web analytics
Павал Севярынец: Прысуды выстаўленыя як кошты на жывых людзей » За правы чалавека

Павал Севярынец: Прысуды выстаўленыя як кошты на жывых людзей

11053001.jpg

“Рэцыдывіст” са стажам (гэта ўжо другі “хімічны” тэрмін палітыка) расказаў “Беларускаму партызану” пра знаходжаньне ў СІЗА КГБ ды падзяліўся ўражаньнямі пасьля выхаду на “ўмоўную волю”.

-Павал, 5 месяцаў Вы правялі за кратамі ў “амэрыканцы”. Ці пазналі Вы Беларусь, зь якой Вас выдзернулі ў сьнежні 2010 году, апынуўшыся на ўмоўнай волі?

- Беларусь пазнаў, а вось беларусы зьмяніліся.

-Пасьля суду і перад адпраўкай на “хімію” - чым Вы запаўняеце гэты час? Перш за ўсё, відаць, здароўе папраўляеце…

- Тэлефаную, дзякую людзям за малітву, падтрымку і салідарнасьць. Пішу. Займаюся справамі БХД. І - трэба дапамагаць тым, хто яшчэ ў турме.

-Павал, Вас затрымалі, кінулі за краты, адваката да Вас не пускалі, сьвятара не пусцілі за пяць месяцаў ні разу. Гэтыя пяць месяцаў можна выкрасьліць з жыцьця?

- О, не! Вельмі ўдзячны Богу за гэтыя 5 месяцаў у самым сэрцы Менску - такое даецца чалавеку, каб зьмяніць ягонае ўласнае сэрца. Больш часу на тое, каб быць па-за мітусьнёй - і з Госпадам.

-Ці патрабавалі ад Вас - адразу пасьля затрыманьня - выступіць па БТ з асуджэньнем іншых лідэраў апазыцыі, якіх засудзілі за “19 сьнежня”?

-Не.

-Ці вяліся з Вашым удзелам нейкія сьледчыя дзеяньні?

-Было некалькі допытаў са сьледчым, але я кожнага разу адмаўляўся даваць паказаньні. Чатыры разы са мной размаўлялі вайсковыя контрвыведчыкі, якіх цікавіла, ці я не шпіён і ці ня ведаю іншых шпіёнаў (усьміхаецца). Дык вось, шпіёнаў я, на жаль, ня ведаю, і ад паказаньняў зноў жа адмовіўся.

-Чаму Вашага былога адваката Паўла Сапелку пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, як вы мяркуеце?

- Павал Сапелка — прафэсыянал, выступаў ў прэсе, а такія людзі для іх небясьпечныя (ён абараняў таксама і Саньнікава - заўв. БП).

-Многія з палітыкаў заяўлялі пра катаваньні ўнутры СІЗА КДБ. Што Вы можаце сказаць пра гэты бок сядзеньня ў “амэрыканцы”: ці “ламалі” сядзельцаў - сілай ці маральна, ці зьяўляліся невядомыя сьпецслужбы ў чорным камуфляжы нявызначанай ведамаснай прыналежнасьці? Ці рабілі з Вас замежнага “шпіёна”?

- Невядомыя ў масках, вядома, прысутнічалі. Але спробы “зламаць” чалавека ў любым СІЗА найперш зьвязаныя з пагрозай вялікіх тэрмінаў зьняволеньня, а не з умовамі ўтрыманьня.” Расьцяжкі”, падштурхоўваньні і асабістыя дагляды - ператрусы даводзілася цярпець, што зробіш - але для мяне гэта хутчэй былі не катаваньні, а непазьбежная спадчына савецкай сыстэмы.

-З чаго складаўся Ваш дзень у “амэрыканцы” - ці ўсе 5 месяцаў проста зьліліся ў адзін шэры пэрыяд?

- Пад’ём, сьняданак, прагулка, абед, чытаньне Бібліі з сукамэрнікамі, калі было - перадачы, газэты ці лісты, вячэра, адбой. Малітва і праца над раманам. Да таго ж даводзілася сядзець з кіраўнікамі буйных прадпрыемстваў, мільянэрамі, абвінавачанымі ў карупцыі дзяржслужбоўцамі – а гэта выдатны 5-месяцовы курс макраэканомікі (усьміхаецца).

- Пэрыяд свайго жыцьця ў “амэрыканцы” Вы апісалі так: “для мяне гэта хутчэй піянэрлягер, прабачце, тое, што адбывалася ў СІЗА КДБ. То бок, можна пацярпець”. Але ж дзесяць мільёнаў людзей церпяць ужо 17 гадоў. Ці ёсьць мяжа ў гэтага славутага беларускага цярпеньня?

- Насамрэч цярпеньне — гэта глыбока хрысьціянская якасьць (”цярпеньнем ратуйце душы вашыя” - Лукаша 21:19 !). Галоўнае, каб яна не выраджалася ў цярпімасьць да зла.

