web analytics
Суд прызнаў незаконным зьмяшчэньне ў вар’ятню кіраўніка бараньскага рок-клюбу » article » За правы чалавека

Суд прызнаў незаконным зьмяшчэньне ў вар’ятню кіраўніка бараньскага рок-клюбу

25 December 2014 | admin |

Аляксандар МухінАляксандар Мухін, стваральнік і кіраўнік рок-клюбу Doors, быў вывезены псыхіятрычнай брыгадай з уласнага дому і два дні ўтрымліваўся ў ізаляцыі. За гэты час яму пасьпелі паставіць дыягназ, па Барані пайшлі чуткі пра ягонае, як высьветлілася, неіснуючае псыхічнае захворваньне, міліцыя пасьпела забраць паляўнічую стрэльбу, якая зьяўлялася сямейнай рэліквіяй, і быў дастаўлены шэраг іншых непрыемнасьцяў.

Аляксандар палічыў такія дзеяньні мэдычных работнікаў парушэньнем сваіх законных правоў і зьвярнуўся ў суд.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» Мухін прыводзіць некаторыя моманты суду, які адбыўся:

Судзьдзя зьвяртаецца да лекара В.В. Ганчарэнкі: «Скажыце, а на якой падставе вы зьмясьцілі гр. Мухіна А.А. у стацыянар, як ён паводзіў сябе, якія падставы былі для гэтага?»
Ганчарэнка: «гр. Мухін быў дастаўлены санітарамі за неадэкватныя выказваньні і паводзіны. Падчас агляду паводзіў сябе спакойна, але ўсьміхаўся».
Судзьдзя: «У вас што, усьмешка лічыцца дыягназам? Дык вы і мяне можаце прывезьці?»
Ганчарэнка: «Не, але вы ж самі разумееце, усё ж такі ў нас звычайна не ўсьміхаюцца, а потым ён быў выпіўшы 0,5 праміле, меў неахайны выгляд».
Судзьдзя:«Ну, 0,5 - гэта, быццам, няшмат. А ў чым заключалася неахайнасьць, у чым канкрэтна?»
Ганчарэнка:« Вы ведаеце, я нават не магу дакладна сказаць. Але апрануты ён быў неяк ня так. Не магу нават сказаць, што менавіта, але неяк ня так».

Вось ты, блін… Апрануты я быў у свой ангельскі замшавы гарнітур, увогуле так, як вы мяне ўсе ня раз бачылі на нашых канцэртах. У сваіх цёмных круглых акулярах. Адразу ўсе ў дурцы з крыкамі «Озі Озбарна прывезьлі!!!» прыбеглі на мяне глядзець. Ну, па камплекцыі я дакладна не пацягну… І як тут не прыгадаць: «Вы мяркуеце паводле гарнітуру? Ніколі не рабіце гэтага, шаноўнейшы стораж! Вы можаце памыліцца, і прытым вельмі буйна». - Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў, Майстар і Маргарыта.

Судзьдзя: «Зь якіх меркаваньняў вы зьмясьцілі чалавека ў стацыянар безь ягонай згоды?»
Ганчарэнка: «Ну, мы хацелі паназіраць».

Тут я не стрымаўся і ўставіў фразу: «Хачу нагадаць паважанаму суду, што я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, абаронены, як спадзяюся, канстытуцыяй і законам, а не падвопытная малпа ці мыш, за якой у кагосьці ўзьнікла жаданьне паназіраць».

Лекары дыягназ зьнялі, але мэдычная ўстанова «Аршанская цэнтральная паліклініка» цяпер павінна выплаціць Аляксандру Мухіну 3.000.000 кампэнсацыі маральнай шкоды і 450.000 дзяржаўнай пошліны.

Зараз «Аршанская цэнтральная паліклініка» абскарджвае рашэньне судзьдзі ў Віцебскім абласным судзе.

orsha.eu

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.