web analytics
Колішні прэтэндэнт на прэзыдэнцтва згвалціў валацугу ў выцьвярэзьніку? » article » За правы чалавека

Колішні прэтэндэнт на прэзыдэнцтва згвалціў валацугу ў выцьвярэзьніку?

29 January 2015 | admin |

Siarhiej RyzouСкандальна вядомы віцебскі палітык Сяргей Рыжоў, які спрабаваў стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 годзe, але не набраў патрэбнай колькасьці подпісаў выбаршчыкаў, зьмешчаны ў СІЗА паводле абвінавачаньня ў хуліганстве сэксуальнага характару ў дачыненьні да мужчыны бяз пэўнага месца жыхарства, паведамляе by24.org.

“Акт каханьня” адбыўся ў віцебскім гарадзкім выцьвярэзьніку, куды Сяргея Рыжова, які даўно злоўжываў алькаголем, у чарговы раз даставілі міліцыянты. У памяшканьні, куды зьмясьцілі палітыка, у гэты час на сваё няшчасьце спаў п’яны бомж.

Пра затрыманьне віцебскага палітыка стала вядома на днях з паведамленьня “Радыё Рацыя”, якое спасылалася на інфармацыю ад яго маці. Жанчына распавяла журналістам, што Сяргея Рыжова нібыта “перасьледуюць за крытычны артыкул пра беларускія ўлады, якую ён апублікаваў у інтэрнэце”. У той самы час знаёмы затрыманага, віцебскі лекар-псыхіятар Ігар Пастноў, зь якім таксама зьвязаліся журналісты, расказаў ім пра нейкі інцыдэнт з бамжом ў выцьвярэзьніку, куды быў зьмешчаны Сяргей Рыжоў. Праўда, пры гэтым ішла гаворка толькі пра “зьбіцьцё бамжа” і абвінавачаньні ў “хуліганстве”.

Канчатковую яснасьць у сытуацыю ўнесла афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Юлія Ганчарова. На сваёй старонцы ў Facebook яна апублікавала інфармацыю пра незвычайную крымінальную справу, зразумела, апусьціўшы прозьвішча і імя абвінавачанага з этычных меркаваньняў. Аднак, супаставіўшы ўсе факты, зусім ня цяжка здагадацца, што вядзецца менавіта пра Сяргея Рыжова - супадае ўсё, аж да году нараджэньня палітыка.

“Сьледства выявіла, што 16 лістапада 2013 году мужчына 1964 году нараджэньня, які зьдзейсьніў адміністрацыйнае правапарушэньне, быў зьмешчаны ў мэдвыцьвярэзьнік УУС Віцебскага аблвыканкаму, - распавяла афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова. - Падчас знаходжаньня ў палаце ўстановы ён, ігнаруючы вызначаныя правілы паводзінаў і выказваючы відавочную непавагу да навакольных, агаліў свае палавыя органы, а пасьля неаднаразова зьдзейсьніў супрацьпраўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да сьпячага ў палаце мужчыны. Пасьля вызваленьня зь мэдвыцьвярэзьніку ён схаваўся з мэтай пазьбегнуць адказнасьці і быў затрыманы толькі ў студзені 2015 году. Цяпер зь ім працуюць сьледчыя”.

Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Беларусі, у крымінальнай справе маецца відэазапіс таго, што адбылося, зроблены камэрай відэаназіраньня, якая была ўсталяваная ў палаце. Аднак публікаваць яе ў СМІ сьледзтва лічыць немагчымым з этычных меркаваньняў.

Раней СМІ паведамлялі, што Сяргей Рыжоў зьбег зь Беларусі ў Расею. Цяпер, супаставіўшы факты, нескладана зразумець, з чым менавіта гэта было зьвязана. Паводле словаў маці палітыка, у Беларусь ён вымушаны быў вярнуцца, бо ў Маскве ў яго выкралі дакумэнты.

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.