web analytics
Жыхары Глыбокага змагаюцца за вяртаньне ім права на правядзеньне мітынгаў і пікетаў » article » За правы чалавека

Жыхары Глыбокага змагаюцца за вяртаньне ім права на правядзеньне мітынгаў і пікетаў

17 June 2014 | admin |

Za svabodny pratestЧатыры дзясяткі жыхароў Глыбокага падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў, дзе выкладзеная просьба аб ініцыяваньні звароту ў Канстытуцыйны суд з мэтай ацэнкі рашэньня Глыбоцкага райвыканкаму №167 “Аб вызначэньні месцаў для правядзеньня мітынгаў і пікетаваньняў” на адпаведнасьць Асноўнаму закону.

“Можна было б сабраць болей подпісаў, але для нас было галоўным ня гэта. Мы хацелі накіраваць ліст у Саўмін, каб атрымаць рэакцыю на тое, што ў нашым Глыбокім адбываецца. Пасьля прыняцьця рашэньня райвыканкаму №167 ад 13.02.2012 г. у цяперашнім ягоным выглядзе нам не дазволілі ніводнай масавай акцыі. Хоць мы зьвярталіся з заяўкамі ў райвыканкам з кастрычніка мінулага году 5 ці 6 разоў”, – кажа глыбоцкі актывіст Зьміцер Лупач.

Першую, кастрычніцкую, адмову актывісты атрымалі таму, што ў рашэньне райвыканкаму ўносілі зьмены: былі зьмененыя месцы, вызначаныя мясцовымі ўладамі для правядзеньня масавых акцыяў. Але астатнія ўмовы засталіся ранейшымі, і менавіта празь іх масавую акцыю ў Глыбокім правесьці стала немагчыма, працягвае спадар Лупач:

“У рашэньні выканкаму №167 ёсьць пункт, згодна зь якім трэба разам з заяўкай падаваць копіі дамоваў на абслугоўваньне акцыі службамі ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай. Але без дазволу ўладаў ніхто не бярэцца заключаць такія дамовы. Атрымліваецца зачараванае кола, зь якога няма выйсьця. Таму ў лісьце ў Саўмін мы просім, каб адтуль ініцыявалі зварот і ў Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасьці рашэньня нашага выканкаму Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – галоўнаму дзяржаўнаму дакумэнту, дзе замацаваныя нашы правы”.

Зьміцер Лупач мяркуе, што глыбоцкія ўлады, складаючы тэкст рашэньня, узялі прыклад зь Віцебскага гарвыканкаму: там рашэньне, якое рэглямэнтуе парадак арганізацыі масавых акцыяў з пунктам пра папярэднія дамовы было прынятае яшчэ ў 2009 годзе.

Некалькі тыдняў таму віцебскія актывісты таксама даслалі калектыўны ліст у Савет Міністраў з мэтаю паўплываць на гарадзкія ўлады, каб тыя ўнесьлі ў рашэньне адпаведныя зьмены. Бо ў Віцебску не дазволена ніводнай вулічнай масавай акцыі з ініцыятывы актывістаў ужо цягам амаль пяці гадоў. Ранейшыя спробы схіліць гарвыканкам ды перагляду свайго рашэньня былі беспасьпяховымі: з усіх інстанцыяў актывістам адказвалі, што рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10.07.2009 г. прайшло юрыдычную экспэртызу, зацьверджанае, а, значыць, прызнанае дасканалым.

spring96.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.