web analytics
У Воршы пачалі зачыняць пасутачны бізнэс » article » За правы чалавека

У Воршы пачалі зачыняць пасутачны бізнэс

31 July 2014 | admin |

Hazeta abviestakПытаньне закрыцьця пасутачнай арэнды жытла, якое яшчэ нядаўна гучала толькі для сталіцы, наўпрост закрануў рэгіёны. Так, спэцыялістам КУП «Воршакамгас» было даручана ўзмацніць кантроль за выкарыстаньнем жылых памяшканьняў. У выніку, прадпрымальнікам прапануюць два варыянты: альбо пераводзіць жытло ў нежылы фонд, альбо проста адмовіцца ад бізнэсу.

У рэдакцыю hata.by зьвярнулася прадпрымальнік з Воршы, якая займаецца здачай жытла ў кароткатэрміновую арэнду. Як высьветлілася, жанчыне патэлефанавалі зь мясцовага ЖЭА і, спасылаючыся на пастанову Савету Міністраў, дасланую ў рэгіёны Міністэрствам ЖКГ, паведамілі пра тое, што кватэру, якую яна здае ў посутачную арэнду, неабходна перавесьці ў нежылы фонд, альбо наогул адмовіцца ад гэтага віду дзейнасьці.

Нягледзячы на тое, што ў Менску спрэчкі пра закрыцьцё пасутачнага бізнэсу не сьціхаюць, а прадпрымальнікі стварылі асацыяцыю «Гасьціннасьць», якая змагаецца за іх правы, пытаньне ліквідацыі сутачнікаў для рэгіёнаў здаецца даўно вырашаным.

«Нават калі разважаць лягічна, гэта ўжо не жытло, а гатэль, - распавялі ў камгасе Воршы. - Атрымліваецца, што жылое памяшканьне выкарыстоўваецца не па прызначэньні, значыць, гэтыя памяшканьні трэба выводзіць са складу жылых і рэгістраваць як нежылыя, а выводзіць са складу жылых, паводле заканадаўства, можна толькі памяшканьні, разьмешчаныя на першым паверсе. Тэрмін, да якога прадпрымальнікам трэба перавесьці сваё жытло, не пазначылі, пакуль нам неабходна проста ўзмацніць кантроль за выкарыстаньнем жылых памяшканьняў. Мы павінны хадзіць, выяўляць, афармляць на адміністрацыйную камісію, а ім даручана пераводзіць у нежылы фонд. У адваротным выпадку трэба будзе зьмяніць сваю дзейнасьць і здаваць кватэры ў працяглую арэнду, а не на суткі».

Як паведамілі ў камунальнай гаспадарцы, такое рашэньне было прынятае ўжо даўно: «Цяпер нічога не абмяркоўваецца, гэтая пастанова ўжо прынята. Саветам Міністраў нам ужо дадзенае ўказаньне выяўляць. Ствараць камісію і прапаноўваць людзям пераводзіць жытло ў нежылы фонд”.

У гэты ж час у інспэкцыі па падатках і зборах Воршы лічаць, што ліст быў проста няправільна зразуметы ЖЭА і іншымі прадпрыемствамі: «У выканкам прыйшло тлумачэньне Міністэрства жыльлёвай гаспадаркі, якое потым адпісалі іншым ведамствам, - распавядае начальнік упраўленьня інспэкцыі Юры Каган. - Выканкам даў указаньне нашым ЖЭКам пакараць прадпрымальнікаў альбо перавесьці ў нежылы фонд. Я ня ведаю, чаму так атрымалася, нам самім тэлефанавалі з ЖЭА, пыталіся, але ў нас людзі як плацілі, так і працягваюць плаціць - гэты від падаткаабкладаньня не адменены».

hata.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.