web analytics
За пашкоджаньне помніку архітэктуры XII стагодзьдзя ў Полацку няма каго прыцягнуць да адказнасьці » article » За правы чалавека

За пашкоджаньне помніку архітэктуры XII стагодзьдзя ў Полацку няма каго прыцягнуць да адказнасьці

20 February 2015 | admin |

У Полацку пашкоджаны падмурак манастыра - 5Праектна-каштарысная дакумэнтацыя на правядзеньне газаправоду ў завулку Юбілейным у Полацку распрацоўвалася яшчэ Полацкім гарвыканкамам, які ў 2013 годзе быў рэарганізаваны. Як вынік, «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці асоб, якія падпісалі акт выбару зямельнага ўчастку, не ўяўляецца магчымым».

Помнік археалёгіі - падмурак адной з пабудоў Барысаглебскага манастыра XII стагодзьдзя быў пашкоджаны падчас пракладкі газаправоду ў завулку Юбілейным. Гэты раён знаходзіцца практычна ў самым цэнтры старажытнага гораду і ўваходзіць у склад ахоўнай зоны гісторыка-археалягічнага музэю-запаведніку Полацку.

Паведаміў пра здарэньне полацкі краязнаўца Аляксей Бухавецкі.

Міністэрства культуры 6 лютага накіравала прадпісаньне ў Полацкі райвыканкам і Віцебскі аблвыканкам з патрабаваньнем прыпыніць правядзеньне земляных работ, забясьпечыць выкананьне Палажэньня аб ахове археалягічных аб’ектаў пры правядзеньне земляных і будаўнічых работ, зацьверджанага Саветам Міністраў.

Галоўнае ж патрабаваньне - атрымаць ад Міністэрства культуры дазвол на правядзеньне работ. Чаго зроблена не было, паведамляе «СБ».

Як патлумачыла начальнік аддзелу па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Натальля Хвір, усё што здарылася ў Полацку - прыклад або няведаньня, або ігнараваньня закону.

Як гаворыцца ў прадпісаньні Мінкультуры, мясцовым уладам варта было разам з Нацыянальнай акадэміяй навук «забясьпечыць ажыцьцяўленьне мер па ахове выяўленых археалягічных аб’ектаў». Прасьцей кажучы - павінен быў прысутнічаць археоляг з Інстытуту гісторыі НАН. У выпадку, калі былі б знойдзены падмуркі старажытнага будынку (што і адбылося), ён меў бы права прыпыніць работы.

У адказе Полацкага райвыканкаму сказана, што праектна-каштарысная дакумэнтацыя распрацоўвалася яшчэ ў 2012 годзе і тады «ў склад камісіі прадстаўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку, зь невядомых прычын, уключаныя не былі».

Райвыканкам паведаміў, што работы прыпыненыя, а ў склад камісіі ўключаны прадстаўнік музэю-запаведніку.

Аднак, як заўважыла Натальля Хвір, у Мінкультуры патрабавалі ня гэта. Тут так і не атрымалі ад полацкіх уладаў адказу на галоўнае пытаньне: чаму не было ад іх запыту на дазвол міністэрства і ніхто ня выклікаў археолягаў, безь якіх наогул ніякія дзеяньні на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад аховай дзяржавы, праводзіцца ня могуць.

Усе гэтыя грубыя парушэньні, як гаворыцца ў прадпісаньні Міністэрства культуры, павінны пацягнуць адміністрацыйную адказнасьць вінаватых асоб.

У райвыканкаме заявілі, што «у сувязі з рэарганізацыяй ў 2013 годзе Полацкага гарвыканкаму прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці асоб, якія падпісалі акт выбару зямельнага ўчастку, не ўяўляецца магчымым».

ximik.info

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.