web analytics
Міністэрства ўнутраных спраў адмовіла віцебскім актывістам у задавальненьні іх просьбы » article » За правы чалавека

Міністэрства ўнутраных спраў адмовіла віцебскім актывістам у задавальненьні іх просьбы

28 March 2013 | admin |

Ministerstva unutranych sprauКіраўнік абласной структуры руху “За cвабоду” Хрыстафор Жаляпаў зьвярнуўся ў МУС, калі атрымаў ад віцебскіх міліцыянтаў чарговую адмову на абслугоўваньне масавай акцыі. Паводле адпаведнага рашэньня гарвыканкаму, дазвол на акцыі можна атрымаць, толькі маючы такія дамовы: “Нам напісалі зь міліцэйскай управы, што дамову заключаць толькі пасьля таго, як мы атрымаем дазвол зь Першамайскай раённай адміністрацыі. А ў раённай адміністрацыі патрабуюць дамову ад пачатку”.

“Так сфармуляванае рашэньне гарвыканкаму №881 “Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску”: спачатку дамовы на абслугоўваньне, інакш пра дазвол ня будзе і гаворкі. Усё гэта я падрабязна напісаў у Міністэрства ўнутраных справаў. Маўляў, віцебскія міліцыянты парушаюць рашэньне гарвыканкаму. А ў адказ прыходзяць 5 сказаў: “Не, міліцыянты зрабілі ўсё слушна, парушэньняў заканадаўства няма”, – тлумачыць Хрыстафор Жаляпаў.

Ён разам з Аляксеем Гаўруцікавым, аднапартыйцам Мікалая Статкевіча, ужо судзіўся зь першай гарадзкой паліклінікай за адмову ад супрацоўніцтва. Галоўны ўрач таксама ня стаў заключаць дамову з актывістамі, а Кастрычніцкі райсуд вырашыў, што і тут усе слушна – што ўстановы самі вырашаюць, ці хочуць яны заключаць дамовы на абслугоўваньне, ці не.

Такім чынам, і суд, і Міністэрства ўнутраных справаў ускосна пацьвердзілі, што патрабаваньняў гарвыканкаму актывістам ня выканаць ніколі. І іхнае права на публічнае выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі так і застанецца нерэалізаваным.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.