- У “амэрыканцы” Вы пісалі раман. Пра каго ён, пра што ён, для каго ён?

- Раман пра Беларусь, якая прызначаная для Хрыста. Пішу беларусам.

-Ці сустракаліся ўнутры “амэрыканкі” Вы зь іншымі фігурантамі справы “19 сьнежня”?

- Некалькі дзён былі ў адной камэры з Алегам Корбанам; на азнаямленьні са справай перасякліся з Аляксандрам Фядутам. Але пры пераводзе з камэры ў камэру заўсёды знаходзіліся людзі, якія сядзелі зь іншымі.

-Пасьля судзілішча над Вамі, Ірынай Халіп, над Сяргеем Марцалевым - якой паўстала перад Вамі карціна таго, што адбывалася 19 сьнежня 2010 году?

- Мірная, шматтысячная акцыя пратэсту намаганьнямі ўлады і ў сілу нашай разгубленасьці абярнулася зьбіцьцём дэманстрантаў і хваляй “зачысткі” па ўсёй краіне.

-Павал, прадказаць крымінальную расправу зь лідэрамі апазыцыі па выніках прэзыдэнцкай кампаніі было няцяжка - апошнія аналягічныя кампаніі заканчваліся крымінальнымі справамі. Аднак ТАКОГА маштабу рэпрэсіяў не чакаў, відаць, ніхто. Навошта ўладам спатрэбілася “19 сьнежня”?

- Напэўна, хацелі адным махам разбурыць апазыцыю і выставіць яе лідэраў гвалтаўнікамі. Зачышчалі палітычнае поле перад непазьбежным крызысам. Але і ўлада, і апазыцыя, і Захад, і сама Беларусь хутчэй страцілі. Набыла Расея.

-Сьнежаньскія падзеі называюць “крывавай нядзеляй”. 19 сьнежня падзяліла гісторыю краіны і народа “да 19-га” і “пасьля 19-га”. У якой рэчаіснасьці мы апынуліся стараньнямі нашых уладаў?

- Хваля рэпрэсіяў, эканамічны крызыс, разрыў з Захадам і дамінаваньне Расеі.

-Апошнія прысуды Мікалаю Статкевічу, Дзьмітрыю Вусу, Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму і яшчэ чатыром удзельнікам “19 сьнежня” на фоне заявы пра іхнае магчымае вызваленьне - гэта пачатак гандлю? З Эўропай?

-Вельмі падобна. На жаль, прысуды ў спалучэньні з заявамі пра вызваленьне выстаўленыя як кошты на жывых людзей.

-Ці сутыкнуліся Вы на “ўмоўнай волі” з наступствамі “беларускага эканамічнага цуду”?

-Вядома. Тут дастаткова і аднаго паходу ў краму.

-Давайце вернемся да бязьмежнага беларускага цярпеньня. 27 мая Лукашэнка заявіў, што ў Казахстане яму было сорамна за беларускі народ. Які нібыта стварыў ажыятаж. Ці мае права кіраўнік дзяржавы, легітымнасьць якога пад сумневам, саромець цэлы народ, які церпіць яго ўжо 17 год? Лукашэнка зьневажае менчукоў - маўчаць, зьневажае ўвесь народ, які нібыта прывёў яго да ўлады, - зноў маўчаньне. Але хто каго ўвогуле мусіць саромецца: Лукашэнка - свайго народу, ці народ такога кіраўніка?

- Мы павінны саромецца найперш таго, якія мы ёсьць. Праблема ня столькі ў Лукашэнку, колькі ў нас саміх. Калі мы самі будзем гатовыя ў сэрцах, перад Богам узяць адказнасьць за сваю краіну — Госпад нам яе дасьць.

Гутарыў Іван Грэкаў, “Беларускі партызан”

Даведка. 16 мая судзьдзя Заводзкага суду Менска Жанна Брысіна вынесла прысуд паводле справы Паўла Севярынца, Ірыны Халіп, Сяргея Марцалева. Усе трое прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу РБ).

Ірына Халіп асуджана на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Павал Севярынец - на 3 гады “хіміі” (абмежаваньня волі з накіраваньнем на папраўчыя работы). Сяргей Марцалеў - на 2 гады ўмоўна (з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады).

Павал Севярынец быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўлена абвінавачаньне паводле крымінальнай справы, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьследаваньня ГУУС Мінгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя непарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад’яўлена іншае абвінавачаньне (ч. 342 КК). 16 траўня асуджаны на 3 гады “хіміі”.

У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць “трэцяга тэрміну Лукашэнкі”, якія адбыліся ў Менску пасьля “рэферэндуму-2004″ 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да 3-х гадоў абмежаваньня волі (”хіміі”), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2-х гадоў. Адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён).

Крыніца: “Беларускі партызан”