web analytics
Што неабходна памятаць пры допыце ў якасьці сьведкі » За правы чалавека

Што неабходна памятаць пры допыце ў якасьці сьведкі

11060104.jpg

Хто такі сьведка і ягоныя правы

Сьведкам паводле арт. 60 КПК зьяўляецца асоба, у дачыненьні якой існуюць падставы меркаваць, што ёй вядомыя якія-небудзь акалічнасьці па крымінальнай справе, выкліканая ворганам, які вядзе крымінальны працэс, для сьведчаньня або якая дае сьведчаньні.

 

Сьведка мае права:

1) ня сьведчыць супраць сябе самога, чальцоў сваёй сям’і і блізкіх сваякоў (ст. 27 Канстытуцыі і п. 4 ст. 10 КПК);

2) заяўляць адвод перакладніку, які ўдзельнічае ў яго допыце;

3) уласнаручна запісваць свае сьведчаньні ў пратаколе допыту ці сьведчыць сваім подпісам у пратаколе сьледчага ці іншага працэсуальнага дзеяньня правільнасьць запісу дадзеных ім сьведчаньняў;

4) заяўляць хадайніцтвы і прыносіць скаргі на дзеяньні воргана, які вядзе крымінальны працэс, у тым ліку пра прыняцьце мер па забесьпячэньні яго бясьпекі, чальцоў сям’і, блізкіх сваякоў і іншых асобаў, якіх ён абгрунтавана лічыць блізкімі, а таксама маёмасьці;

5) атрымліваць пакрыцьцё выдаткаў, панесеных пры вядзеньні крымінальнай справы, і шкоды, прычыненай дзеяньнямі воргана, вядоўцы крымінальнага працэсу.

 

Сьведка абавязаны:

1) зьяўляцца па выкліках воргана, які вядзе крымінальны працэс;

2) праўдзіва паведаміць усё вядомае па справе і адказаць на пастаўленыя пытаньні;

3) не разгалошваць зьвесткі пра акалічнасьці, якія сталі вядомымі яму па справе, калі ён быў папярэджаны пра гэта ворганам крымінальнага перасьледу ці судом;

4) падпарадкоўвацца законным дырэктывам воргана, які вядзе крымінальны працэс.

 

Выклік сьведкі

Паводле агульнага правіла, сьведка выклікаецца на допыт позвай, у якой павінна быць паказана, хто і ў якой якасьці выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час яўкі на допыт, а таксама наступствы незьяўленьня без паважлівых прычын.

Позва ўручаецца выкліканай асобе пад расьпіску. Пры адсутнасьці выкліканай асобы позва ўручаецца пад расьпіску каму-небудзь з паўналетніх чальцоў яго сям’і або адміністрацыі па месцы яго працы, якія абавязаныя перадаць позву выкліканаму на допыт.

Калі гэтыя правілы не выкананыя, прыкладам, позва кінута ў паштовую скрыню, на допыт вы маеце правы не ісьці, бо выкліканы неналежным спосабам.

КПК згадвае магчымасьць выкліку на допыт з выкарыстаньнем і іншых сродкаў сувязі (па тэлефоне, тэлеграмай і інш.). Аднак адказнасьць настае толькі ў выпадку незьяўленьня на допыт па позьве!

 

Дапамога прадстаўніка

Важна памятаць пра тое, што ў адпаведнасьці з арт. 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў кожны момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных ворганах, ворганах мясцовага кіраваньня, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадзкіх аб’яднаньнях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. Супраціў аказаньню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Не зьяўляецца выключэньнем і сьведка, выкліканы на допыт. Варта мець на ўвазе, што КПК ня згадвае магчымасьці ўдзелу пры допыце адваката ці іншага прадстаўніка сьведкі, аднак ён і не забараняе гэтага. Адпаведна, вы можаце скарыстацца сваім правам на дапамогу прадстаўніка і пры допыце ў якасьці сьведкі, спасылаючыся на арт. 62 Канстытуцыі. Калі вам адмовілі ў рэалізацыі гэтага права, можна зьвярнуцца са скаргай да вышэйстаячай у дачыненьні сьледчага (дазнаўцы) службовай асобы (да прыкладу, да начальніка РУУС) ці да пракурора.

