web analytics
Будаўніцтва ў Барані міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва аказалася нечуванай авантурай » article » За правы чалавека

Будаўніцтва ў Барані міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва аказалася нечуванай авантурай

31 March 2014 | admin |

CEC u BaraniЖыхары Барані яшчэ добра памятаюць той бравурны аптымізм, які суправаджаў будоўлю стагодзьдзя ў Барані. Як жа! Будуецца міні-ЦЭЦ па самых перадавых тэхналёгіях, якая будзе выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва - торф з радовішча Усьвіж-Бук Талачынскага раёну.

Падрадчык будаўніцтва - вядомая аўстрыйская фірма «Цеплатэхнік». Заказчык - РУП «Віцебскэнэрга». Пра гэтую цуда-будоўлю распавядалі на радыё і тэлебачаньні, пісалі ў мясцовых і рэспубліканскіх газэтах. Ура! Ура! Ура!

І, нарэшце, станцыю пабудавалі і запусьцілі. І ад ранейшага аптымізму не засталося і сьледу. Аказалася, што так званыя «мясцовыя віды паліва», а прасьцей кажучы Усьвіж-Бускі торф не гарыць у катлах гэтай станцыі. Не гарыць - і ўсё тут. Зусім не гарыць. Сталі высьвятляць, у чым справа, і аказалася, што станцыя разьлічаная на зусім іншы гатунак торфу, зусім не падобны да Усьвіж-Бускага. Але нашы заказчыкі - г.зн. то самае РУП «Віцебскэнэрга» выдала аўстрыйцам хібныя характарыстыкі торфу. Пад гэтыя характарыстыкі тыя станцыю і пабудавалі, а ўжо потым высьветлілася, што характарыстыкі былі няправільныя.

Радовішча Усьвіж-Бук эксплёатуецца доўгія дзесяцігодзьдзі. Тыя пласты, якія распрацоўваліся гадоў 50 таму мелі адзін склад торфу. А тыя, якія здабываюцца цяпер - ужо зусім іншы. Сёньняшні торф мае меншую насычанасьць вугляродам, вышэйшую зольнасьць і г.д. Але гора-спэцыялістам зь «Віцебскэнэрга» і ў галаву не прыйшло, што варта было б зрабіць фізыка-хімічны аналіз торфу. Замест гэтага, яны перадалі дадзеныя паўвекавой даўнасьці. Гэта і аказалася катастрофай.

На вялікі жах нашых энэргетыкаў высьветлілася, што пад сёньняшні кшталт торфу пабудаваныя катлы нават немагчыма выправіць, ён патрабуе прынцыпова іншай тэхналёгіі спальваньня. Карацей, поўны прысуд.

Цяпер новая станцыя часова працуе на драўняных трэсках. Гэта - прадукт лесанарыхтоўчай вытворчасьці, але яго вырабляецца зусім недастаткова для паўнавартаснага функцыянаваньня такой станцыі.

Па віне РУП «Віцебскэнэрга» велізарныя сумы народных сродкаў аказаліся выкінутыя на вецер, змарнаваныя на будаўніцтва вельмі дарагога і, як высьветлілася, зусім бессэнсоўнага збудаваньня. Ці адкажа за гэта хто-небудзь?

Orsha.eu

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.