web analytics
У вiцебскiм Цэнтры сучаснага мастацтва адбылася лекцыя Валянцiна Акудовiча «Лёс нацыянальных праектаў i пэрспэктыва глябалізацыі сьвету» » article » За правы чалавека

У вiцебскiм Цэнтры сучаснага мастацтва адбылася лекцыя Валянцiна Акудовiча «Лёс нацыянальных праектаў i пэрспэктыва глябалізацыі сьвету»

28 January 2014 | admin |

Valancin AkudoviczАдметны філёзаф і публіцыст разважаў аб праблематыцы захаваньня чалавечага статусу і зьвязаным зь ёю пошукам шляхоў нацыянальнай ідэнтычнасьці ў сучаснай глябалізацыйнай прасторы. Лекцыя адбылася ў рамках дзейнасьці Лятучага ўнівэрсытэту і ўваходзіла ў цыкл «Гораду і Сьвету».

Па ўсёй відавочнасьці, найбольш важкія задачы, якія выстаўляе Лятучы ўнівэрсытэт – гэта культываваньне самога працэсу мысьленьня ў нас у краіне і фармаваньне сапраўднай інтэлектуальнай эліты ў Беларусі. Гэта адбываецца ў той палітычны час, калі само мысьленьне не вітаецца і мэты нацыянальнай бюракратыі зьяўляюцца процілеглымі каштоўнасьцям сапраўднай эліты, якая знаходзіцца яшчэ толькі ў працэсе станаўленьня. А ў які гістарычны пэрыяд шматпакутлівай і заблытанай беларускай гісторыі было інакш? Таму адной з галоўных заўваг лектара ў самым пачатку было наступнае: «Мысьліць бывае страшна і яшчэ страшней гэта адчуваць…»

Аднак жа, страх бывае двух відаў: ён можа душыць волю, але і можа стаць шляхам да трансцэндэнцыі, як гэта адбылося ў выпадку з самім Валянцінам Акудовічам. Зусім нездарма ён распрацоўвае ўнікальную ў межах беларускамоўнай прасторы мэтафізыку адсутнасьці. Па вялікім рахунку, гэта сапраўды апошняе, пра што можна сказаць чалавечай мовай, і сам падыход да гэтай тэмы патрабуе філязофскай і чалавечай мужнасьці: «Мяне завабіла, зачаравала ня тое, што ёсьць, а тое, чаго няма. Мяне захапіла ваба «нішто», «адсутнасьці». Як гэта магчыма: ня быць? Што гэта: вэрбальны сімулякр, ці за гэтым стаіць нешта рэальнае?».

Можна сказаць, што ў рускамоўнай прасторы толькі, напэўна, Мікалай Бярдзяеў у поўнай меры ўсьведамляў глыбіню і жах гэтай тэмы, і знаходзіў у сабе мужнасьць яе дакладна распрацоўваць. А Павал Фларэнскі, сутыкнуўшыся з жахам Бездані, пасьпяшаўся ўцячы ўпрочкі, паставіўшы сваю праваслаўную ідэнтыфікацыю ў якасьці рэлігійнага шчыта. Дык што ўсьведамленьне глыбіні страху перад гранічнымі пытаньнямі, пастаўленымі чалавечым мысьленьнем, зьяўляецца зваротным бокам асабістай мужнасьці самога Валянціна Акудовіча.

Гэта і ня дзіўна. Бо ў нармальным выпадку чалавек, здольны праявіць інтэлектуальную сьмеласьць, зьяўляецца таксама і фізычна бясстрашным. Гэтае правіла як нельга лепш падыходзіць для асобы самога філёзафа. Справа ў тым, што Валянцін Акудовіч доўгія гады сур’ёзна займаўся горным турызмам, і гэты экстрэмальны від спорту аказаў значны ўплыў на фармаваньне яго асобы: «Я майстар спорту па горным турызьме. У тыя гадзіны глухога таталітарызму, горы – першыя, хто вучыў мяне свабодзе. Там я быў абсалютна вольны ад сыстэмы».

Таму мы бачым, як адзінства вышыні і глыбіні, праяўленае ў самім сымбалізьме гары (вяршыня і пячора), перайшло ад рэальнасьці вопыту спартыўнага ўзыходжаньня да інтэлектуальных пошукаў аўтара. На якіх асновах мы будзем будаваць нацыю? Ці будзе існаваць беларуская нацыя ў будучыні? Гэтыя, несумненна, высокія пытаньні, якія ўводзяць ўдалячынь інтэлектуальных гарызонтаў, суадносяцца з разуменьнем сацыяльнай і мэтафізычнай «адсутнасьці» трывалых форм нацыянальнай ідэнтыфікацыі: «На гэтай зямлі не маглі сфармавацца інcтытуты нацыянальнай самасьвядомасьці. У нас ніколі не было сваёй краіны, як сваёй. і толькі ў 1991 годзе гэта здарылася, была трошкі беларусізацыя, якая скончылася чарговай катастрофай…»

Пытаньні, пастаўленыя філёзафам, былі перанесеныя на абмеркаваньне лекцыйнага матэрыялу ў фармаце свабоднай дыскусіі. Паводле слоў самога Валянціна Акудовіча, «мысьленьне ўзьнікае, калі ёсьць нязгода». Такім чынам, прысутныя маглі абмеркаваць асноўныя тэзысы, прадстаўленыя лектарам. Асноўнай тэмай другой часткі заняткаў была праблематыка захаваньня чалавечага статусу асобы ў прасторы глябальнага соцыюму. І тут асноватворнай думкай, сфармуляванай аўтарам лекцыі, стала значнасьць нацыянальнага фактару для захаваньня гэтай чалавечай ідэнтыфікацыі: «Нацыянальнае – выратаваньне для тых, хто хоча мець на галаве карону».

Сымбалізм кароны складаецца ў наяўнасьці духоўнага, каштоўнаснага статусу чалавечай істоты, «зьзяньні інтэлекту», што ўзыходзіць да Лёгаса, і ажыцьцяўленьні духоўнай эвалюцыі. Валянцін Акудовіч падкрэсьліў нарастальнае панаваньне спажывецкіх каштоўнасьцяў у сучаснай глябалізацыйнай прасторы. Гэтая прастора растварае сутнасныя характарыстыкі чалавека, зьмяняецца яго тып. Як адзначыў філёзаф, «час вялікіх ідэялягічных канцэптаў скончыўся». Тым ня менш гэткі стан спраў не зьяўляецца прысудам для ідэі нацыі: «Бясконцая прастора ня ўтульная. Мабыць, могуць зьявіцца і іншыя ўтульнасьці».

На працягу лекцыі і абмеркаваньня зададзенай тэмы Валянцін Акудовіч падкрэсьліваў, што яго тэзысы не абмяжоўваюцца якой-небудзь з зараз існуючых палітычных ці ідэалягічных арыентацыяў. У цяперашні час яны могуць толькі абмяжоўваць свабоду думкі. Нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў заключаецца зусім ня толькі ў накіраванасьці да мінулага, гэта праект стварэньня будучыні, які застаецца адкрытым для рэфлексіі і творчага пошуку.

Віцебскі кур’ер

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.