web analytics
Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня: Разьвіцьцё АПК Віцебскай вобласьці тармозяць няякасныя кармы і нізкая падрыхтоўка кадраў » article » За правы чалавека

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня: Разьвіцьцё АПК Віцебскай вобласьці тармозяць няякасныя кармы і нізкая падрыхтоўка кадраў

31 May 2014 | admin |

Leanid ZajacНяякасныя кармы і нізкая прафэсійная падрыхтоўка кадраў не дазваляюць Віцебскай вобласьці дасягаць добрых эканамічных паказчыкаў у жывёлагадоўлі. Пра гэта заявіў у Віцебску міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Заяц (на фота), які 23 траўня ўзяў удзел у працы абласнога сэмінару па пытаньнях нарыхтоўкі кармоў.

Міністар падкрэсьліў, што ад посьпеху ў нарыхтоўцы кармоў залежыць далейшае разьвіцьцё галіны жывёлагадоўлі, якая ў сваю чаргу адыгрывае вызначальную ролю ў эканоміцы разьвіцьця сельскай гаспадаркі. “Напярэдадні корманарыхтоўкі мы праводзім вучобу кадраў, своеасаблівую працу над памылкамі, каб не паўтарыць іх зноў”, - сказаў Леанід Заяц, падкрэсьліўшы, што ў рэгіёне за апошнія гады вельмі шмат зроблена. Праведзеная мадэрнізацыя сотняў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, набылі новае аблічча фэрмы, палепшаная база грамадзкай жывёлагадоўлі.

“На гэтай базе можна мець больш важкія паказчыкі і ісьці наперад. На жаль, галоўнай перашкодай у правядзеньні далейшай мадэрнізацыі зьяўляецца адсутнасьць фінансавых сродкаў. А адсутнічаюць яны таму, што няма таварнай масы, няма аб’ёмаў вытворчасьці. І галоўная прычына такой сытуацыі - няякасныя кармы і нізкая прафэсійная падрыхтоўка кадраў “, - рэзюмаваў міністар і дадаў, што трэба паўсюдна пераходзіць на новыя тэхналёгіі, якія характэрныя для перадавых гаспадарак рэспублікі і даўно на ўзбраеньні эўрапейскіх дзяржаў. Зь іх дапамогай яны дэманструюць высокія паказчыкі разьвіцьця малочнай жывёлагадоўлі.

Паводле слоў міністра, спэцыялістам неабходна асьвяжыць у памяці тэхналягічныя падыходы і на практыцы рэалізоўваць свае веды. Дакладнае выкананьне тэхналёгіі павінна быць догмай і заканамернасьцю для ўсіх гаспадарак вобласьці. “Кожны - ад шараговага працаўніка да кіраўніка раёну - павінен пранікнуцца сур’ёзнай адказнасьцю за лёс свайго прадпрыемства і за разьвіцьцё адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў цэлым”, - перакананы Леанід Заяц.

Ён падкрэсьліў, што корманарыхтоўку неабходна правесьці ў аптымальныя тэрміны з максымальным клопатам пра якасьць. Толькі ў гэтым выпадку можна разьлічваць на станоўчы вынік. “Усе недаборы цялятаў, усё непрадуктыўная пагалоўе - гэта вынік недастатковай работы кадраў усіх узроўняў. Усе хібы, недахопы, якія выяўленыя ў выніку праверак, - гэта вынік нашай недастатковай работы ў кіраваньні і арганізацыі вытворчасьці. Па Віцебскай вобласьці гэта выліваецца ў 2,5 трыльёнаў рублёў страт”, - падкрэсьліў міністар.

У пацьверджаньне ўсяго сказанага ён прывёў адзін яскравы прыклад. “Як толькі статак перайшоў на шматгадовыя травы, дык мы атрымалі ўсплёск малака менавіта ў Віцебскай вобласьці. Нават тая карова, якая ўчора ў памяшканьні была непрадукцыйнай, сёньня дэманструе неблагія вынікі, - адзначыў Леанід Заяц. - Калі мы ня хочам паўтараць сваіх памылак і ня хочам набіваць шышкі на адным і тым жа месцы, неабходна карэнным чынам памяняць сваю сьвядомасьць. Тым больш, што практычна ў кожным раёне ёсьць прыклады эфэктыўнай працы гаспадарак. Яны маюць якасныя кармы, маюць прадукцыю, маюць фінансы. Што перашкаджае іншым? На гэтае пытаньне павінен адказаць кожны”.

БелТА

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.