web analytics
Што неабходна памятаць пры ўдзеле у мірнай акцыі. Некаторыя практычныя парады » За правы чалавека

Што неабходна памятаць пры ўдзеле у мірнай акцыі. Некаторыя практычныя парады

11060101.jpgВы павінны памятаць, што ў адпаведнасьці з ч. 6 арт. 6.5 КаАП, калі асоба прызнала сябе вінаватай у зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня і выказала згоду на ўжываньне да яе адміністрацыйнага спагнаньня, пры накладаньні штрафу на фізычную асобу ўжываецца ніжняя мяжа штрафу, прадугледжаная за зьдзейсьненае правапарушэньне. Напрыклад, у выпадку прызнаньня віны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве - суд абавязаны прымяніць ніжнюю мяжу штрафу - 0,5 БВ (17500руб.)

Артыкул 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох прызнае права на мірныя сходы. Карыстаньне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаваньням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасьці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадзтве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Артыкул 35 Канстытуцыі: свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.

Разам з тым, варта памятаць, што ў Беларусі дзейнічае закон «Аб масавых мерапрыемствах», якім рэгулюецца парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Беларусі, а таксама Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якім ўстаноўленая адказнасьць за парушэньне ўсталяванага парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства ў выглядзе папярэджаньня, штрафу да 30 БВ ці адміністрацыйнага арышту на тэрмін да 15 сутак.

У выпадку, калі масавае мерапрыемства ёсьць не санкцыянаванае ворганам мясцовага кіраваньня, ворганы аховы правапарадку маюць права затрымліваць яго ўдзельнікаў і дастаўляць для складаньня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні.

У выпадку затрыманьня вы маеце наступныя правы:

• паведаміць пра затрыманьне паўнагадовым членам сям’і, блізкім сваякам, абаронцы, наймальніку, зь якім знаходзіцеся ў працоўных адносінах, адміністрацыі сваёй установы адукацыі;
• мець абаронцу (адваката) з моманту затрыманьня (момантам затрыманьня зьяўляецца момант фактычнага затрыманьня, а ня момант дастаўленьня ў міліцыю);
• падаваць скаргі на дзеяньні службовай асобы;
• знаёміцца з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні, атрымаць яго копію на рукі;
• ня сьведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх сваякоў.

Ні ў якім выпадку ня варта адмаўляцца ад падпісаньня пратаколу. Лепш пратакол падпісаць, адзначыўшы ў пратаколе свае заўвагі.

Важна! Згодна з арт. 62 Канстытуцыі вы маеце права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў (праваабаронцаў, сваякоў і іншых асобаў, якім вы давяраеце) у судзе, іншых дзяржаўных ворганах, ворганах мясцовага кіраваньня, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадзкіх аб’яднаньнях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.

Процідзеяньне аказаньню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца. Таму ў выпадку заяўленьня вамі просьбы аб аказаньні дапамогі сваім прадстаўніком такое права павінныя забясьпечыць.

У выпадку складаньня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве справа будзе разглядацца судом, і вас могуць затрымаць да суду ў мэтах забесьпячэньня вашага ўдзелу ў разглядзе справы ў судзе.

Крыніца: Беларускі Хэльсінскі Камітэт