web analytics
Віцебскі “Чырвоны Крыж” заступіцца за пажылых людзей » article » За правы чалавека

Віцебскі “Чырвоны Крыж” заступіцца за пажылых людзей

28 November 2013 | admin |

Bielaruski Czyrvony KryzАдпраўным пунктам рэалізацыі новага сумеснага праекту Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэньні магчымасьцяў пажылых людзей у прыняцьці рашэньняў па пытаньнях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцьці грамадзтва стане круглы стол, які адбудзецца 29 лістапада ў Віцебску. Пра гэта паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

У працы круглага стала возьмуць удзел прадстаўнікі БТЧК, камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне, упраўленьняў аховы здароўя, ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкаму, намесьнікі старшыняў райвыканкамаў, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва раёнаў, дзе дзейнічаюць ініцыятыўныя групы пажылых людзей.

Будуць абмяркоўвацца пытаньні сацыяльнай актыўнасьці пажылых людзей, пройдзе прэзэнтацыя досьведу работы ініцыятыўных груп з актыўным удзелам пажылых ў жыцьці супольнасьцяў (у Віцебскай вобласьці дзейнічаюць 20 такіх груп), плянуецца таксама вызначыць напрамкі ўзаемадзеяньня зацікаўленых бакоў.

Новы сумесны праект БТЧК і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэньні магчымасьцяў пажылых людзей у прыняцьці рашэньняў па пытаньнях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцьці грамадзтва стартаваў у Беларусі сёлета. Ён разьлічаны да сакавіка 2015 году і рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Эўрапейскай камісіі, Аўстрыйскага агенцтва па разьвіцьці, Швэйцарскага і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа. Праектнай дзейнасьцю плянуецца ахапіць Менскую, Віцебскую, Гарадзенскую і Берасьцейскую вобласьці.

Асноўнымі задачамі новага праекту зьяўляецца высьвятленьне патрэбаў беларускіх пэнсіянэраў, зьвязаных зь іх самарэалізацыяй і задавальненьнем сацыяльных патрэб (мяркуецца правесьці спэцыяльнае сацыялягічнае дасьледаваньне); дапамога ў падтрымцы ўжо існуючых і фармаваньне новых ініцыятыўных груп; праца зь дзяржаўнымі органамі ўлады, інфармаваньне іх аб патрэбах пажылых людзей; распрацоўка рэспубліканскай інтэрнэт-пляцформы для пажылых, на якой будзе разьмяшчацца карысная і актуальная для гэтай часткі грамадзтва інфармацыя, а таксама адмысловыя відэгульні, якія навучаюць асваеньню інтэрнэт-прасторы.

БелТА

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.