web analytics
Забойцу 20-гадовага віцебскага таксіста далі 23 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму » article » За правы чалавека

Забойцу 20-гадовага віцебскага таксіста далі 23 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму

21 June 2013 | admin |

Alaksiej KraskoВіцебскі абласны суд 20 чэрвеня вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе - аб забойстве ў верасьні 2012 году работніка МНС Аляксея Краско (на фота), які ў вольны ад асноўнай працы час падпрацоўваў таксістам. Паводле вэрдыкту судзьдзі Валянціны Буевай абвінавачаны ў гэтым злачынстве 42-гадовы беспрацоўны жыхар Віцебску прыгавораны да 23 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, паведамілі ў сэктары па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду.

Падсудны прызнаны вінаватым па ўсіх чатырох інкрымінаваных яму артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: п.12 ч. 2 арт. 139 - “Забойства з карысьлівых памкненьняў”, ч. 3 арт. 207 - “Разбой”, ч. 2. арт. 295 - “Незаконны выраб паляўнiчай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі”, арт. 214 - “Угон транспартнага сродку”. Паседжаньні суду па гэтай справе праходзілі адкрыта. Пракурор Аляксей Талкачоў прасіў прызначыць абвінавачанаму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 25 гадоў, адвакат Дзяніс Ястрабаў прасіў апраўдаць яго падабароннага за недаказанасьцю яго віны ў забойстве і разбоі. Прысуд у законную сілу не ўступіў, падсудны можа скарыстацца сваім правам падаць касацыйную скаргу.

Нагадаем, забойства Аляксея Краско адбылося ўвечары 12 верасьня 2012 году ў Віцебску. Яго цела з агнястрэльным раненьнем у шыю было знойдзенае раніцай 13 верасьня ў таксі на стаянцы ў мікрараёне Поўдзень-7. Забойца маладога чалавека выкраў зь яго машыны грошы, мабільны тэлефон і GPS-навігатар. Злачынства атрымала вялікі грамадзкі рэзананс. Дапамога міліцыі ў вышуку падазраванага ў забойстве аказвалі гараджане і многія віцебскія таксісты.

tut.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.