і зьневажальным абыходжаньнем з боку супрацоўнікаў адміністрацыі, ужываньнем неабгрунтаванага фізычнага ўзьдзеяньня: катаваньнямі, парушэньнем умоваў утрыманьня, прымусам да дачы “патрэбных” паказаньняў, пагрозамі сэксуальнага характару, перашкодамі ў атрыманьні і адпраўцы карэспандэнцыі родным і блізкім.
У СІЗА Жодзіна падсьледныя падвяргаюцца зьбіцьцю з ужываньнем драўляных малаткоў, шырока распаўсюджаная практыка выкарыстаньня адмысловых камэр, у якіх падсьледныя пад пагрозай прымяненьня фізычнага і сэксуальнага ўзьдзеяньня змушаюцца да дачы паказаньняў, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці.
У СІЗА № 1 Менску парушаюцца санітарна-эпідэміялягічныя нормы ўтрыманьня падсьледных і асуджаных: у камэрах плошчай 20-25 кв.м. утрымліваецца да сарака-пяцідзесяці чалавек, належная мэдычная дапамога не аказваецца, вэнтыляцыйная сыстэма знаходзіцца ў жаласным стане, узровень захворваньня на сухоты штогод павялічваецца.
Некаторыя СІЗА (у тым ліку СІЗА КДБ РБ) дагэтуль не абсталяваныя прыбіральнямі, што выкарыстоўваецца супрацоўнікамі адміністрацыі для прыніжэньня падсьледных і зьдзекаў зь іх.
Усе СІЗА абсталяваныя так званымі «вейчыкамі» - адмысловымі жалюзі, якія перашкаджаюць доступу дзённага сьвятла і сьвежага паветра ў камэры.
У папраўчых калёніях асуджаныя сутыкаюцца з беспрэцэдэнтным парушэньнем сваіх правоў. Карыстаючыся статусам закрытае ўстановы, адміністрацыя калёніі прымяняе разнастайныя мэтады фізычнага ўзьдзеяньня на зьняволеных з мэтай іх застрашваньня і аказаньня на іх псыхалягічнага ціску. Вядомыя факты зьбіцьця, у выніку якіх асуджаны станавіўся інвалідам. Пры гэтым, маючы магчымасьць фактычна аднаасобнага прымяненьня УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленьне), адміністрацыя папраўчай установы па ўласным меркаваньні распараджаецца лёсамі людзей, прымушаючы зьняволеных згаджацца са зьневажальным абыходжаньнем і парушэньнем сваіх правоў.
Неабходна адзначыць, што ў большасьці выпадкаў наглядныя ворганы ўсяляк замоўчваюць гэткія факты, пакрываючы незаконныя дзеяньні адміністрацыі выпраўленчай установы.
Прымяненьне катаваньняў і гвалту ў адносінах да падсьледных і асуджаных - зьява абуральная і непрымальная для любой краіны ў любым пункце зямной кулі, не кажучы ўжо пра дзяржаву, што знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Эўрапейскага кантыненту.
Без усялякага сумневу, у Беларусі насьпела неабходнасьць правядзеньня неадкладнага комплекснага расьсьледаваньня ўсіх без выключэньня фактаў прымяненьня жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня, што зьневажае годнасьць, і пакараньня ва ўмовах абсалютнай галоснасьці і празрыстасьці, у тым ліку, пры неабходнасьці, з прыцягненьнем адпаведных міжнародных устаноў, назіральнікаў і экспэртаў.
Мы падтрымліваем зварот Уладзімера Някляева, які заявіў пра крайную неабходнасьць міжнароднага кантролю за тым, што адбываецца сёньня ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі. У сваю чаргу зьвяртаемся да ПА АБСЭ, ПАРЭ і Эўрапарляманту неадкладна вызначыць адзінага прадстаўніка, які зможа атрымаць доступ у папраўчыя ўстановы, гатовыя аказваць яму садзейнічаньне ў пошуку і атрыманьні дакладнай інфармацыі. Сёньня гэтае рашэньне, прынятае за хвіліны, можа выратаваць многім людзям гады іхнага жыцьця.