web analytics
Праз сацыяльныя сеткі распаўсюджваецца «кампрамат» на віцебскіх актывістаў » article » За правы чалавека

Праз сацыяльныя сеткі распаўсюджваецца «кампрамат» на віцебскіх актывістаў

28 January 2015 | admin |

KiberzlaczyncaНевядомыя разьмясьцілі ў сацыяльных сетках абразьлівыя ды ілжывыя допісы пра прыхільнікаў стварэньня партыі БХД і іншых актывістаў. Інфармацыю пра допісы разаслалі як іхным асабістым знаёмым, так і аднадумцам зь ліку дэмакратычнай апазыцыі ды незалежным журналістам.

Журналістаў спрабуюць уцягнуць у дыскусіі, прапануючы ім «гарачыя тэмы» і «сэнсацыйныя навіны». Пра тое, што стаіць за «сэнсацыямі», паведаміла Алена Шабуня, віцебская актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД:

«Я атрымала ліст у „Фэйсбуку“ ад невядомай мне асобы, што ў сацыяльнай сетцы „Ўкантакце“ ёсьць згадкі пра Тацьцяну Севярынец і маю зь ёй супольную працу. А ва „Укантакце“ я ўбачыла суполку, якая знарок створаная для „ўкідаў“ ілжывых і абразьлівых зьвестак: у суполцы пяць удзельнікаў, і сярод іх таксама, здаецца, няма ніводнай рэальнай асобы — няма прозьвішчаў, а замест фотаздымкаў нейкія карцінкі. Усе допісы — спрэс абразьлівыя: то камэнтары да фотаздымкаў Тацьцяны Севярынец, што былі апублікаваныя на сайце bchd.info, то абмеркаваньне ўлётак, дзе нехта шукаў артаграфічныя памылкі, то ўжо зусім правакацыйныя паведамленьні пра прыватнае жыцьцё — і Тацьцяны Севярынец, і каардынатара руху „За свабоду“ Хрыстафора Жаляпава, і мясцовага палітыка Сяргея Рыжова. Пасьля допісаў імітуюцца абмеркаваньні тымі самымі пяцьцю чальцамі суполкі, прычым зусім ужо непрыстойнага зьместу».

Тацьцяна Севярынец, на якую «аматары кампрамату» зьвярнулі найбольш увагі, лічыць зьяўленьне інтэрнэт-паклёпнікаў невыпадковым:

«Значыцца, мы трапілі ў балючую кропку сваёй дзейнасьцю! За колькі дзён да актывізацыі „троляў“ мы бралі ўдзел у сходзе, арганізаваным віцебскімі ўладамі. Вялося пра нашы калектыўныя лісты наконт нездавальняючай якасьці мэдычнага абслугоўваньня. Чыноўнікі назвалі нас з Аленай Шабуняй „ворагамі дзяржаўнага ладу“ — толькі за тое, што мы зьбіралі подпісы пад калектыўнымі лістамі за будаўніцтва паліклінікі. Прадстаўнікі ўладаў сказалі, што для будаўніцтва, якое мелася завяршыцца пару гадоў таму, яшчэ „не прыйшоў час“. Бо насельніцтва ў мікрараёне, дзе няма ніводнай мэдычнай установы, толькі 25 тысяч, а паліклінічны комплекс, сказалі, будзе рэнтабэльны толькі тады, калі жыхароў стане больш у 2 разы. Пра гэты сход шмат пісалі ў СМІ, і людзі былі незадаволеныя такой пазыцыяй кіраўніцтва. Вось неўзабаве і зьявіліся тыя, хто нам „адпомсьціў“, выклаўшы розную брыдоту ў сацыяльных сетках!»

Гэткага кшталту «ўкіды» нібыта скандальнай інфармацыі мелі месца і раней. Напярэдадні мінулых мясцовых выбараў у той самай суполцы «Укантакце» распаўсюджвалі паклёпніцкую інфармацыю пра апазыцыйнага кандыдата Хрыстафора Жаляпава, каардынатара руху «За свабоду», які балятаваўся ў абласны савет. Тамсама друкаваліся і карыкатуры на праваабаронцу Паўла Левінава, палітыкаў Вольгу Карач і Сяргея Рыжова.

svaboda.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.