web analytics
«Расейская грамадзкасьць Віцебску» выступіла супраць князя Альгерда » article » За правы чалавека

«Расейская грамадзкасьць Віцебску» выступіла супраць князя Альгерда

28 April 2013 | admin |

Prajekt pomniku kniaziu AlherduПраз 5 гадоў пасьля прапановы абласной адміністрацыі ўсталяваць у Віцебску помнік князю Альгерду раптам актывізавалася «расейская грамадзкасьць» — прынятае рашэньне зьвярнуцца да ўладаў, каб гэтага помніку не было. «Расейская грамадзкасьць», якая пратэстуе супраць усталяваньня помніку князю Альгерду — гэта «актывісты шэрагу арганізацыяў расейскіх суайчыньнікаў, прадстаўнікоў палітычных партыяў, казацтва, праваслаўнай грамадзкасьці і вэтэранаў вайны ў Афганістане», перадае агенцтва REGNUM.

Князя Альгерда яны лічаць «літоўскім князем, знакамітым найперш уціскам і забойствамі яго праваслаўных сучасьнікаў, зьдзяйсьненьнямі шматлікіх вайсковых паходаў на Маскву». Таму вырашана зьвярнуцца да ўладаў, якія нібыта падтрымалі ініцыятыву, «высунутую ідэйнымі апанэнтамі». Бо «ўсталёўка гэтага помніку напярэдадні правядзеньня фэстывалю „Славянскі базар у Віцебску“ прывядзе толькі да пагаршэньня іміджу Беларусі ў Расеі».

Крытычныя заўвагі наконт усталёўкі помніка князю Альгерду ад імя «расейскай грамадзкасьці Віцебску» зьявіліся пасьля таго, як была абвешчаная канкрэтная дата яго адкрыцьця — 26 чэрвеня 2013 году, гэта традыцыйны «Дзень гораду», прымеркаваны да ўгодкаў вызваленьня Віцебску падчас Вялікай Айчыннай вайны (26 чэрвеня 1944 г.).

Між тым, помнік князю Альгерду мусілі ўсталяваць у Дзень гораду яшчэ ў 2012 годзе. Тады вялося пра ўстаноўку і яшчэ двух помнікаў у Віцебску — легендарнай княгіні Вользе і Аляксандру Неўскаму. Аднак яшчэ падчас абмеркаваньня праектаў помнікаў віцебская грамадзкасьць не падтрымала ідэю ўшанаваньня апошніх двух асобаў: Аляксандар Неўскі ня мае наўпроставага дачыненьня да гісторыі гораду, а княгіня Вольга зьяўляецца заснавальніцай Віцебску толькі паводле адной зь легендаў, якая, да ўсяго, супярэчыць рэальным гістарычным фактам.

Такім чынам, быў зацьверджаны толькі помнік князю Альгерду, сыну вялікага князя літоўскага Гедыміна, які пабраўся з дачкой віцебскага князя Яраслава і стаў ягоным наступнікам. І той праект некалькі разоў дапрацоўваўся, перш чым увасобіцца ў жыцьцё.

Для помніку ўжо зроблены пастамэнт — насупраць Уваскрасенскай царквы. І цяпер гэта — адзін з галоўных аргумэнтаў «расейскай грамадзкасьці»: агенцтва REGNUM паведамляе нават пра наяўнасьць нейкіх дакумэнтаў, «якія сьведчаць пра адмоўнае стаўленьне Беларускай праваслаўнай царквы да плянаў віцебскіх уладаў». Затое ўсталяваньне помнікаў Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе вітаецца «расейскай грамадзкасьцю», але рэалізацыя гэтых плянаў нібыта была «адкладзеная віцебскімі ўладамі на няпэўны тэрмін пад ціскам празаходняй апазыцыі».

Абмеркаваньне пратэсту «расейскай грамадзкасьці актыўна вядзецца на інтэрнэт-сайце «Народныя навіны Віцебска». Аўтары допісаў згадваюць, што нядаўняе ўсталяваньне помніка былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II на месцы загубы вуніяцкага сьвятара, сьвятога Язафата Кунцэвіча ўвогуле праводзілася без аніякага абмеркаваньня грамадзкасьцю. А некаторыя лічаць, што зварот «расейскай грамадзкасьці» можа стацца падставай для таго, каб віцебскія ўлады адмовіліся ад ідэі ўсталяваньня помніка князю Альгерду, - дарэчы, падтрыманай колькі год таму і Аляксандрам Лукашэнкам.

Радыё Свабода

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.