web analytics
У Віцебску ўлады і… мэдыкі зноў сарвалі правядзеньне пікетаў » article » За правы чалавека

У Віцебску ўлады і… мэдыкі зноў сарвалі правядзеньне пікетаў

15 February 2015 | admin |

Pikiet zabaronienyІзноў у Віцебску не адбыліся пікеты, заяўкі на правядзеньне якіх падавалі мясцовыя апазыцыянэры. Чыноўнікі раённых адміністрацыяў гораду патлумачылі свае рашэньні пра забароны пікетаў стандартна: арганізатары акцыяў ня выканалі рашэньне гарвыканкаму пра дамовы на абслугоўваньне акцыяў са службай ЖКГ, міліцыянтамі і мэдыкамі. Апошнія ж ад заключэньня неабходных дамоваў ізноў ухіліліся…

Заяўкі на пікеты (па адной у кожную з трох раённых адміністрацыяў Віцебску) падавалі пяцёра сяброў КХП-БНФ. Усе пікеты мусілі ладзіцца ў розны час 10 лютага. Іх мэта: давесьці грамадзянам, што знаходжаньне Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе стане асновай для страты дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны, прывядзе да далейшага зьнішчэньня беларускай мовы, гісторыі і культуры беларускай дзяржавы.

Апроч заявак на пікеты, падаваліся таксама заявы пра заключэньне патрэбных дамоваў генэральнаму дырэктару УКВП «Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка», ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту ды ва ўстанову аховы здароўя «Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка». Згодна з рашэньнем гарвыканкаму, прынятым у 2009 годзе, такія дамовы трэба мець абавязкова, каб прэтэндаваць на атрыманьне дазволу ад мясцовых уладаў на правядзеньне якога-кольвек масавага мерапрыемства.

Заключыць дамову з апазыцыянэрамі пагадзіліся толькі камунальнікі. Зь міліцыі паведамілі, што будуць ахоўваць парадак падчас пікетаў, але толькі калі ўлады дадуць дазволы на іх правядзеньне. Самым жа катэгарычным аказалася кіраўніцтва УАЗ «Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка»: Каардынаваць загадзя дзейнасьць мэдычных брыгад установы на дату меркаванага мерапрыемства не ўяўляецца магчымым, таму не ўяўляецца магчымым заключыць дамовы, – напісаў, адказваючы на заяву, галоўны лекар паліклінікі Станіслаў Цітовіч.

Ад моманту прыняцьця Віцебскім гарвыканкамам рашэньня аб неабходнасьці заключаць нейкія дамовы – цягам блізу пяці гадоў – у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі апазыцыі. Менавіта адсутнасьцю дамоваў з патрэбнымі службамі мясцовыя ўлады зазвычай абгрунтоўваюць свае забароны на правядзеньне акцыяў.

Але гэтым разам яны праявілі крэатыўнасьць і дадалі яшчэ адзін пункт у абгрунтаваньне забаронаў пікетаў. Яну Дзяржаўцаву, аднаму з заяўнікаў, чыноўнікі паведамілі, што цягам апошняга году ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, таму, маўляў, быць заяўнікам ня можа.

Сябра КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў такім адказам абураны, бо заяўкі на правядзеньне пікетаў падпісалі яшчэ чацьвёра яго аднапартыйцаў, якія нічога не парушалі. Таксама Ян Дзяржаўцаў абураны тым фактам, што з адной з адміністрацыяў – Першамайскага раёну – адказ прыйшоў на расейскай мове, хаця заяўка падавалася па-беларуску. Гэта зьяўляецца парушэньнем Закону аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, і апазыцыйны актывіст ужо падрыхтаваў адпаведныя скаргі ў пракуратуру і аблвыканкам.

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.