web analytics
Суд Віцебскага раёну адзначае рост колькасьці адміністрацыйных і крымінальных спраў » article » За правы чалавека

Суд Віцебскага раёну адзначае рост колькасьці адміністрацыйных і крымінальных спраў

25 July 2015 | admin |

Марына ГарохаваЗа першае паўгодзьдзе 2015 году захавалася ўстойлівая тэндэнцыя скарачэньня колькасьці грамадзянскіх спраў, якія разглядаюцца судом Віцебскага раёну, аднак ўзрасла колькасьць адміністрацыйных і крымінальных. Такія факты прывяла старшыня суду Марына Гарохава, падводзячы вынікі працы за справаздачны пэрыяд.

Сярэднямесячная нагрузка на аднаго слугу Фэміды склала каля 42 спраў і матэрыялаў. Судом раёну было праведзена больш за 40 выязных паседжаньняў.

За шэсьць месяцаў разгледжаныя 812 спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У гэтай катэгорыі пераважалі парушэньні грамадзкага парадку - праз суд прайшлі 239 фактаў дробнага хуліганства. Па-ранейшаму застаецца высокім ўзровень расьпіваньня грамадзянамі сьпіртных напояў альбо зьяўленьне асоб у грамадзкіх месцах або на працы ў стане алькагольнага ап’яненьня. Часьцяком гэта зьяўляецца спадарожным чыньнікам для зьдзяйсьненьня, напрыклад, наўмыснага прычыненьня цялеснага пашкоджаньня, абразы, дробнага крадзяжу, якія таксама становяцца эпізодамі адміністрацыйных працэсаў.

У ліку правапарушальнікаў аказаліся неплацельшчыкі па абавязковых страхавых унёсках або унёсках на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне, а таксама аматары лёгкай нажывы, што пераступілі правілы вядзеньня рыбалоўства, у дачыненьні да якіх было ўжытае спагнаньне. Дарэчы, грашоваму штрафу падвергліся амаль 83% прыцягнутых, толькі адзінкі абышліся папярэджаньнямі. Сярод найбольш распаўсюджаных дадатковых мер пакараньня сталі канфіскацыя і пазбаўленьне спэцыяльнага права. Варта адзначыць, што судом спыненаяя вытворчасьць па 105 адміністрацыйных справах - 12% ад колькасьці тых, што паступілі на разгляд.

За мінулы пэрыяд было скончана 438 грамадзянскіх спраў, у структуры якіх асноўную масу склала пазоўная вытворчасьць.

«Найбольш старанна падышлі судзьдзі да разгляду матэрыялаў сацыяльнай накіраванасьці, зьвязаных з жыльлёвымі, зямельнымі, шлюбна-сямейнымі адносінамі. Зь ліку вырашаных грамадзянска-прававых спрэчак дамінуючымі сталі пытаньні, зьвязаныя з аплатай працы, абаронай правоў спажыўцоў і іншыя», - канстатавала Марына Гарохава.

У большасьці сваім такія пазовы былі прызнаныя абгрунтаванымі і задаволеныя судом.

Сярод спраў адмысловай вытворчасьці найбольшую папулярнасьць набылі прымусовая шпіталізацыя і лекаваньне ў ЛПП - у лячэбна-працоўныя прафілякторыі адпраўлена 37 жыхароў Віцебскага раёну.

У сыстэме загаднай вытворчасьці ў лідэрах матэрыялы аб спагнаньні алімэнтаў на непаўнагадовых дзяцей.

Судом раёну былі разгледжаныя 120 крымінальных спраў у дачыненьні да 114 абвінавачаных. Што тычыцца лінейкі пакараньняў, да самай строгай меры - пазбаўленьня волі - былі прысуджаныя 28 чалавек, умоўна-датэрміновае вызваленьне атрымалі 10 асуджаных, 22-м замянілі не адбытую частку пакараньня больш мяккім.

Крымінальны рэйтынг узначалілі злачынствы супраць уласнасьці - крадзяжы, разбоі, крадзяжы праз злоўжываньне службовым становішчам. Застаецца высокім узровень злачыннасьці, зьвязанай зь незаконным абаротам наркатычных сродкаў, а таксама парушэньнямі правілаў дарожнага руху або эксплёатацыі транспартных сродкаў. Як правіла, паўторныя цягам году алькагольныя аўтаэпапеі прыводзяць да канфіскацыі машыны. Гэты рэзанансны пункт у заканадаўстве, на думку старшыні суду, павінен рабіць ацьвераджальны эфэкт на кіроўцаў, якія любяць пракаціцца пад градусам, а таксама якія перадаюць кіраваньне аўто п’янаму чалавеку. Нярэдкія выпадкі, калі абвінавачаныя памылкова лічаць такі выгляд ўзьдзеяньня неправамерным.

«Справядлівасьць судовых рашэньняў - той крытэр, паводле якога грамадзтва ацэньвае якасьць правасудзьдзя. Таму галоўнай задачай судзьдзяў па-ранейшаму застаецца карпатлівае і дбайнае вывучэньне ўсяго комплексу сабраных матэрыялаў па тых ці іншых справах, а таксама судовай практыкі, правільнае прымяненьне законаў», - падсумавала Марына Гарохава.

Паводле pridvinje.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.