web analytics
Аднаўленьне Астровенскага храму не адпавядае нормам Міжнароднай хартыі рэстаўрацыі » article » За правы чалавека

Аднаўленьне Астровенскага храму не адпавядае нормам Міжнароднай хартыі рэстаўрацыі

26 July 2015 | admin |

Касьцёл у Астроўне - 1Некалі старажытнае мястэчка Астроўна, што ў Бешанковіцкім раёне, мела ўсе прывілеі, гарантаваныя Магдэбурскім правам, пра што на пачатку мінулага стагодзьдзя ўсё яшчэ нагадвалі рэшткі мясцовай ратушы. На жаль, на сёньняшні час пра мінулую славу Астроўна можа нагадаць толькі мажны будынак былога касьцёлу, які праваслаўная царква ў чарговы раз перабудоўвае на свой капыл як Сьвята-Траецкую царкву.

Як кажа абазнаны ў гістарычных пытаньнях віцебскі краязнаўца Міхась Паўлаў, Астровенскі касьцёл, помнік 16 стагодзьдзя - адзіны з тых, што некалі былі ў навакольлях Віцебску: «Перабудова храму вядзецца праваслаўнай грамадой без усялякай адпаведнасьці зь Міжнароднай хартыяй рэстаўрацыі. Усе выкананыя дасюль працы адпавядаюць хіба што ўзроўню разуменьня гэтага пытаньня мясцовай праваслаўнай абшчынай. Упэўнены, што гэты помнік дасюль на ўлік не пастаўлены, і ніякага ўзгодненага праекту рэстаўрацыі няма. Дзяржава сьпіць ці ня хоча зьвяртаць на гэта ніякай ўвагі. Адсутнічае на будынку і стандартная ў такіх выпадках шыльда, якая паведамляе пра тое, што будыніна зьяўляецца гістарычнай каштоўнасьцю і ахоўваецца дзяржавай. Замест яе да сьцяны прымацаваная самаробная таблічка з адвольным зьместам».

Астровенскі касьцёл быў пабудаваны ў гонар слынных перамогаў войска Вялікага Княства Літоўскага над войскамі маскавітаў у бітвах пад Чашнікамі на Іван-полі ў 1564 годзе і пад Воршай ля рэчкі Крапіўны ў 1514 годзе.

Пабудовай касьцёлу апекаваўся вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст, які выступіў і асноўным ягоным фундатарам. У дар касьцёлу каралём быў перададзены багата аздоблены абраз Багародзіцы. Недзе блізу 1620 году ваявода Мсьціслаўскі Аляксандар Сапега збудаваў побач з касьцёлам кляштар, куды запрасіў манахаў дамініканскага закону.

Калі асабліва не заглыбляцца ў дэталі, муры храму могуць падацца шараговай псэўдарускай будынінай XIX стагодзьдзя. Але гэтак толькі здаецца. Больш пільныя агледзіны дазваляюць вылучыць архітэктурныя дэталі, якія пацьвярджаюць куды больш даўняе паходжаньне помніку: звонку заўважныя рысы рэнэсансу, па фасадзе – клясыцызму, нутро – у стылі барока.

Нягледзячы на свой узрост, касьцёл няблага захаваўся, хаця, безумоўна, заслугоўвае пільнай увагі з боку грамадзкасьці і, у першую чаргу, дзяржавы. Сьцены, таўшчыня якіх складае больш за паўтара мэтру, маюць розныя тыпы муроўкі: ад гатычнай у ніжняй частцы будынку і простай рэнэсансавай у пілястрах, да тычковай у заходняй сьцяне. Зважаючы на гэтыя дэталі, можна меркаваць, што храм на працягу свайго амаль пяцісотгадовага існаваньня шматразова перабудоўваўся. Відаць па ўсім, спачатку храм будаваўся ў гатычным стылі, аднак пасьля, недзе ў другой палове XVI - пачатку XVII стст. набыў рэнэсансавыя адметнасьці, а каля сярэдзіны XVIII ст. інтэр’ер храму аздобілі элемэнтамі барочнай плястыкі. Пры канцы стагодзьдзя вонкава будынак набыў тыповыя прыкметы клясыцызму. Пасьля задушэньня паўстаньня 1863 – 1864 гадоў Кастуся Каліноўскага касьцёл перарабілі ў праваслаўную царкву, перанёсшы алтар на усход, а былую алтарную апсіду падвысілі ў бабінец, збудаваўшы над ім званіцу ў псэўдарускім стылі.

«Узнавіць першапачатковы выгляд касьцёлу даволі складана, гэта запатрабуе грунтоўных досьледаў. Але нават павярхоўныя агледзіны сьведчыць пра надзвычайную вартасьць Астровенскага храму, які адлюстроўвае асноўныя этапы разьвіцьця ды гісторыі архітэктуры Беларусі. У гістарычным сэнсе гэты касьцёл зьяўляецца нацыянальнай сьвятыняй, напамінам пра гераічнае змаганьне нашых продкаў за незалежнасьць. Гісторыка-культурная каштоўнасьць мястэчка Астроўна падвышаецца яшчэ тым, што тут нарадзіўся славуты дзеяч эўрапейскага Сярэднявечча, інтэлектуал, ідэоляг аднаўленьня незалежнасьці Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега, адзін са стваральнікаў Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Зважаючы на гэтую акалічнасьць, праблема сучаснай рэстаўрацыі рэлігійнага будынку не павінна быць бязьдзейным інтарэсам купкі заклапочаных грамадзян, яна мусіць стаць клопатам існай тут дзяржавы, калі, вядома, гэтая дзяржава дбае пра сваю будучыню і даўгавечнасьць», - падсумаваў краязнаўца Міхась Паўлаў.

Касьцёл у Астроўне - 2    Касьцёл у Астроўне - 3

Касьцёл у Астроўне - 4    Касьцёл у Астроўне - 5

Касьцёл у Астроўне - 6    Касьцёл у Астроўне - 7

Віцебская вясна

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.