 

Вы маеце права ня сьведчыць супраць сябе

Перад допытам вам павінны паведаміць у якасьці каго, па якой крымінальнай справе вас будуць дапытваць, а таксама растлумачыць правы і абавязкі, прадугледжаныя КПК.

Паводле арт. 27 Канстытуцыі ніхто не павінен прымушацца да сьведчаньня і тлумачэньня супраць самога сябе, чальцоў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў. Такім чынам, вы маеце права адмовіцца ад сьведчаньня ў дачыненьні сябе самога, чальцоў сваёй сям’і і блізкіх сваякоў. Разам з тым, вас абавязаны папярэдзіць пра крымінальную адказнасьць за адмову ці ўхіленьне ад сьведчаньняў і за сьвядома лжывыя сьведчаньні.

 

Парадак допыту

Допыт пачынаецца з прапановы расказаць пра вядомыя дапытванай асобе акалічнасьці крымінальнай справы. Па сканчэньні вольнага аповяду паддопытнаму могуць быць зададзеныя пытаньні, накіраваныя на ўдакладненьне і дадатак сьведчаньняў. Задаваць навадныя пытаньні забараняецца.

Ход і вынікі допыту адлюстроўваюцца ў пратаколе. Сьведчаньні запісваюцца ад першай асобы і па магчымасьці даслоўна. Пытаньні і адказы на іх запісваюцца ў той пасьлядоўнасьці, якая мела месца пры допыце. У пратаколе павінны знайсьці адлюстраваньне і тыя пытаньні, што прысутнічаюць у допыце асобаў, якія былі адведзеныя сьледчым, дазнаўцам ці на якія адмовіўся адказваць паддопытны, з пазначэньнем матываў адводу ці адмовы.

Пасьля вольнага аповяду паддопытны мае права запісаць свае сьведчаньні ўласнаручна. Пасьля ўласнаручнага выкладу сьведчаньняў і іх падпісаньня паддопытным сьледчы (дазнаўца) можа задаць пытаньні, накіраваныя на ўдакладненьне і дадатак сьведчаньняў.

Па сканчэньні допыту пратакол падаецца для чытаньня паддопытнаму або абвяшчаецца па яго просьбе. Патрабаваньні паддопытнага ўнесці ў пратакол дадаткі і ўдакладненьні падлягаюць абавязковаму выкананьню.

Абавязкова прачытайце пратакол допыту і пакажыце сьледчаму (дазнаўцу) на наяўныя недакладнасьці. Патрабуйце занясеньня ўсіх выпраўленьняў і заўваг у пратакол і толькі пасьля гэтага падпісвайце яго. Пры гэтым падпісаць трэба кожную старонку пратакола.

Калі ў допыце бяруць удзел іншыя асобы, папрасіце іх назвацца і паказаць дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу (службовыя пасьведчаньні). Калі гэтыя асобы прысутнічалі пры правядзеньні допыту, патрабуйце пазначыць дадзеныя пра іх у пратаколе. Пры гэтым яны павінны таксама падпісаць пратакол.

Важна мець на ўвазе, што допыт ня можа доўжыцца бесьперапынна больш за чатыры гадзіны. Працяг допыту дапушчаецца пасьля перапынку ня менш як на адну гадзіну для адпачынку і прыняцьця ежы, прычым агульная працягласьць допыту на працягу дня не павінна перавышаць васьмі гадзін. Калі гэта патрабаваньне КПК парушана – вы маеце права заявіць пра гэта сьледчаму (дазнаўцу) і адмовіцца ад сьведчаньня звыш усталяванага КПК тэрміну. Пра парушэньні вашых праў сьледчым Вы маеце права заявіць у самім пратаколе допыту ці скласьці асобна скаргу і накіраваць яе наглядаючаму пракурору паводле тэрытарыяльнасьці.

 

Крыніца: Беларускі Хэльсінскі Камітэт