web analytics
Як паводзіцца студэнту, калі ім пачынае цікавіцца адміністрацыя ВНУ » За правы чалавека

Як паводзіцца студэнту, калі ім пачынае цікавіцца адміністрацыя ВНУ

11053101.jpgЯк паводзіць сябе, калі навучэнец-студэнт апынуўся пад прадузятай увагай адміністрацыі ВНУ?

Параіць можам толькі адно: не даваць нагод для адлічэньня (у тэрмін выконваць навучальны плян па рэшце залікаў і іспытаў, не дапушчаць пропускаў заняткаў па непаважлівых прычынах і г.д.). Таму што адлічыць студэнта можна толькі за фармальныя падставы, адміністрацыя ў вельмі рэдкіх выпадках ідзе на грубыя фальсыфікацыі, як, прыкладам, у справе Ўладзімера Кумца.

Ці варта фіксаваць пагрозы і словы чальцоў рэктарату, выкладнікаў?

Так, гэта трэба рабіць. Па кожным такім выпадку трэба падаваць скаргу ў пракуратуру і Міністэрства адукацыі. Трэба таксама запісаць гутарку з пагрозамі пра адлічэньне, бо гэта можа стать ускосным довадам такога факту.

У якім выпадку замежныя ВНУ прымуць на вучобу?

Гэта пытаньне лепей адрасаваць камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць».

Што рабіць, калі выклікаюць у рэктарат на гутарку з таварышамі з КДБ?

Калі выклікаюць па тэлефоне наўпрост асобы, якія завуцца супрацоўнікамі КДБ, трэба запатрабаваць выкліку позвай, у якой павінна быць паказана, хто выклікае, па якой справе, у якім статусе, час і месца, куды трэба зьявіцца. Паведаміце пра дадзены факт праваабаронцам і СМІ.

Калі ўсё ж вы апынуліся ў кабінэце сам-насам з супрацоўнікамі КДБ, першым чынам запатрабуйце назвацца і паказаць іх службовыя пасьведчаньні. Лепей перапісаць дадзеныя кожнага з прысутных супрацоўнікаў. Калі яны адмаўляюцца паказаць пасьведчаньне – не вядзіце ніякіх гутарак, уставайце і сыходзьце, бо вы не абавязаныя гаварыць зь незнаёмымі людзьмі. Папытаеце выклікаць вас афіцыйна і позвай. Калі просяць расказаць пра якія-небудзь акалічнасьці – помніце пра ваша права ня сьведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (ст. 27 Канстытуцыі). Не падпісвайце ніякіх папер, апроч пратаколу допыту – у выпадку, калі вас выклікалі ў якасьці сьведкі.

Што рабіць, калі схіляюць да супрацы?

Прапанаваць супрацу (а не схіляць) Вам могуць. Гэта прадугледжана Законам «Пра ворганы дзяржаўнай бясьпекі». Аднак за Вамі застаецца права выбару, бо супраца магчыма толькі на добраахвотных пачатках. Калі ўсё ж да супрацы схіляюць шляхам пагроз ці шантажу, такія дзеяньні зьяўляюцца незаконнымі, і па гэтым факце трэба зьвяртацца ў пракуратуру са скаргай. Паведаміце пра гэты факт у СМІ. За складаньнем скаргі па гэтым факце зьвярнецеся да праваабаронцаў.

Што рабіць, калі вас выключылі?

Патрабуйце падаць вам копію загаду, а таксама матэрыялы, якія паслужылі падставай да адлічэньня (службовыя запіскі дэкана, пратакол рады па прафілактыцы і інш.). Вы маеце права зь імі азнаёміцца, зрабіць патрэбныя выпісы. Лепей сфатаграфаваць гэтыя матэрыялы. Калі вы лічыце, што вас выключылі незаконна і без падстаў, вы маеце права абскардзіць загад пра адлічэньне міністру адукацыі, а потым, у месячны тэрмін, у суд, ці наўпрост у суд. За складаньнем патрэбных дакумэнтаў зьвяртайцеся да праваабаронцаў.

Крыніца: Беларускі Хэльсінскі Камітэт