web analytics
Гняздо, раскіданае віцебскім «Жылбудам» (відэа) » article » За правы чалавека

Гняздо, раскіданае віцебскім «Жылбудам» (відэа)

30 November 2014 | admin |

Пётар БерлінаўПаўмесяца спатрэбілася «Жылбуду», каб ушчэнт разбурыць дыхтоўны дом амаль ў самым цэнтры Віцебску. Участак зямлі блізу моста Блахіна стаўся для кагосьці смачным кавалкам.

Гадоў пяць таму гаспадару дому, пабудаванага на гэтым участку, паведамілі, што ёсьць рашэньне мясцовых уладаў пра знос ягонага жытла. Уладальніку дому, Пятру Берлінаву, паабяцалі, што кампэнсуюць ягоныя страты – пабудуюць яму аналягічнае жытло ў выбраным ім месцы. Але абяцанкі засталіся толькі на паперы…

Неўзабаве спадар Берлінаў даведаўся, што было прынятае рашэньне прыпыніць любое будаўніцтва на новым участку і прыпыніць выраб праектна-каштарыснай дакумэнтацыі…

Зрэшты, Пётар Берлінаў пэўную «кампэнсацыю» ўсё-такі атрымаў – кватэру на ўскрайку гораду, у Білева, – плошчаю 70 квадратных мэтраў. Але ён лічыць, што яго ашукалі. І ўсяляцца ў новую кватэру не зьбіраецца, каб не падтрымліваць беззаконьне. Паводле словаў Берлінава, згодна з рашэньнем суду ў яго мусілі забраць толькі 67 квадратных мэтраў жытла, а астатняе ня мелі права бурыць, – а забралі ўсё: плошча дому складала 131 квадратны мэтар – і гэта не ўключаючы мансарду, – а былі ж яшчэ гараж, лазьня, цагляная майстэрня.

«Мне гэта складана зразумець, бо начальнік упраўленьня прымусовага выкананьня Лысёнак сказаў: судом вырашана забраць у мяне 67 квадратных мэтраў. На якой падставе сталі нішчыць іншыя пабудовы і сталі маёмасць забіраць?» – абураецца Пётар Берлінаў.

«Вывезьлі ў невядомым накірунку», – фраза, якую пастаянна ўжывае спадар Берлінаў, распавядаючы пра сваю страчаную маёмасьць. Ён ня раз спрабаваў забраць свае рэчы, якія заставаліся ў доме і на ўчастку. Але яму не даваў тое зрабіць стораж, кажучы: маўляў, ня маю права нікога пускаць – тэлефануйце начальству. Калі ж ён спрабаваў вырашыць пытаньне праз тэлефон, «начальства» папросту не адбірала слухаўку.

Паводле Пятра Берлінава, у яго на ўчастку захоўвалася будаўнічых матэрыялаў, дастатковых для пабудовы яшчэ адной хаты. І ўсё вывезьлі. Ды ня толькі тое. Ялінкі і ядлоўцы – і іх выкапалі. І вывезьлі. Нават ягонага сабаку вывезьлі – таксама «ў невядомым накірунку».

Сёньня участак, на якім стаяў дом Пятра Берлінава, нагадвае раскіданае гняздо. Але ён кажа, што здавацца не зьбіраецца.

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.