web analytics
Прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў па справах уцекачоў сустрэліся з украінскімі мігрантамі ў Віцебску » article » За правы чалавека

Прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў па справах уцекачоў сустрэліся з украінскімі мігрантамі ў Віцебску

26 February 2015 | admin |

Сустрэча па пытаньнях уцекачоўСтановішча ўкраінскіх грамадзян, вымушаных пакінуць родны дом у сувязі з ваенным канфліктам, знаходзіцца пад увагай ня толькі той краіны, куды яны прыбываюць у пошуках мірнага жыцьця, але і розных міжнародных аб’яднаньняў і супольнасьцяў. Менавіта з гэтай мэтай прадстаўнікі ўпраўленьня Вярхоўнага камісарыяту ААН па справах уцекачоў (УВКУ ААН) і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Рэспубліцы Беларусь прыехалі на Віцебшчыну.

Замежныя госьці пабывалі ў пункце часовага пасяленьня ўцекачоў, сустрэліся з прадстаўнікамі міграцыйнай службы, аддзяленьня Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, мясцовай улады, а таксама самімі ўкраінцамі.

- Мы рэгулярна наведваем рэгіёны Беларусі, каб паглядзець, як працуюць нашы калегі зь дзяржорганаў, якія займаюцца пытаньнямі міграцыі і прыстанішча, таварыства Чырвонага Крыжа. Наведваючыся ў паўночны рэгіён вашай краіны, у чарговы раз пераконваюся ў тым, што тут сыстэма адладжаная і працуе належным чынам, пра што сьведчыць і той факт, што людзі да вас едуць з усіх куткоў Беларусі, каб тут атабарыцца, - адзначыў прадстаўнік УВКУ ААН у Рэспубліцы Беларусь спадар Жан Іў Бушардзі. - Важная частка нашага візыту - сустрэчы з самімі заяўнікамі, гэтым разам з грамадзянамі Ўкраіны. У нас заплянаваная і паездка ў сельскую мясцовасьць, каб паглядзець, якіх посьпехаў дабіліся нашы калегі. Даведаўшыся пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца ўкраінскія перасяленцы, мы можам дапамагчы, паколькі частка пытаньняў гэтай катэгорыі грамадзян вырашаецца аўтаматычна, частка - па заяве. Ня менш важна і кансультаваньне, якое мы ладзім. Практыка паказвае, што ня ўсе людзі ведаюць поўны спэктар сваіх правоў.

Большая частка праблем, узьнятых украінскімі грамадзянамі падчас сустрэчы з дэлегацыяй у офісе службы кансультаваньня ўцекачоў у Віцебску, тычылася жытла, выплаты пэнсіяў і аказаньня мэдычнай дапамогі.

Напрыклад, пэнсіянэрка Ларыса Стрэльнікава з Данецкай вобласьці пераехала да сяброў у Воршу. Тут ёсьць дах над галавой, дапамогу плацяць, маецца дадатковая абарона дзяржавы, аднак адно жыцьцёва важнае для яе пытаньне застаецца нявырашаным. Жанчына пакутуе на цукровы дыябэт і хваробу Паркінсона, за неабходныя кансультацыі ў спэцыялістаў і мэдыкамэнты ёй як замежнай грамадзянцы даводзіцца плаціць сумы, якія не па кішэні (згодна з Указам прэзыдэнта РБ №420 “Аб знаходжаньні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь” у дзяржаўных мэдустановах бясплатна выдаецца толькі пэўны пералік даведак, праводзяцца прафіляктычныя прышчэпкі і дыспансэрнае назіраньне за цяжарнымі жанчынамі). З аналягічнай праблемай сутыкнулася і сям’я Шматэнка таксама з Данецкай вобласьці, дзе цукровы дыябэт у бабулі.

У некаторых з тых, хто прыйшоў на сустрэчу, востра стаіць пытаньне з жытлом. Так, Натальля Кацабурава прыехала са сваёй сям’ёй у Беларусь з Данецку. Пакуль перасяленцы бясплатна жывуць на лецішчы ў адной жанчыны, на якую выйшлі празь беларускіх сваякоў. Аднак гаспадыня зьбіраецца прадаваць хату, і сям’я застанецца на дварэ.

Для тых, хто прывёз з сабой састарэлых бацькоў, актуальная праблема выплаты пэнсіяў, якая не ажыцьцяўляецца без афармленьня пасьведчаньня на жыхарства.

У вырашэньні некаторых пытаньняў беларускія прадстаўнікі УВКУ ААН абяцалі дапамагчы, у тым ліку па заявах тых, што зьвярнуліся, магчыма пакрыцьцё выдаткаў да 80% на набыцьцё лекаў. Гэта, як правіла, не распаўсюджваецца на імпартныя прэпараты, аднак дапушчальнае выключэньне, калі яны жыцьцёва неабходныя чалавеку і ня маюць беларускіх аналягаў. Што тычыцца абсьледаваньняў, то асноўны партнэр арганізацыі, таварыства Чырвонага Крыжа, можа заключыць дамову з канкрэтнай паліклінікай, а ўжо выстаўлены мэдустановай кошт пакрываецца са сродкаў УВКУ ААН.

Таксама арганізацыя можа дапамагчы ўцекачам матэрыяльна, а менавіта выплачваць і падаўжаць пэрыяд ажыцьцяўленьня штомесячнай і экстранай грашовай дапамогі, якая выдаецца на зварот заяўніка. Першыя, хто можа на яе разьлічваць, - непаўналетнія, людзі старэчага веку, з пэўным пералікам захворваньняў, інваліды, маці, якія адны гадуюць дзяцей. Агульны крытэр для ўсіх - каб чалавек зьвярнуўся ў міграцыйную службу па наданьне абароны ў Рэспубліцы Беларусь або атрымаў статус уцекача.

vitvesti.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.