web analytics
Жыхары вёсак, што засталіся без аўтобуснага злучэньня, пагражаюць байкотам выбараў » article » За правы чалавека

Жыхары вёсак, што засталіся без аўтобуснага злучэньня, пагражаюць байкотам выбараў

17 February 2015 | admin |

ВяскоўцыУжо некалькі месяцаў пяць вёсак Чашніцкага раёну ня маюць аўтобуснага злучэньня з райцэнтрам. Вяскоўцы нават ня могуць трапіць у шпіталь або на рынак.

У «Народныя навіны Віцебска» зьвярнуліся жыхары вёсак Баяры і Сялец з паведамленьнем пра тое, што на працягу восені і зімы не выконваюцца рэйсы прыгараднага аўтобусу «Чашнікі-Сялец». Для насельніцтва вёсак Асташова, Баяры, Вяжоўка, Сялец і Тарантава гэты маршрут, па якім аўтобус хадзіў два разы ў пятніцу і два разы ў нядзелю, быў адзіным спосабам дабрацца да райцэнтру.

У аддзеле перавозак ААТ «Віцебскаблаўтатранс» пасьля доўгіх удакладненьняў пацьвердзілі, што на мінулым тыдні рэйсы па маршруце «Чашнікі-Сялец» сапраўды не выконваліся, спаслаўшыся на тое, што ў ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства №9 г. Чашнікі» гэта тлумачаць нізкім пасажырапатокам. А для далейшага тлумачэньня сытуацыі запатрабавалі накіраваць ім афіцыйны запыт.

У той самы час вяскоўцы сьцьвярджаюць, што ўжо ўлетку аўтобус на прыпынках у іх вёсках зьяўляўся ад выпадку да выпадку, і трэба было тэлефанаваць на аўтавакзал, каб удакладніць - ці прыйдзе ён гэтым разам. Інфармацыю пра нібыта нізкі пасажырапаток яны схільныя тлумачыць тым, што кіроўцы часьцяком кладуць аплату праезду сабе ў кішэню і не выдаюць квіткоў, з-за чаго, натуральна, і складваецца ўражаньне, што аўтобус катаўся пусты.

Згодна з рашэньнем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту ад 25 ліпеня 2011 г. № 464 «Аб пераліку дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўваньні насельніцтва Віцебскай вобласьці» з унесенымi ў яго зьменамі, населеныя пункты, дзе пражывае ад 20 да 50 чалавек, павінны мець ахоп транспартным злучэньнем 100 адсоткаў з выкананьнем на менш за 4 рэйсы на тыдзень, а з насельніцтвам звыш 50 чалавек - ня менш за 8 рэйсаў на тыдзень. Як бачым, высокія дзяржаўныя стандарты ў Чашніцкім раёне ў гэтым выпадку выконваюцца толькі на паперы.

Паводле словаў вяскоўцаў, цяпер яны пазбаўленыя магчымасьці трапіць на рынак, каб прадаць на рынку плады сваёй працы, што зьяўлялася падтрымкай да невысокім пэнсіяў былых калгасьнікаў. Яшчэ больш цяжкасьцяў узьнікае ў выпадку хваробы - да лекара даводзіцца дабірацца на спадарожках або выклікаць «хуткую дапамогу».

Забытыя раённым начальствам жыхары вёсак, што засталіся без аўтобуснага злучэньня, з прыкрасьцю кажуць, што калі дзяржаве яны не патрэбныя, то і ў дзяржаве яны ня маюць патрэбу і дапускаюць магчымасьць байкатаваньня маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта.

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.