web analytics
Скандальная справа па рэкордных прыпісках у беларускай малочцы скончылася правалам » article » За правы чалавека

Скандальная справа па рэкордных прыпісках у беларускай малочцы скончылася правалам

26 October 2014 | admin |

КаровыВярхоўны суд пакінуў у сіле апраўдальны прысуд, вынесены Віцебскім абласным судом наконт скандальнай крымінальнай справы дэпутата райсавету і дырэктара ААТ «Верхнядзьвінскі масласырзавод» Пятра Лаўрынова.

У сакавіку 2013 году пракуратура Віцебскай вобласьці распачала крымінальную справу ў дачыненьні да дырэктара ААТ «Верхнядзьвінскі масласырзавод», які таксама зьяўляўся дэпутатам райсавету. Справу перадалі для расьсьледаваньня ў Сьледчы камітэт, які ў выніку расьсьледаваньня прад’явіў народнаму дэпутату і дырэктару прадпрыемства абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле часткі 3 артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, якія пацягнулі цяжкія наступствы).

Паводле высноў сьледзтва, дырэктар ААТ «Верхнядзьвінскі масласырзавод» з траўня па жнівень 2010 году з асабістай зацікаўленасьці «пры відавочнай адсутнасьці мэтазгоднасьці і аб’ектыўнай неабходнасьці для узначаленага ім прадпрыемства з мэтай штучнага павелічэньня эканамічнага паказчыку тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасьці прадукцыі арганізаваў узаемную пастаўку малака паміж ААТ “Верхнядзьвінскі масласырзавод” і ААТ “Полацкі малочны камбінат”».

Як палічыла сьледзтва, апэрацыя была зладжаная праз сустрэчную адгрузку ў адрас ААТ «Полацкі малочны камбінат» атрыманага ад яго ж малака без фактычнай прыёмкі і адгрузкі. Гэта дало кіраўніку прадпрыемства магчымасьць завысіць аб’ёмы вытворчасьці прадукцыі на суму 4,3 мільярдаў рублёў (каля 1,5 мільёнаў даляраў паводле курсу на той час), чым масласырзаводу была нанесеная страта на суму каля 170 мільёнаў рублёў у выглядзе выдаткаў на аплату транспартных выдаткаў, неабгрунтаванага налічэньня і выплаты заработнай платы і прэміяў.

Матэрыялы крымінальнай справы адправілі ў Віцебскі абласны суд, але той нечакана для пракуратуры і Сьледчага камітэту вынес апраўдальны прысуд. Суд палічыў, што віна дырэктара заводу не даказаная, і прад’яўленыя падчас паседжаньня доказы ня могуць сьведчыць пра «наўмыснае, насуперак інтарэсам службы, учыненьне службовай асобай зь іншай асабістай зацікаўленасьці дзеяньняў з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, што пацягнула цяжкія наступствы». Суд адмовіў таксама ў задавальненьні грамадзянскага пазову ААТ «Верхнядзьвінскі масласырзавод» аб спагнаньні з дырэктара панесенай шкоды ў суме 169,7 мільёнаў рублёў.

Пракуратура прынесла пратэст датычна апраўдальнага прысуду, аднак Вярхоўны суд Беларусі, разгледзеўшы ўсе довады бакоў, вырашыў, што «насуперак довадам пратэсту ўся сукупнасьць дасьледаваных у судовым паседжаньні доказаў атрымала адпаведную ацэнку ў прысудзе». На падставе гэтага апраўдальны прысуд Віцебскага абласнога суду пакінуты ў сіле, а пратэст пракуратуры без задавальненьня.

Улічваючы рэкордны аб’ём прыпісак, якія інкрымінаваліся дырэктару ААТ «Верхнядзьвінскі масласырзавод», і рэдкасьць апраўдальных прысудаў у Беларусі, гэта адзін з найвялікшых правалаў у працы Сьледчага камітэту з моманту яго стварэньня. Правал, які вельмі добра дэманструе якасьць расьсьледаваньняў гэткага кшталту крымінальных спраў. У лужыну села і пракуратура Віцебскай вобласьці, якая ня толькі ініцыявала карупцыйны скандал, але і падтрымлівала ў судзе абвінавачваньне. Вось толькі пытаньне, ці панясе хто-небудзь за гэта адказнасьць і якія высновы з гэтай гісторыі зробяць праваахоўныя органы?

ej.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.