web analytics
Павал Левінаў працягвае выяўляць абсурднасьць рашэньня Віцебскага гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах » article » За правы чалавека

Павал Левінаў працягвае выяўляць абсурднасьць рашэньня Віцебскага гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах

31 October 2014 | admin |

Павал ЛевінаўПраваабаронца Павал Левінаў праінфармаваў Віцебскі гарвыканкам аб правядзеньні адзінаасобнага вулічнага шэсьця. У якасьці маршруту ён пазначыў дарогу ад свайго дому да крамы “Віцебскія прадукты”. І атрымаў пісьмовую забарону на падставе таго, што ня выканаў патрабаваньняў рашэньня гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”.

“Заяўка ў гарвыканкам была пададзеная, бо мой маршрут у краму праходзіць па тэрыторыі двух раёнаў – Кастрычніцкага і Першамайскага. А забарону я атрымаў, бо не заключыў дамоваў на абслугоўваньне маёй адзінаасобнай акцыі супрацоўнікамі міліцыі, паліклінікі і службы ЖКГ. Большы абсурд уявіць цяжка: гарвыканкам патрабуе, каб я ішоў у краму ў суправаджэньні міліцыянта, урача і дворніка зь мяцёлкай. Бо ў рашэньні гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску” гаворыцца, што заяўнікі, каб атрымаць дазвол на нейкую акцыю, мусяць разам з заяўкай падаваць і дамовы, заключаныя з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай, міліцыяй і прадпрыемствам ЖКГ. У той самы час гарадзкія ўлады прадэманстравалі і ўласнае няведаньне заканадаўства: каб акцыя лічылася масавым мерапрыемствам, у ёй павінны узяць удзел прынамсі 2 чалавекі. Я ж зьбіраўся ісьці адзін. Значыцца, маё шэсьце пад заканадаўства аб масавых акцыях не падпадае наогул”, – тлумачыць праваабаронца.

Павал Левінаў падрыхтаваў заяву ў суд наконт забароны адзінаасобнага шэсьця. Там напісана, што гарвыканкам парушае ягонае права на правядзеньне акцыяў. Праваабаронца лічыць, што патрабаваньні рашэньня гарвыканкаму №881 невыканальныя – адпаведна, трэба прадэманстраваць уладам абсурднасьць такіх дакумэнтаў:

“За апошнія 5 гадоў, з часу прыняцьця гэтага рашэньня, у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы мясцовых актывістаў. Бо міліцыя і паліклініка адмаўляюцца заключаць дамовы з заяўнікамі, спасылаючыся на розныя прычыны. Таму я імкнуся прадэманстраваць, што з такім падыходам пад парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах можна падвесьці ўсё што заўгодна, у тым ліку пэрсанальны паход у краму. Няхай віцебскія ўлады ведаюць, што іхныя высілкі выглядаюць сьмешна і не выклікаюць павагі ў грамадзян”.

Нагадаем, спроба давесьці сытуацыю з масавымі акцыямі да абсурду ўжо ня першая ў Паўла Левінава. Раней ён падаваў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністацыю, каб правесьці сход грамадзян у лазьні. Высьветлілася, і там зьбірацца кампаніямі нельга: праваабаронцу адказалі, што і ў гэтым выпадку трэба заключаць дамовы з мэдыкамі, супрацоўнікамі ЖКГ і міліцыяй.

Павал Левінаў перакананы, што ўмовы атрыманьня дазволу на масавыя мерапрыемствы ў Віцебску трэба мяняць, бо яны невыканальныя. Гэтую праблему спрабуюць вырашыць і віцебскія партыйцы – яны неаднаразова судзіліся за забароненыя акцыі, патрабавалі зьмяніць рашэньне віцебскага гарвыканкаму №881, зьвяртаючыся ў самыя розныя інстанцыі. Аднак адусюль адказваюць, што яно прайшло юрыдычную экспэртызу, унесенае ў рэестар прававых актаў, і таму нібыта абсалютна бездакорнае.

Паводле spring96.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.