web analytics
Што неабходна памятаць пры ператрусе » За правы чалавека

Што неабходна памятаць пры ператрусе

11060103.jpg

1. Вы маеце права патэлефанаваць сваім прадстаўнікам (адвакату, знаёмаму юрысту, праваабаронцам, калегам), каб яны прыехалі

У выпадку правядзеньня сьледчых дзеяньняў можна па тэлефоне паведаміць пра гэта сваім блізкім, калегам, а таксама адвакату. Усе патрабаваньні адключыць да ператрусу (г. зн. да паданьня пастановы пра правядзеньне ператрусу) мабільныя і хатнія тэлефоны, забарона на тэлефонны званок сваякам, калегам ці адвакату, калі сьледчы ня можа абгрунтаваць абмежаваньне гэтага права, - незаконныя. Сьледчы мае права забараніць вам тэлефанаваць, але толькі падчас ператрусу. Да ператрусу вы маеце права патэлефанаваць сваім блізкім, адвакату ці прадстаўніку. Абавязкова настойвайце на тым, каб у сьледчых дзеяньнях браў удзел ваш знаёмы адвакат ці юрыст у якасьці вашага прадстаўніка. Кожны мае права без свайго прадстаўніка адмовіцца ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях, якімі б яны ні былі (ператрусы, канфіскацыя дакумэнтаў, допыты). Права на аказаньне юрыдычнай дапамогі замацавана як у Канстытуцыі, так і ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве. Стварэньне перашкод аказаньню юрыдычнай дапамогі забараняецца. Таму мець свайго знаёмага адваката ў нашых умовах проста трэба. Гэта могуць быць прафэсыйныя адвакаты, праваабаронцы і іншыя асобы, якія валодаюць ведамі па аказаньні прававой абароны. Калі вы запатрабавалі, каб на сьледчых дзеяньнях быў ваш прадстаўнік, які можа прыехаць да вас хуткім часам (скажам, на працягу 20 хвілін), сьледчыя павінны пачакаць яго і не пачынаць сьледчых дзеяньняў. Прадстаўнік, як і панятыя, будзе сьведкам таго, што ўсе сьледчыя дзеяньні вяліся законна.

2. Асобы, якія “суправаджаюць” сьледчага, павінны быць занесены ў пратакол

Нярэдка са сьледчым, які павінен учыніць ператрус у вашым памяшканьні, прыходзяць яшчэ некалькі чалавек. Трэба ведаць, што ў ператрусе могуць браць удзел сам сьледчы, панятыя і адмысловец, калі гэта трэба. Усе асобы, якія бяруць удзел у правядзеньні ператрусу, павінны быць занесены ў пратакол. Усе астатнія “суправаджальнікі” павінны знаходзіцца па-за вашай кватэрай. Зь меркаваньняў бясьпекі супрацоўнік міліцыі можа знаходзіцца і ў кватэры, але пры гэтым ніякіх дзеяньняў зьдзяйсьняць ня можа. Таксама ўважліва сачыце за дзеяньнямі сьледчых і іншых асобаў, каб вам не падкінулі кампрамятуючыя рэчы ці матэрыялы. Ні ў якім разе не давайце ім магчымасьці без нагляду перасоўвацца па кватэры. Апроч таго вы маеце права патрабаваць дакумэнты панятых, а таксама замены панятых, калі ім не давяраеце. Калі гэтыя патрабаваньні ня выкананы - трэба ўнесьці гэта ў пратакол ператрусу.

3. На што зьвярнуць увагу ў пратаколе

Перадусім, зрабіце выпіс з пастановы на правядзеньне ператрусу, зьвярнуўшы ўвагу на наступныя пытаньні: па якой крымінальнай справе праводзіцца ператрус; хто яго праводзіць; хто прыцягнуты ў якасьці адмыслоўца, панятых; хто санкцыянаваў, якія акалічнасьці паказаны як падставы і нагода ўчыняць ператрус менавіта ў вас, якія прадметы (матэрыялы, каштоўнасьці, рэчы) прапануюць выдаць самаахвотна і да т.п. Пасьля завяршэньня сьледчых дзеяньняў павінен быць складзены пратакол ператрусу. У ім абавязкова павінны быць адлюстраваны растлумачэньне вашых праў, права ўсіх паўналетніх чальцоў сям’і, якія былі пры ператрусе, таксама растлумачэньне права рабіць заўвагі на складзены пратакол і заносіць у пратакол заўвагі ці скаргі на дзеяньні сьледчага. У пратаколе павінны быць адлюстраваны зьвесткі пра прадметы, сканфіскаваныя падчас ператрусу. Толькі пасьля занясеньня ўсіх вашых заўваг падпісвайце гэты дакумэнт і патрабуйце яго копію. Калі для вашых заўваг у пратаколе бракуе месца, можна запатрабаваць, каб іх унеслі ў асобны пратакол ці на асобны аркуш, пры гэтым зрабіўшы спасылку ў пратаколе на такі дакумэнт.

4. Абскарджваньне

Напісаць скаргу на дзеяньні сьледчых можна і самастойна пасля завяршэньня сьледчых дзеяньняў. Адрасаваць такую скаргу трэба тэрытарыяльнаму пракурору: калі ператрус праводзілі супрацоўнікі раённай міліцыі ці КДБ, то скаргу варта накіроўваць раённаму пракурору, калі сьледчыя былі з гарадзкіх праваахоўных ворганаў - гарадзкому пракурору, калі з абласных - абласному і г.д. Калі адказ пракурора па наглядзе вас не задаволіў, вы маеце права абскардзіць яго вышэйстаячаму пракурору ці ў суд. Практыка паказвае, што больш эфэктыўна скардзіцца ў суд. Менавіта там вы можаце голасна заявіць сваю скаргу на дзеяньні сьледчага, які, у сваю чаргу, павінен будзе даводзіць, што дзейнічаў у рамках закону.

5. Забарона на выкарыстоўваньне відэазапісу ператрусу на тэлебачаньні

Сьледчыя могуць весьці відэазапіс, але вы маеце права заявіць пратэст супраць яго публічнага выкарыстоўваньня. Відэазапіс сьледчых дзеяньняў можа праводзіць адмысловец, чыё імя, прозьвішча і пасада павінны быць занесены ў пратакол. Пярэчыць супраць гэтага даволі складана, але можна патрабаваць, каб гэты відэазапіс выкарыстоўваўся толькі як спосаб фіксаваньня сьледчых дзеяньняў, бо ён у кожным разе закранае таямніцу прыватнага жыцьця.

Каб пазьбегнуць выкарыстоўваньня запісу, прыкладам, на дзяржаўным тэлебачаньні, трэба самастойна (калі гэтага не зрабіў сьледчы) напісаць у пратаколе, што вы забараняеце выкарыстоўваць відэазапіс ператрусу.

6. Ператрус могуць правесьці і бяз вашага ўдзелу

Ператрус у вашай кватэры можа праводзіцца і бяз вашага ўдзелу, пры любым паўнагадовым чальцу сям’і, які жыве ў кватэры. А калі акалічнасьці справы дыктуюць патрэбу тэрміновага правядзеньня такога ператрусу, а нікога ў кватэры няма, тады супрацоўнікі праваахоўных ворганаў абавязаны выклікаць прадстаўнікоў жыльлёва-камунальнай службы, панятых, апавясьціць на працягу 24 гадзін пракурора.

Крыніца: Беларускі Хэльсінскі Камітэт