web analytics
Скайп не дапамог віцебскаму праваабаронцу адстаяць свае правы ў судзе (відэа) » article » За правы чалавека

Скайп не дапамог віцебскаму праваабаронцу адстаяць свае правы ў судзе (відэа)

28 February 2015 | admin |

Суд онлайнНезвычайнае судовае паседжаньне адбылося ў Віцебску. Праваабаронца Павал Левінаў падаў скаргу на дзеяньні чыноўніцы, якая забараніла яму праводзіць пікет, і прысутнічаў на паседжаньні, знаходзячыся… у сваёй кватэры. Суд прайшоў у выглядзе тэлеканфэрэнцыі праз інтэрнэт.

Зрэшты, незвычайная тэхналёгія вядзеньня суду не паўплывала на рашэньне, прынятае судзьдзёй Натальляй Дасько: суд прызнаў забарону пікету слушнай.

Павал Левінаў абскарджваў адмову ў правядзеньні пікету, падпісаную намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску Вольгай Гурчанкай. Пікет працягласьцю ўсяго 1 хвіліну мусіў адбыцца 10 сьнежня 2014 году. Яго мэтай было: спрыяньне дзяржаўным інстытутам ва ўмацаваньні і разьвіцьці правоў чалавека, прапаганда дакумэнтаў у падтрымку правоў чалавека і публічнага выказваньня свайго меркаваньня па праблеме парушэньня правоў чалавека.

Намесьніца раённай адміністрацыі правядзеньне пікету забараніла, спаслаўшыся, як зазвычай, на адсутнасьць у заяўніка дамоваў на абслугоўваньне акцыі зь міліцыяй, мэдыкамі і ЖКГ, хаця заяўкі на заключэньне неабходных дамоваў ва ўсе згаданыя службы Павал Левінаў накіроўваў.

Праваабаронца спадзяваўся, што чыноўніца, якая адмовіла яму ў пікеце, дасьць свае тлумачэньні ў судзе хаця б на адлегласьці – таму папрасіў судзьдзю правесьці паседжаньне праз скайп. Дарма… Спадарыня Гурчанка не захацела сустрэцца з пазоўнікам нават онлайн, і таму паседжаньне адбывалася безь яе ўдзелу.

Суд ня ўзяў пад увагу аргумэнты праваабаронцы Левінава, яго згадкі міжнароднага права і рашэньняў Камітэту па правох чалавеку ААН. Вэрдыкт суду: забараніўшы пікет, намесьніца адміністрацыі раёну ўсё зрабіла правільна.

Новыя тэхналёгіі, нарэшце, прыйшлі ў суды. Цяпер яны гатовыя ўсё рабіць онлайн. Мабыць, усьлед за прыняцьцем новых спосабаў вядзеньня судовых паседжаньняў суды нарэшце зробяць наступны крок: па-новаму стануць глядзець на правы чалавека, гарантаваныя кожнаму грамадзяніну Канстытуцыяй і міжнароднымі прававымі актамі, падпісанымі Беларусьсю? І, мабыць, неўзабаве надыдзе той дзень, калі правы на мірныя сходы і выказваньне сваіх меркаваньняў можна будзе абараніць у судзе – чаго ў Віцебску не ўдавалася зрабіць ні разу за апошнія больш як 5 год, цягам якіх мясцовыя ўлады не дазволілі ніводнай публічнай акцыі апазыцыянэраў і  праваабаронцаў?

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.