web analytics
На Віцебшчыне зьявіцца новая чыноўніцкая структура » article » За правы чалавека

На Віцебшчыне зьявіцца новая чыноўніцкая структура

30 November 2013 | admin |

CzynounikiПры Віцебскім аблвыканкаме будзе створаны Савет па вонкавай рэкляме. Такое рашэньне прыняў 28 лістапада на паседжаньні Віцебскага аблвыканкаму ягоны старшыня Аляксандар Косінец падчас разгляду пытаньня пра стан вонкавай рэклямы на тэрыторыі рэгіёну і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Цяперашні стан вонкавай рэклямы ў Віцебску і райцэнтрах вобласьці Аляксандар Косінец раскрытыкаваў.

“Няма сыстэмы арганізацыі, кіраваньня і выразнага кантролю ў гэтай сфэры, усё робіцца хаатычна. Выкананьне вонкавай рэклямы нізкай якасьці, адсутнічае яе рэгулярнае абнаўленьне”, - канстатаваў губэрнатар, адзначыўшы, што і даходы ў вобласьць гэты від дзейнасьці ў цяперашні час прыносіць нязначныя. Між тым паступленьні ў бюджэт у гэтай сфэры, на ягоную думку, могуць быць досыць высокімі. Аднак для гэтага неабходныя эканамічныя разьлікі, бізнэс-пляны і ўцямная стратэгія.

У сувязі з гэтым Аляксандар Косінец даручыў стварыць Савет па рэкляме пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Алега Мацкевіча і распрацаваць эфэктыўную праграму разьвіцьця вонкавай рэклямы. Апроч таго, у кожным горадзе і раёне вобласьці павінны функцыянаваць дырэкцыі па вонкавай рэкляме, якія будуць займацца яе разьвіцьцём на месцах.

БелТА

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.