web analytics
Пад Віцебскам разбурылі старажытнае гарадзішча » article » За правы чалавека

Пад Віцебскам разбурылі старажытнае гарадзішча

26 June 2014 | admin |

Razburennie haradziszczaПадчас будаўніцтва станцыі абезьзялезваньня каля Сялюцкага псыханэўралягічнага дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў быў часткова раскапаны пагорак, на якім знаходзіцца гарадзішча V стагодзьдзя да н.э. — V стагодзьдзя н.э. Гарадзішча ёсьць культурна-гістарычнай каштоўнасьцю Беларусі 3-й катэгорыі.

На пагорку, разьмешчаным на правым беразе ракі Лучоса каля вёсак Шапуры і Сялюты Віцебскага раёну, гарадзішча знайшлі ў 1956 годзе. Побач, на заходнім схіле пагорку, знаходзіцца датаванае I тысячагодзьдзем да н.э. селішча, якое таксама аб’яўленае культурна-гістарычнай каштоўнасьцю Беларусі 3-й катэгорыі.

У выніку земляных работ значную частку пагорку раскапалі, другая яго частка засыпаная адваламі вынятага грунту. Пры гэтым былі ўскрытыя пахаваньні, якія знаходзіліся тут, а косьці ў беспарадку параскіданыя па навакольнай тэрыторыі. Пры беглым аглядзе ўдалося разгледзець тры цэлыя чалавечыя чарапы, а таксама фрагмэнты яшчэ некалькіх, сьцегнавыя і галёначныя косьці, рэбры і фрагмэнты тазу. Таксама чалавечыя парэшткі бачныя на зрэзе пагорку.

Гарадзішча і селішча каля вёскі Шапуры ўнесеныя ў Праграму захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскага раёну на 2012—2015 гады, прынятую Віцебскім райсаветам 7 чэрвеня 2012 году. Вясной, паводле слоў мясцовых жыхароў, тут была ўсталяваная ахоўная дошка, што, зрэшты, не перашкодзіла разбурыць археалягічны помнік.

belsat.eu

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.