web analytics
Блог віцебскага актывіста падвергся атацы » article » За правы чалавека

Блог віцебскага актывіста падвергся атацы

31 January 2015 | admin |

Сяргей БелязекаНевядомыя зламысьнікі ўзламалі блог «Вольная зона Беларусь», які вядзе ў «Жывым часопісе» віцебчук Сяргей Белязека. Цягам двух сутак аўтар ня мог зайсьці на свой сайт. І толькі ўмяшаньне адміністрацыі «Жывога часопісу» дапамагло вырашыць праблему: праца блогу была адноўленая.

Блогер Сяргей Белязека: «На мой сайт адбылася атака нейкага “Кібэрберкуту”. Мне прыйшло на электронную паштовую скрыню паведамленьне ад адміністрацыі “Жывога часопісу”, што ў мой сайт спрабавалі залезьці чужыя людзі. У выніку шмат хто спрабавалі зайсьці на сайт, каб пачытаць, і пісалі, што не маглі. Маглі ўзламаць і зь Беларусі, і з Расеі, і з Украіны – розныя фанаты “Кібэрберкуту”. Пазьней ад адміністрацыі “Жывога часопісу” мне прыйшло паведамленьне такога зьместу: Дзякуй за ваш допіс. Вашаму акаўнту вернуты дзеючы статус. На гэты момант мы пасьпяхова выдалілі запісы, пакінутыя зламысьнікам у вашым часопісе».

Сяргей Белязека за свой удзел у акцыях апазыцыі ў сярэдзіне 2000-х гадоў неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі і падвяргаўся адміністрацыйным спагнаньням. Апошні такі выпадак адбыўся ў кастрычніку 2007 году, калі актывіст быў затрыманы ля вёскі Паляі за ўдзел у акцыі ў памяць ахвяр камуністычнага рэжыму і аштрафаваны на 20 базавых велічынь нібыта за парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства. Пазьней Камітэт ААН па правох чалавеку прызнаў, што, затрымаўшы і аштрафаваўшы Сяргея Белязеку, улады Беларусі парушылі ягоныя правы.

У рэшце рэшт ім было прынятае рашэньне больш ня ўдзельнічаць у апазыцыйных акцыях – «каб аплачанымі штрафамі не фінансаваць дзяржаву». Цяпер Сяргей Белязека вядомы сваёй актыўнасьцю ў інтэрнэце. У сваім блогу «Вольная зона Беларусь» ён публікуе развагі наконт бягучых падзеяў, свае вершы і тэксты песень з акордамі, жарты, а таксама пародыі ўласнага аўтарства.

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.