web analytics
Віцебскія ўлады пачулі праваабаронцу » article » За правы чалавека

Віцебскія ўлады пачулі праваабаронцу

24 January 2014 | admin |

Leanid SviecikКаб станоўча адрэагаваць на прапанову Леаніда Сьвеціка, уладам Віцебску спатрэбіўся амаль цэлы год. Але ў выніку праблемы, зьвязаныя зь бясьпекай жыхароў некалькіх двароў, на якія праваабаронца зьвярнуў увагу чыноўнікаў выканкаму, вырашаныя.

Леанід Сьвецік накіраваў свой зварот у Віцебскі гарвыканкам яшчэ напрыканцы 2012 году. У той час у дварох дамоў №№ 1, 1a і 3 па вуліцы Леніна ішло будаўніцтва вочнай клінікі. У сувязі з будаўніцтвам, на прылеглай тэрыторыі ўзрос рух транспарту, і праваабаронца прапанаваў уладам зрабіць шэраг захадаў, каб засьцерагчы жыхароў ад узрослай небясьпекі.

У прыватнасьці, прапанавалася арганізаваць асьвятленьне ў згаданых дварох ў цёмны час сутак, паставіць дарожны знак «Асьцярожна, дзеці» на ўездзе ў гэтыя двары з боку вуліцы Хмяльніцкага, усталяваць «ляжачага паліцыянта» ля ўваходнай брамкі дзіцячага садка, што знаходзіцца паблізу, ды зрабіць непраезнай арку дому № 1a па вуліцы Леніна.

Чыноўнікі гарвыканкаму прызналі слушнасьць аргумэнтаў Леаніда Сьвеціка і накіравалі распараджэньні адпаведным арганізацыям, каб рэалізаваць яго прапановы. Але спатрэбіўся час. Тым ня менш вынік ёсьць: «Гарсьвятло» паставіла ліхтары ў дварох, на дарозе ля дзіцячага садку № 36 зьявіўся элемэнт прымусовага зьніжэньня хуткасьці, а побач даішнікі ўсталявалі знак «Асьцярожна, дзеці».

Такім чынам, маем прыклад таго, як неабыякавасьць грамадзяніна спрычынілася да вырашэньня лякальных праблемаў жыхароў. Гэта паказвае, што ня варта заплюшчваць вочы на гэткія праблемы: актыўнасьць грамадзян сапраўды можа зьмяніць навакольле ды зрабіць жыцьцё кожнага з нас больш камфортным і бясьпечным.

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.