web analytics
Сын намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму папаўся на карупцыі? » article » За правы чалавека

Сын намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму папаўся на карупцыі?

29 January 2014 | admin |

 photo 11101804.jpgВядомая ў вузкім коле фірма «ТопЭўраБуд» атрымлівала ўсе заказы райвыканкаму на будаўнічыя працы. Праваахоўныя органы ў Воршы схапіліся за галаву, ледзь толькі першыя вынікі праверкі яе дзейнасьці выплылі на паверхню.

Як высьветлілася, фірма гэтая, з выгляду нічым не характэрная, якая ня мае ў горадзе ні офісу, ні юрыдычнага адрасу, якая не валодае ніводнай адзінкай тэхнікі, каб выконваць нават найпрасьцейшыя будаўнічыя работы, рэгулярна аказвалася пераможцам разнастайных тэндэраў у сфэры будаўнічых работ.

Чым патлумачыць такое шанцаваньне - незразумела. Некаторыя пагаворваюць, што ўсяму прычынай тое, што ўладальнікам вышэйзгаданай фірмы зьяўляецца Хурбатаў Андрэй Іванавіч - сын намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму Хурбатава Івана Ігнатавіча.

А тэндэры тыя выглядалі і зусім арыгінальна. Фірма аказвалася пераможцам, але быўшы ня ў стане выканаць працы, у якасьці субпадрадчыкаў прыцягвала іншыя будаўнічыя арганізацыі, якія таксама ўдзельнічалі ў тых жа самых тэндэрах, але іх чамусьці прайгравалі. У выніку сіламі кампаніяў, што прайгралі, ажыцьцяўлялася будаўніцтва, а грошы даставаліся фірме Хурбатава.

Праверка выявіла маштабныя факты завышэньня расцэнак, аб’ёмаў выкананых работ і правілаў ажыцьцяўленьня гаспадарчых апэрацыяў. Не дзіўна, што па выніках 2012-2013 гадоў на асабісты рахунак Хурбатава-малодшага паступіла ад дзейнасьці пасьпяховай фірмы больш за 3 мільярды рублёў заробку.

Дарэчы, а зарэгістраванае то самае ПВУП «ТопЭўраБуд» на хатні адрас у горадзе Менску, па якім пражывае… дачка Івана Хурбатава Галіна.

Як стала вядома, аршанскія чыноўнікі і кіраўніцтва вышэйстаячага Віцебскага аблвыканкаму зрабілі ўсё магчымае, каб схаваць вынікі бесстароньняе праверкі. Ніякіх вынікаў пра яе не прасачылася ў СМІ, маўчаць і прэс-службы Сьледчага камітэту, міліцыі, пракуратуры. Незалежныя назіральнікі схіляюцца да думкі, што хутчэй за ўсё справу паспрабуюць замяць.

Хартыя ‘97

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.