web analytics
Пётар Іваноў аштрафаваны за непавагу да суду » article » За правы чалавека

Пётар Іваноў аштрафаваны за непавагу да суду

31 December 2014 | admin |

Пётар ІваноўСтала вядома яшчэ пра адзін штраф Пятру Іванову, кіраўніку стваранага грамадзкага аб’яднаньня «За сумленную ўладу». Высьветлілася, што 20 сьнежня судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Прэйс прыняў рашэньне спагнаць з актывіста 1,500 мільёну рублёў (10 базавых велічынь) за непавагу да суду (артыкул 24.1 КаАП). Прычым судовае паседжаньне, на якім было прынятае гэтае рашэньне, праходзіла без удзелу абвінавачанага ў правапарушэньні.

«У судовае паседжаньне Іваноў П.Я. не зьявіўся, будучы належным чынам апавешчаным пра дату і час судовага разбору непасрэдна падчас складаньня пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэньне», – гаворыцца ў вынесенай судзьдзём Прэйсам пастанове. Сам жа Пётар Іваноў сьцьвярджае, што пра дзень і час суду яму паведамлена не было, прычым зроблена гэта было наўмысна:

«Па-першае, названы пратакол складаўся ў маю адсутнасьць, пра што дакладна вядома суду. Па-другое, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні быў мне даведзены без паведамленьня даты і часу судовага разбору. Па-трэцяе, чарговае судзілішча спэцыяльна праходзіла без майго апавяшчэньня, каб не дапусьціць апытаньня ў судовым паседжаньні сьведак – відавочцаў падзеі, а таксама пазбавіць мяне магчымасьці даць тлумачэньні, што выкрываюць злачыннае самавольства суду».

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, на падставе якога пакаралі актывіста, склала судзьдзя Натальля Карабліна 15 сьнежня. У той дзень адбывалася першае паседжаньне па адміністрацыйнай справе паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), разгляд якой завяршыўся 23 сьнежня. У выніку таго суду, нагадаем, Пётар Іваноў быў прысуджаны да штрафу памерам 25 базавых велічынь, таксама былі прызначаныя штрафы Аляксандру Холаду (25 б.в.) і Пятру Берлінаву (10 б.в.).

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.