web analytics
Пан Скіргайла Палянэцкі-Мацкевіч пазнаёміў віцебчукоў з батлейкай » article » За правы чалавека

Пан Скіргайла Палянэцкі-Мацкевіч пазнаёміў віцебчукоў з батлейкай

31 May 2014 | admin |

Skirhajla Palanecki-MackieviczЭўрапейскі клюб на вуліцы Сеньненскай наладзіў чарговую цікавую імпрэзу для зацікаўленых віцебчукоў. Цяпер гэта быў выступ менскага Тэатру пана Скіргайлы Палянэцкага-Мацкевіча. Уласна самому выступу папярэднічала грунтоўная дзьвюхгадзінная лекцыя пра гісторыю батлейкі, прыёмы маніпуляцыі нашае сьвядомасьцю, а таксама пра найбольш пашыраныя памылкі пры вырабе ўласных батлеек і лялек для іх.

Прапанаваныя ўвазе гледачоў лялькі і чароўная скрыня, дзе яны ажываюць, насамрэч уяўляюць сабой твор мастацтва, выраблены паводле канонаў нашых продкаў, якія, паводле сьцьверджаньня аўтара, былі людзьмі творчымі і таленавітымі, а ня груба-прымітыўнымі. Уражвае выкшталцонасьць невялікіх фігур цара Ірада, Стражніка, Прадказальніка і іншых кананічных пэрсанажаў, што разыгрывалі дужа асучасьнены варыянт батлеечнай дзеі.

Нягледзячы на пэўную зацягнутасьць відовішча, гледачы атрымалі задавальненьне і ад вострых досьціпаў, і ад дужа выразных пралёгу і эпілёгу зь Мядзьведзем-дударом і Цмокам, што дыхаў агнём. І, ведама, ад скрыпача, што суправаджаў усё дзеяньне музыкай: то ўзьнёслай, то шчымліва-пяшчотнай, то гіранічнай.

А падчас дзеяньня травеньскі вечар на вуліцы Сеньненскай перастаў патыхаць “камунальнымі пахамі”, і раптам атуліў гледачоў непаўторным водарам палыну.

Шкада толькі, што гледачоў для такой выдатнай імпрэзы назьбіралася ня дужа шмат: адшукаць Эўрапейскі клюб без навігатара ня так і проста. А на больш выгодную пляцоўку цара Ірада з пазнавальным кожнаму беларусу акцэнтам у Віцебску ня пусьцяць. Пакуль што.

Batlejka-1

Batlejka-2

Batlejka-3

Batlejka-4

Batlejka-5

news.vitebsk.cc

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.