web analytics
Гендырэктар «Марко»: Банкі – гэта недатыкальная каста » article » За правы чалавека

Гендырэктар «Марко»: Банкі – гэта недатыкальная каста

23 February 2015 | admin |

Mikalaj Martynau«Марко» можа ня выканаць забавязаньняў, ускладзеных на кампанію ўказам прэзыдэнта - стварэньне абутковага голдынгу да 2016 году знаходзіцца пад пагрозаю. Далучэньне стратных прадпрыемстваў да пасьпяховых, і стварэньне такім спосабам буйных голдынгаў было гітом прамысловай палітыкі мінулага ўраду Міхаіла Мясьніковіча. Не абмінула чара гэтая і лідэра абутковай прамысловасьці кампанію «Марко».

Пабачыўшы, што прадпрыемства пасьпяхова дало рады павешанаму на яго яшчэ ў 2008 годзе заводу «Чырвоны Кастрычнік», улады вырашылі дадаць да іх і Віцебскі футравы камбінат. Так у 2013 годзе нарадзіўся голдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марко”».

Аднак стратны футравы камбінат быў аддадзены «Марка» ня проста так, а разам з маштабнымі забавязаньнямі. Згодна з указам прэзыдэнта, голдынг павінен правесьці мадэрнізацыю камбінату, уклаўшы 70 мільёнаў даляраў. Увод у эксплёатацыю пераўтворанага прадпрыемства заплянаваны на кастрычнік 2016-га.

Паралельна павінна ладзіцца мадэрнізацыя ўсяго голдынгу (6 прадпрыемстваў) з дэдлайнам у 2017 годзе. «Марко» абавязаны павялічыць аб’ём вытворчасьці абутку да 5 мільёнаў пар у год. Рэнтабэльнасьць продажаў пры гэтым неабходна забясьпечыць ня менш за 12%, выручку ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго працаўніка - 40 тысяч даляраў. Заплянавана стварыць 926 новых працоўных месцаў, напалову зьнізіць імпартны складнік пры вытворчасьці абутку і павялічыць аб’ём экспарту.

Агульны аб’ём інвэстыцыяў у рэалізацыю ўсяго праекту ўказам ацэньваецца ў 120 мільёнаў даляраў. Згодна з дакумэнтам, праект фінансуецца як уласнымі сродкамі голдынгу, гэтак і банкаўскімі крэдытамі пры падтрымцы дзяржавы.

Пры канцы мінулага году ўладальнік «Марко» Мікалай Мартынаў заяўляў, што найбліжэйшым часам атрымае крэдыты. Аднак неўзабаве стала вядома, што бізнэсовец мае цяжкасьці з прыцягненьнем сродкаў.

Так, Мікалай Мартынаў зьвяртаўся з адпаведнай скаргай да старшыні віцебскага аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва. Кампанія заяўляла, што для таго, каб мадэрнізаваць прадпрыемства ў належны тэрмін, ужо з красавіка 2015-га трэба пачаць крэдытаваньне. Інакш работы спыняцца.

Гэтую ж праблему ён агучыў на паседжаньні Савету па разьвіцьці прадпрымальніцтва, дзе яго выслухалі старшыня Савету Пётар Пракаповіч і віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі.

Паводле словаў бізнэсоўца, пытаньне фінансаваньня стопарыцца на ўзроўні банкаў.

«Сёньня мы ўзялі на сябе сьмеласьць - мабыць, яна нават на мяжы глупства - будаўніча-мантажныя работы часткова прафінансаваць у валюце, - сказаў кіраўнік голдынгу. - Але нават у валюце пачынаюцца нейкія перашкоды. Мы зьбіраліся тыдзень таму - была адна стаўка па працэнтах, учора - ужо значна вышэйшая».

На думку Мікалая Мартынава, банкі адмыслова гэтак паводзяцца, каб зусім не адкрываць фінансаваньня.

«Але нейкая мяжа павінна быць. Ёсьць указ, там прапісаныя стаўкі - і ў валюце, і ў рублёх», - абураецца бізнэсовец.

«Банкі сёньня - гэта недатыкальная каста, да іх нельга падысьці, - заявіў кіраўнік “Марко”. - Але яны, у рэшце рэшт, таксама ўдзельнікі гэтага рынку. Я прайшоў усе банкі, і ў Нацбанку быў. І бачу: урад ім - ня ўказ, указ прэзыдэнта - таксама ня ўказ».

Бізнэсовец заявіў, што бачыць выкананьне праекту толькі ў тым выпадку, калі будзе выкананая «тая частка, якая зьвязаная з крэдытнай палітыкай нашай дзяржавы». Ён разьлічвае на ўмяшаньне ўраду ў вырашэньне праблемы.

ej.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.