web analytics
Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Зьмітра Лупача » article » За правы чалавека

Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Зьмітра Лупача

20 August 2015 | admin |

Зьміцер Лупач

19 жніўня судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова пакінула ў сіле рашэньне Глыбоцкага райсуду, вынесенае у дачыненьні да журналіста Зьмітра Лупача, якога пакаралі за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Разгляд касацыйнай скаргі незалежнага журналіста з Глыбокага ў аблсудзе мусіў адбыцца яшчэ тыдзень таму, але тады судовы разбор быў адкладзены – судзьдзя Іванова заявіла, што ёй патрэбен дадатковы час для вывучэньня матэрыялаў справы.

Згодна з рашэньнем Глыбоцкага райсуду ад 23 ліпеня, пацьверджаным цяпер абласным судом, Зьміцер Лупач прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні правапарушэньня паводле часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і мусіць выплаціць у даход дзяржавы штраф у памеры 25 базавых велічынь (4,5 мільёну рублёў).

Перш чым агучыць свой канчатковы вэрдыкт, судзьдзя Сьвятлана Іванова дала магчымасьць выкласьці свае довады адвакату Зьмітра Лупача, якая зьвярнула ўвагу на шэраг відавочных, на яе погляд, працэсуальных парушэньняў з боку раённага суду. У прыватнасьці, яна адзначыла, што судом не было прадстаўлена аніякіх доказаў таго, што журналісцкі матэрыял, за які пакаралі спадара Лупача, быў выраблены непасрэдна ім. Журналіст жа, у сваю чаргу, адмаўляецца ад аўтарства і лічыць, што ягонае прозьвішча пад тэкстам пастаўленае памылкова. Да таго ж гэты матэрыял быў перадрукаваны з мясцовага СМІ на сайт Эўрарадыё безь яго згоды. Гэтаксама Глыбоцкім райсудом была праігнараваная просьба абароны адкласьці разгляд справы, каб выклікаць у якасьці сьведкі рэдактара Эўрарадыё, які даў на тое сваю папярэднюю згоду.

Выслухаўшы выкладзеную адвакатам матываваную аргумэнтацыю, судзьдзя задала Зьмітру Лупачу адзінае пытаньне: чаму ён ня даў у мясцовай прэсе абвяржэньне наконт сваёй недатычнасьці да апублікаванага пад ягоным прозьвішчам журналісцкага матэрыялу. Той адказаў, што можа зрабіць гэта найбліжэйшым часам, калі гэта паўплывае на рашэньне суду.

На рашэньне суду, аднак, не паўплывалі ані довады адваката, ані агучаная спадаром Лупачам публічная адмова ад свайго аўтарства. Менш за хвіліну спатрэбілася судзьдзю Сьвятлане Івановай, каб абвясьціць сваё рашэньне адносна гэтай справы: рашэньне Глыбоцкага райсуду пакінутае ў сіле.

Вось як пракамэнтаваў Зьміцер Лупач вынікі судовага разгляду: «На іншае рашэньне я і не спадзяваўся: дзяржаўныя ўстановы ў нас не памыляюцца. Не разумею толькі, навошта ім трэба было браць маю справу тыдзень таму на дадатковае вывучэньне, калі загадзя было вядома, што гэтым павінна было і скончыцца. Гэткі хуткі вырак абсалютна не шакаваў мяне, бо раней я ўжо наведваў такога кшталту мерапрыемствы. Толькі тады я прысутнічаў на іх у якасьці журналіста. Як я заўважыў і раней, і цяпер – рашэньне выносіцца загадзя. І ніякія аргумэнты ня могуць яго перайначыць».

Віцебская вясна

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.