web analytics
Суполка незалежнага прафсаюзу выставіла свае патрабаваньні «Нафтану» » article » За правы чалавека

Суполка незалежнага прафсаюзу выставіла свае патрабаваньні «Нафтану»

28 January 2014 | admin |

Kanferencyja piarszouki BNP15 студзеня адбылася пазачарговая канфэрэнцыя першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, работнікаў ААТ «Нафтан». Прычынай скліканьня канфэрэнцыі стала сытуацыя, якая склалася з узгадненьнем рэдакцыі праекту калектыўнай дамовы, прапанаванай да падпісаньня на 2014-2017 гады.

Справа ў тым, што ў камісіі па фармаваньні калдамовы ўдзельнічалі і адміністрацыя прадпрыемства (з боку наймальніка), і прадстаўнікі ад Белхімпрафсаюзу і БНП (з боку прафсаюзаў). Праца вялася плённа і па-дзелавому, а прысутнасьць на камісіі прадстаўніка ад Незалежнага прафсаюзу пад сумнеў ня ставілася ніводным з бакоў. Але толькі да таго моманту, калі сталі абмяркоўваць права подпісу дакумэнту (калдамовы). Вось тады і пачаліся прыдзіркі наконт легітымнасьці незалежнага прафсаюзу.

Незалежны прафсаюз аказаўся вышэй за непартнэрскія паводзіны «калегаў прафсаюзьнікаў», і з прычыны сваёй меншай колькасьці сяброў прафсаюзу пагадзіўся на кампраміс і гатовы быў дэлегаваць права подпісу прадстаўніку больш буйной прафсаюзнай арганізацыі, але з умовай, што Незалежны прафсаюз абараняе сваіх сяброў прафсаюзу згодна з калектыўнай дамовай гэтаксама, як і Белхімпрафсаюз сваіх.

Але Белхімпрафсаюз прапанаваў такі варыянт калектыўнай дамовы, у якім незалежны прафсаюз ня згадваецца. Згодна з прапановай Белхімпрафсаюзу, калектыўная дамова мусіла быць заключанай паміж прадпрыемствам у асобе яго генэральнага дырэктара і работнікамі, «ад імя якіх выступае Першасная арганізацыя ААТ “Нафтан” Беларускага прафэсійнага саюзу работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галінаў прамысловасьці, у асобе старшыні Прафкаму Першаснай арганізацыі ААТ “Нафтан” Белхімпрафсаюзу Рагоўскай Вольгі Сяргееўны».

З такой рэдакцыяй калектыўнай дамовы незалежны прафсаюз, натуральна, ня мог пагадзіцца, але Белхімпрафсаюз стаяў на сваім. Старшыню выканаўчага бюро незалежнага прафсаюзу нічога не заставалася рабіць, як скласьці пратакол рознагалосьсяў і ўступіць у працоўную спрэчку з наймальнікам.

Для гэтага прыйшлося склікаць пазачарговую канфэрэнцыю, дзе пастанавілі накіраваць наймальніку патрабаваньне аб заключэньні асобнай калектыўнай дамовы паміж наймальнікам (ААТ «Нафтан») і работнікамі ААТ «Нафтан» - сябрамі Беларускага Незалежнага прафсаюзу ў асобе іх прадстаўнічага органу - першаснай арганізацыі. Прагаласавалі - аднагалосна.

Гэтай канфэрэнцыі магло б і ня быць, калі б Белхімпрафсаюз быў хоць крышачку дэмакратычнай арганізацыяй. Але цяпер незалежнаы прафсаюз мае шанец правесьці перамовы і заключыць з наймальнікам калектыўную дамову безь Белхімпрафсаюзу.

Паводле belnp.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.