web analytics
Гарадоцкі актывіст рыхтуе скаргу на міліцыянтаў » article » За правы чалавека

Гарадоцкі актывіст рыхтуе скаргу на міліцыянтаў

28 March 2013 | admin |

Leanid HaravyСябар Беларускай асацыяцыі журналістаў з Гарадка Леанід Гаравы прыяжджаў 25 сакавіка на суд да віцебскіх актывістаў Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС забаранілі спадару Гаравому рабіць фотаздымкі.

“Я хацеў зрабіць некалькі кадраў да пачатку судовага працэсу, бо ведаю, што падчас суду гэтага рабіць нельга. На дазвол судзьдзі спадзявацца не выпадала, але я не чакаў, што да мяне кінецца супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віцебску, які назваўся Міхаілам Мядзьведзевым. Ён абурыўся, што я нібыта фатаграфую яго, потым заявіў, што ў будынку суду наогул здымаць забаронена. (Дзіўна, што гэта казаў міліцыянт, а не работнікі суду.) Увогуле ж ніякіх папярэджаньняў пра забарону нідзе бачна не было”, – распавёў Леанід Гаравы. Ён патлумачыў супрацоўніку, што зьяўляецца сябрам ГА “БАЖ”. Але міліцыянт сказаў, што “ў сапраўднага журналіста мусіць быць бэйджык”, а інакш і размаўляць няма пра што.

Леанід Гаравы адзначыў і яшчэ адну акалічнасьць: калі судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Іна Грабоўская папярэдзіла, што ў залі нельга праводзіць фота- і відэаздымкі, усе паслухмяна схавалі свае фотаапараты і камэры. Апрача прадстаўніка МУС у цывільным, які працягваў рабіць відэаздымкі. Судзьдзя ня ведала, хто гэты чалавек, таму загадала яму як парушальніку пакінуць залю суду. Міліцыянт падаўся да выхаду, але яго калегі патлумачылі судзьдзі, што гэта “іхны чалавек”. І відэаапэратар застаўся ў залі, ды яшчэ пэрыядычна здымаў тое, што лічыў патрэбным.

Спадар Гаравы напісаў скаргу на адрас старшыні суду, бо дзеяньні судзьдзі Грабоўскай, якая не пярэчыла здымкам міліцыянта і забараніла гэта рабіць іншым, ён расцаніў як праявы дыскрымінацыі паводле прафэсійнай прыкметы.

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.