web analytics
Галоўурач Віцебскай псыхлякарні: Мы не трымаем Ігара Пастнова ў турме. Мы яго лечым » article » За правы чалавека

Галоўурач Віцебскай псыхлякарні: Мы не трымаем Ігара Пастнова ў турме. Мы яго лечым

30 August 2013 | admin |

Prapuskny punkt u Viciebskuju psychlakarniuКарэспандэнту TUT.BY ўдалося пабываць у Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі і пагутарыць з галоўным лекарам гэтай мэдычнай установы Аленай Мартынавай. Ігар Пастноў праходзіць лячэньне ва ўмовах псыхіятрычнага стацыянару з асаблівым рэжымам назіраньня. Ён ляжыць у аддзяленьні № 2, якое носіць назву “першага псыхатыпічнага эпізоду”. Уваход у гэтае аддзяленьне адразу ж зачыняецца на ключ - пасьля таго , як туды нехта ўвойдзе ці выйдзе.

” Усе дзеяньні ў дачыненьні да Ігара Аляксеевіча чыняцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і паводле мэдычных паказаньняў. Ён кансультаваны камісіяй лекараў-псыхіятраў, супрацоўнікамі катэдры псыхіятрыі і наркалёгіі. Яго дыягназ лечыцца ў адпаведнасьці з пратаколамі, зацьверджанымі Міністэрствам аховы здароўя. Запэўніваю, што да яго прымяняецца найбольш мяккі мэтад лячэньня”, - адзначыла Алена Мартынава.

- Алена Валер’еўна, многіх людзей зьдзіўляе адзін момант у гэтай сытуацыі: як лекар, які сам пакутуе на псыхічнае захворваньне, мог лячыць іншых людзей?

- Ігар Аляксеевіч у нашым цэнтры працуе зь лютага. Яго пасада - лекар псыхіятар-нарколяг ў аддзяленьні сацыяльнай рэабілітацыі. У яго функцыянальныя абавязкі ўваходзіла псыхаадукацыйная праца з пацыентамі. То бок, гэта аповед пацыентам пра іх захворваньне. Ніякіх мэдыкамэнтаў ён нікому не прызначаў, дыягназаў ня ставіў і ніякіх экспэртных рашэньняў не прымаў.

- Ёсьць меркаваньне, што доктар Пастноў трапіў у псыхлячэбніцу з-за таго, што ўвесь час крытыкаваў уладу.

- Уладу ён крытыкуе вельмі даўно. Ён пачаў гэта рабіць задоўга да таго, як Віцебскую вобласьць ўзначаліў яе цяперашні кіраўнік. Але ў цяперашні момант, калі пастноў трапіў у поле зроку адмыслоўцаў, высьветлілася , што гэта зусім ніякай сувязі з уладай ня мае.

- А як вы пракамэнтуеце заяву доктара Пастнова наконт таго, што на вуліцах Віцебску, паводле яго слоў, “пачкамі” адлоўлівалі бамжоў і прывозілі іх на прымусовае лячэньне ад алькаголю?

- У Віцебскай вобласьці надаецца вялікая ўвага праблеме, якая тычыцца асоб бяз пэўнага месца жыхарства. Ёсьць праграма па пераадоленьні гэтай сацыяльнай зьявы, сілы ўладаў накіраваныя на выкараненьне гэтай зьявы. Хаця, мабыць, цалкам выкараніць яе немагчыма. Як гэта адбываецца? У пэўны час усе структуры надаюць увагу менавіта гэтай катэгорыі грамадзян. Яны выяўляюцца і ў межах мерапрыемстваў прафіляктыкі правапарушэньняў, і ў межах дыспансэрызацыі, і ў межах дзяржпраграмы па барацьбе з п’янствам і алькагалізмам. Знаходзіць іх міліцыя. А далей зь імі працуе група лекараў - дэрматавэнэроляг, фтызыятар, тэрапэўт, псыхіятар-нарколяг. Дзейнічаюць санпрапускнік, пульмаскан і гэтак далей. Людзей масава абсьледуюць. Гэта значыць, яны запрашаюцца на лячэньне, назавем гэта так. Чалавеку прапануюць: “Вам неабходна прайсьці абсьледаваньне”. І яны ўсе згодныя. Тым, хто мае праблемы нашага профілю, прапануецца шпіталізацыя ў наш цэнтар. І гэтыя пацыенты праходзілі ў нас лячэньне ад алькагольнай залежнасьці толькі зь іх добраахвотнага згоды. Тых, хто не хацеў, мы ніколі ня бралі.

- То бок, гэта выдумка, пра “пачкі бамжоў”?

- Чыстая выдумка. Прычым доктар Пастноў гэта потым прызнаў сам. Ён заявіў, што гэта былі ягоныя фантазіі.

У гэты момант галоўны лекар адкрывае тоўстую тэчку, якая ляжыць у яе на працоўным стале, і зачытвае адтуль :

- Вось ён піша: “Я памыляўся з-за адсутнасьці інфармацыі” .

- А чаму ў дачыненьні да Пастнова пачалі ўжываць лячэбныя працэдуры да таго, як ён змог падаць касацыю на рашэньне раённага суду?

- У рашэньні суду напісана : “Рашэньне ў частцы прымяненьня прымусовай шпіталізацыі і лячэньня падлягае неадкладнаму выкананьню, але ў цэлым можа быць абскарджанае і апратэставаное ў Віцебскі абласны суд праз суд Віцебскага раёну на працягу 10 дзён”. Мы не трымаем Ігара Пастнова ў турме. Калі чалавек хварэе, яго трэба лячыць. І, чым раней распачатае лячэньне, тым лепш вынік. Тут няма ніякіх палітычных матываў. У нас 550 хворых. І Ігар Аляксеевіч - такі самы звычайны пацыент, як усе астатнія. Але да яго праяўляецца зусім неабгрунтаваная ўвага. Дарэчы, яму неаднаразова прапаноўвалася добраахвотнае лячэньне. Але ён адмаўляўся. Таму мы былі вымушаныя дзейнічаць у рамках закону.

З размовы з Аленай Мартынавай стала вядома, што нядаўна ў доктара Пастнова зьявіўся сваяк - яго стрыечны брат Сяргей Балваненка. І ён цяпер выступае ў якасьці яго даверанай асобы - гэтаксама, як праваабаронцы і адвакат. Адзначым, што раней у прэсе паведамлялася, што маці Пастнова памерла, а іншых блізкіх сваякоў ён ня мае.

Адзначым таксама, што 28 жніўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International распаўсюдзіла адмысловую заяву пра Ігара Пастнова пра тое, што гатовая прызнаць яго вязьнем сумленьня.

tut.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.