web analytics
Павал Севярынец: Расеі варта падзякаваць Беларусі за мову і асьвету » article » За правы чалавека

Павал Севярынец: Расеі варта падзякаваць Беларусі за мову і асьвету

21 June 2013 | admin |

Paval SieviaryniecБеларусь цягам некалькіх стагодзьдзяў культурна і духоўна адукоўвала Расею. Пра гэта нагадаў палітвязень Павал Севярынец, камэнтуючы заяву Лукашэнкі аб тым, што беларусы належаць да расейскай культуры і цывілізацыі: «Безумоўна, частка гістарычнай праўды тут ёсьць. Вельмі шмат этнічных беларусаў зрабілі свой унёсак у расейскую літаратуру».

«Гэта факт яшчэ з часоў Сімяона Полацкага, які быў выхавальнікам у царскіх дзяцей. Далей, вельмі вядомыя пісьменьнікі, сярод якіх Дастаеўскі і Грыбаедаў, што паходзілі зь беларускага роду. Але з гэтага не вынікае, што Беларусь належыць да расейскай цывілізацыі. Вялікае княства Літоўскае было апанэнтам Масквы ў аб’яднаньні славянскіх зямель. З тых часоў беларуская літаратурная мова была больш разьвітая, распрацаваная і перадавая, расейская мова якраз на ёй і ўзбагацілася», - адзначыў палітык.

Ён падкрэсьліў, што калі ў Беларусі існавала больш за 150 друкарняў, у Расеі было толькі дзьве, і адна зь іх беларуская: «Дастаткова ўспомніць той факт, што беларус Францішак Скарына надрукаваў Біблію ў 1517 годзе, а ў Расеі першадрукары - беларусы Іван Фёдараў і Фёдар Мсьціславец надрукавалі Біблію амаль праз 50 гадоў - у 1564 г. Дарэчы, гэтую друкаваную Біблію пасьля спалілі, а першадрукароў выгналі. Наогул Масковія ў XVI стагодзьдзі была краінай цемрашальства. Таму, калі і казаць пра нешта, то пра ўзаемны ўплыў. Беларуская мова шмат чаго дала для разьвіцьця расейскай мовы. Культурнай і духоўнай місіяй Беларусі была асьвета Расеі, якая тады была дзікім усходам, культура і элемэнты цывілізацыі ішлі ў Расею ў асноўным празь Беларусь», - заявіў Павел Севярынец.

Нагадаем, 20 чэрвеня перад удзельнікамі Сусьветнага кангрэсу расейскай прэсы, які адкрыўся ў Менску, выступіў Аляксандар Лукашэнка. «Расейская мова стварыла вялікую расейскую культуру, якая таксама зьяўляецца здабыткам шмат якіх народаў і да якой, калі браць паняцьце расейскай культуры і цывілізацыі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, належым усе мы», - заявіў ён.

Хартыя ‘97

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.