web analytics
Суды Віцебску разгледзяць чарговыя скаргі на чыноўнікаў, якія забаранілі пікеты » article » За правы чалавека

Суды Віцебску разгледзяць чарговыя скаргі на чыноўнікаў, якія забаранілі пікеты

25 June 2013 | admin |

SudТры заяўкі на адзіночныя пікеты – тры забароны на іх правядзеньне. Гэтак сьцісла можна апісаць гісторыю нядаўніх зносін віцебчука Віктара Жаркова з раённымі адміністрацыямі гораду над Дзьвіной. Цяпер Віктар Жаркоў падаў скаргі на чыноўнікаў, якія пазбавілі яго магчымасьці праінфармаваць жыхароў пра парушэньне ягоных правоў з боку міліцыянтаў, у суды ўсіх трох раёнаў Віцебску.

Шанцы, што суды задаволяць згаданыя скаргі, зьяўляюцца мізэрнымі. Цягам апошніх некалькіх гадоў судзьдзі Віцебску разгледзелі нямала падобных скаргаў, пададзеных мясцовымі актывістамі, і яшчэ ні разу не прызналі, што забараніўшы тое ці іншае мерапрыемства, улады парушылі чые-небудзь правы.

Права на мірныя сходы і права на распаўсюд інфармацыі ды свабоднае выказваньне сваіх думак гарантуецца Канстытуцыяй і міжнароднымі забавязаньнямі, узятымі на сябе Рэспублікай Беларусь. Але віцебскі гарвыканкам вынайшаў спосаб, як пазбавіць грамадзян гэтых правоў. У 2009 годзе было прынятае рашэньне гарвыканкаму № 881, згодна зь якім каб атрымаць дазвол на акцыю, якая ладзіцца без удзелу ўладаў, арганізатарам неабходна сьпярша заключыць дамовы на яе абслугоўваньне з мэдыкамі, міліцыяй і службай ЖКГ.

З моманту ўступленьня ў сілу рашэньня № 881 своечасова заключыць усе неабходныя дамовы не ўдалося яшчэ нікому. Невыкананьне гэтага рашэньня – традыцыйная прычына забароны масавых мерапрыемстваў у Віцебску. На гэтай падставе забаранілі і пікет, які хацеў зладзіць Віктар Жаркоў. Будзе цудам, калі ён здолее пераканаць судзьдзю, што рашэньне мясцовых уладаў, якое дэ-факта робіць немагчымым скарыстацца са сваіх правоў, ня можа быць вышэй за канстытуцыю і агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права. Але, мабыць, якраз цяпер надышоў час на цуды, якія зрэдку ўсё ж здараюцца ў жыцьці?..

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.