web analytics
У Віцебскай вобласьці зьнізіўся давер да міліцыі » article » За правы чалавека

У Віцебскай вобласьці зьнізіўся давер да міліцыі

31 January 2015 | admin |

MilicyjantyЗьніжэньне даверу да міліцыі назіраецца па ўсёй Беларусі. У 2014 годзе ў Віцебскай вобласьці сярэдні ўзровень поўнага даверу насельніцтва да міліцыі зьнізіўся з 36,2% да 35,5% і дасягнуў узроўню 2011 году.

Пры зьніжэньні сярэдняга рэйтынгу па вобласьці праваахоўнікам удалося дасягнуць станоўчай дынамікі ў дзевяці рэгіёнах. Адпаведна, у астатніх 13 раёнах і ў Віцебску ўзровень поўнага даверу альбо зьнізіўся, альбо застаўся на ранейшым узроўні. Упершыню на сайце УУС Віцебскага аблвыканкаму ня сталі публікаваць мапу з інфаграфікай гэтага паказчыка і дынаміку зьмены даверу можна адсачыць толькі па пасьпяховых раёнах.

У паведамленьні адзначаецца высокі ўзровень (вышэй за сярэднеабласны) поўнага даверу насельніцтва міліцыі на аб’ектах транспарту: у Аршанскім АУСТ - вышэй на 10,8%, Віцебскім АУСТ - вышэй на 9,9%. Аднак калі перавесьці паказчыкі ў абсалютныя лічбы і параўнаць зь мінулым годам, то ў Віцебску міліцыя на транспарце захавала ранейшы ўзровень - 45,4%, а ў Аршанскім АУСТ назіраецца падзеньне на 0,2 працэнтныя пункты - 46,3% супраць 46,5% у 2013 годзе.

Ацэньваючы апэратыўнасьць рэагаваньня нарадаў міліцыі на паведамленьні і заявы аб правапарушэньнях, 83,5% апытаных адзначылі высокую апэратыўнасьць рэагаваньня міліцыі пры звароце па тэлефоне «102» - гэты паказчык хоць і застаецца найвышэйшым у краіне, але, у параўнаньні зь мінулым годам, зьнізіўся на 1,7 працэнтныя пункты.

Колькасьць рэспандэнтаў, якія зьвярталіся ў органы ўнутраных спраў і задаволеныя рашэньнямі, прынятымі па іх заявах, тэрмінамі і паўнатой праведзеных праверак, зьнізілася на 2,6 працэнтныя пункты і складае 52,3%. Гэты паказчык самы высокі ў Мёрскім раёне (69,9%), тады як летась быў у Глыбоцкім (71,3%).

Вельмі рэзка зьнізілася колькасьць людзей, якія ў выпадку рэальнай пагрозы жыцьцю, здароўю, маёмасьці гатовыя зьвярнуцца па дапамогу ў міліцыю - па выніках 2014 году гэты паказчык склаў усяго 67,6%, тады як год таму дасягаў 80,6%.

Станам бясьпекі дарожнага руху задаволена 44,1% (+ 0,4%) насельніцтва Віцебшчыны (у цэлым па краіне - 42,5%). Найбольшы паказчык у Сеньненскім раёне (56,4%), Наваполацку (55,7%) і Шаркоўшчынскім (53%) раёне. 33% апытаных лічаць, што стан бясьпекі дарожнага руху апошнімі гадамі палепшылася. Разам з тым 5,1% адзначаюць пагаршэньне гэтага паказчыка.

news.vitebsk.cc

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.