web analytics
Пракуратура Віцебскай вобласьці занялася прадпрыемствамі АПК » article » За правы чалавека

Пракуратура Віцебскай вобласьці занялася прадпрыемствамі АПК

29 January 2014 | admin |

Prakuratura Viciebskaj voblasciПракуратурай Віцебскай вобласьці выяўленыя парушэньні пры рэалізацыі праектаў па будаўніцтве, рэканструкцыі, мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэньні арганізацыяў аграпрамысловага комплексу. Як паведамляе Генэральная пракуратура, вынікі праведзеных органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праверак сьведчаць пра тое, што меры мясцовых органаў улады і сельгаспрадпрыемстваў не прывялі да выкананьня ў поўным аб’ёме мерапрыемстваў Рэспубліканскай праграмы разьвіцьця малочнай галіны ў 2010—2015 гадох і іншых дзяржпраграм па выніках 2013 году.

Устаноўлена, што пры вызначэньні патрэбы ў набыцьці тэхналягічнага абсталяваньня, сельгастэхнікі, будаўніцтве, рэканструкцыі і рамонце вытворчых аб’ектаў мясцовыя ўлады і сельгаспрадпрыемствы не ўлічвалі рэальнае фінансавае становішча і наяўнасьць свабодных грашовых сродкаў для выкананьня прадугледжаных праграмай мерапрыемстваў.

Праблемным пытаньнем зьяўляецца крэдытаваньне прадпрыемстваў АПК. У сувязі з наяўнай запазычанасьцю па раней выдадзеных крэдытах банкаўскія арганізацыі цяпер адмаўляюць сельгаспрадпрыемствам у выдачы крэдытных сродкаў на рэалізацыю праграмных мерапрыемстваў.

Дапускаюцца факты нямэтавага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў. Маюць месца парушэньні пры ўводзе аб’ектаў у эксплёатацыю. На большасьці прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу рэгіёну гаррайпракурорамі выяўленыя факты няякаснага выкананьня работ, невыкананьня тэрмінаў паставак будаўнічых матэрыялаў.

У шэрагу выпадкаў пры праектаваньні сучасных малочна-таварных комплексаў ня ўлічваюцца вэтэрынарна-санітарныя нормы (Верхнядзьвінскі, Полацкі, Мёрскі і іншыя раёны). Не забясьпечваюцца належная ахова будаўнічых аб’ектаў, захаванасьць таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў.

Нярэдка пры прыняцьці кіраўніцкіх рашэньняў, якія тычацца выбару аб’ектаў, што падлягаюць мадэрнізацыі, не даецца ўзважаная і дакладная ацэнка эканамічнай і фінансавай мэтазгоднасьці правядзеньня работ, што цягне нерацыянальнае выкарыстаньне матэрыяльных рэсурсаў.

Вывучэньне матэрыялаў праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасьці арганізацыяў АПК паказала, што галоўным фінансавым упраўленьнем Віцебскага аблвыканкаму кантроль за расходаваньнем прадпрыемствамі сродкаў мясцовых бюджэтаў належным чынам не ажыцьцяўляецца.

Адсутнасьць кантролю з боку мясцовых органаў улады за работай сельгасарганізацыяў стварае ўмовы для ўчыненьня карупцыйных злачынстваў. З пачатку 2013 году зарэгістравана 28 злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці, учыненых у сфэры сельскай гаспадаркі работнікамі сельгасарганізацыяў (Браслаўскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дубровенскі, Докшыцкі, Лепельскі, Лёзьненскі, Аршанскі, Полацкі, Талачынскі раёны).

БелаПАН

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.